З падарункамі ад Чырвонага Крыжа

У Міжнародны дзень Чырвонага Крыжа валанцёры з атрада “Міласэрнасць” СШ № 2 разам са старшынёй раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Зояй Алесік адправіліся ў Велікарыцкую бальніцу сястрынскага догляду. Яны ведалі, што іх чакаюць тут 20 адзінокіх састарэлых жыхароў раёна, якія, апынуўшыся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, знайшлі ў бальніцы часовы прытулак. Для пажылых людзей, у кожнага з якіх свой лёс, сваё доўгае, багатае на падзеі жыццё, свае радасці і свае пакуты, хлопчыкі і дзяўчынкі з валанцёрскага атрада падрыхтавалі вялікую канцэртную праграму. Пад акампанемент гітары яны дарылі пенсіянерам песні іх маладосці, чыталі вершы, гаварылі цёплыя словы падзякі за тое, што ваеннае пакаленне змагло пераадолець усе цяжкасці ліхалецця і адстаяць мір і спакой для сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў.
А потым была шчырая размова пра жыццё, пра тыя праблемы, якія немінуча прыносіць чалавеку старасць, пра той клопат, які адчувае кожны, для каго бальніца сястрынскага догляду, з яе чулым і клапатлівым персаналам, стала на пэўны час цёплым домам.
Ад раённай арга­нізацыі Чырвонага Крыжа кожны з пацыентаў Велікарыцкай бальніцы атрымаў падарунак. Тых, хто не змог падняцца з ложка, каб разам з іншымі паўдзельнічаць у сустрэчы, валанцёры наведалі ў палатах, парадаваўшы іх не толькі падарункамі, але і сваёй ўвагай.
Гэтая сустрэча – толькі пачатак шматлікіх мерапрыемстваў, якія пройдуць у раёне ў час месячніка Чырвонага Крыжа, які па традыцыі праводзіцца ў маі. У час гутарак, конкурсаў і гульняў, якія пройдуць у розных калектывах, у кожнага будзе магчымасць падрабязна пазнаёміцца з дзейнасцю таварыства Чырвонага Крыжа. А многія малазабяспечаныя мнагадзетныя і няпоўныя сем’і атрымаюць гуманітарную дапамогу.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час наведання Велікарыцкай бальніцы сястрынскага догляду.
Фота аўтара.

Опубликовано 16.05.2012 г.

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua/

www.progressive.ua

https://best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!