Футбольныя гарызонты Стаса Балецкага

У госці да Стаса Балецкага, дзесяцікласніка Ра­дзеж­скай СШ, мы наведаліся якраз у дзень яго нараджэння. Юнаку споўнілася 16 гадоў. А гэта ўзрост мар і надзей, узрост пошуку сябе і сваёй сцяжынкі ў жыцці.
Станіслаў, як расказваюць пра яго ў школе, вучань старанны. Асабліва цікавіць яго замежная мова. І даецца яна хлопцу добра, ды і сам ён зацікаўлены ў больш глыбокім яе вывучэнні. А таму і поспехаў дабіваецца. На раённай алімпіядзе па нямецкай мове заняў Стас другое месца, што, безумоўна, вельмі парадавала і яго самога, і ўвогуле школу.
Між іншым, Стас не толькі добры вучань, але яшчэ і спартсмен. Хоць не наведвае ён спецыяльныя спартыўныя секцыі, але заняткі на ўроках фізкультуры і самастойныя трэніроўкі разам з закладзенымі ў яго прыродай спартыўнымі здольнасцямі дапамагаюць юнаку перамагаць на спаборніцтвах. Нядаўна ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, якія праводзіліся на базе спартыўнага комплексу “Жамчужына”, у кросе на 3 тысячы метраў заняў юнак першае месца.
З маленства Станіслаў разам з іншай вясковай дзетварой любіў паганяць мяч. Многія з яго равеснікаў, пасталеўшы, больш зацікавіліся камп’ютарам, а ён і цяпер пасля школьных заняткаў ахвотна бяжыць на школьны стадыён, каб набыць зарад бадзёрасці ў футбольным матчы, атрымаць асалоду ад забітага гола.
Вось ужо амаль год Станіслаў Балецкі кожны вечар сам праводзіць для сябе лёгкаатлетычныя трэніроўкі. Калі атрымліваецца, займаецца гадзіну, калі не хапае часу — хоць паўгадзіны. Спачатку размінаецца, потым прабягае пэўныя дыстанцыі і абавязкова хоць некалькі хвілін аддае заняткам на турніку.
— Гэта і цікава, і карысна, — заўважае Стас, — тым больш, што ўрокаў фізкультуры ў школе зусім мала, усяго два на тыдзень.
Актыўна займацца спортам Станіслаў пачаў невыпадкова. Хоць пакуль яшчэ ён толькі вызначаецца з выбарам прафесіі, але ўжо сур’ёзна задумваецца над тым, каб звязаць сваё жыццё са спортам. Больш за ўсё ён марыць удасканаліць сваё футбольнае майстэрства і трапіць у футбольную каманду.
— Я адчуваю, што футбольная гульня ў мяне атрымліваецца неяк сама па сабе, — прызнаецца юнак. — Я нават 500 разоў магу мячык нагою набіць.
Але адшліфоўваць свае першапачатковыя навыкі юны футбаліст можа толькі ў гульні ў футбол з іншымі вясковымі юнакамі. Школа нават не можа стварыць сваю футбольную каманду, каб удзельнічаць у футбольных матчах з камандамі іншых школ, бо няма неабходнай колькасці футбалістаў. А наведваць трэніроўкі ў спартыўнай школе ў Маларыце – вялікая праблема, бо з аддаленай вёскі Радзеж дабрацца пасля школьных заняткаў у райцэнтр і потым вярнуцца дамоў – няпроста. І ўсё ж Станістаў не адчайваецца, бо верыць, што яго спартыўныя дасягненні яшчэ наперадзе, галоўнае толькі — рыхтавацца да паступлення і падтрымліваць сябе ў спартыўнай форме.
— У спартсмена, звычайна, жыццё распісана па хвілінах і абавязкова захоўваецца рэжым. А як распара­джаешся сваім часам ты? – пытаюся ў Стаса.
— Пасля школы я найперш сядаю за ўрокі, у 18 гадзін бягу на стадыён, пасля спартыўных заняткаў іду дамоў і дапамагаю бацькам.
— У пераважнай большасці твае равеснікі аддаюць перавагу камп’ютару. Няўжо апошні цябе не цікавіць?
— Чаму ж не. Можна ўвечары нейкую гадзіну правесці і за камп’ютарам. Яшчэ я вельмі люблю глядзець футбольныя матчы па тэлевізары. Назіраючы за гульнёй, можна многаму павучыцца.
Для таго, каб нечага дабіцца ў спорце, лічыць Станіслаў, трэба мець вялікую сілу волі, шмат трэніравацца. А яшчэ, упэўнены ён, неабходна ўмець дабівацца ўсяго самастойна, бо спартыўныя дасягненні залежаць толькі ад настойлівасці самога спарт­смена.
НА ЗДЫМКУ: Станіслаў Балецкі.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Автошины

www.lkredit.com.ua

kover-samolet.com.ua