ПАКУЛЬ МЫ ПОМНІМ — МЫ ЖЫВЕМ

У самай страшнай і жорсткай вайне, Вялікай Айчыннай, найбольш пацярпела Беларусь, дзе загінуў кожны трэці. Таму не дзіўна, што амаль у кожным населеным пункце сёння можна ўбачыць помнікі, узведзеныя як даніна памяці пра тых, хто стаў ахвярай фашызму. І наша задача – захаваць гэтыя помнікі.
У нашым раёне налічваецца 57 воінскіх захаванняў, 31 знаходзіцца на ўліку ў дзяржавы, гэта значыць ахоўваецца дзяржавай.
Доўгі час за магілай, дзе пакоіцца прах 9 мірных жыхароў, расстраляных фашыстамі за в. Субаты, што ў Чарнянскім сельсавеце, даглядала жыхарка Субат Надзея Іосіфаўна Вакульская.
Вярнуўшыся дамоў пасля вызвалення, а ў гады вайны яна апынулася на прымусовых работах у Германіі, замест 23 вясковых хат жанчына ўбачыла папялішча. Вёска была знішчана фашыстамі ў кастрычніку 1942 года. А ад знаёмых даведалася, што ў ліку 9 жыхароў, якія загінулі ад рук нелюдзяў, трое яе стрыечных сясцёр і брат з сям’і Сідуноў. Тут жа, разам з імі, фашысты расстралялі сям’ю Міхаіла і Аляксандры Селівонец, у якіх было трое дзяцей.
Тры гады таму назад памагатым Надзеі Іосіфаўны стаў Уладзімір Талашка, прадпрымальнік, якога ў нашым горадзе ведаюць перш за ўсё як чалавека добрай душы, які не пройдзе ля чужога гора, які прагне рабіць дабро. А такія людзі, як вядома, ніколі не лічацца ні з асабістым часам, ні з грашовымі сродкамі. Не шкадуе іх Уладзімір для таго, каб набыць нямогламу інваліду каляску ці артапедычны матрац, абутак, ложак, знаходзіць час і магчымасць, каб маральна і матэрыяльна падтрымаць бацькоў, у якіх хворае дзіця, ці адзінокага чалавека, якому няма больш каму дапамагчы, альбо проста зрабіць прыемнае інвалідам, аформіўшы падпіску, напрыклад, на раённую газету.
Па ініцыятыве Уладзіміра Талашкі на магіле ў Субатах была прачышчана і падсыпана шчэбенем дарожка, пафарбавана агароджа, устаноўлена мемарыяльная пліта з указаннем прозвішчаў і імён усіх, хто загінуў.
Пастаянна Уладзімір і яго падначаленыя прыязджаюць на магілу, сочаць за парадкам.
Пабывалі яны, а таксама прадстаўнікі мясцовай улады, СВК на памятным месцы і напярэдадні Дня Перамогі. Усклалі кветкі, вянкі, ушанавалі памяць пра загінуўшых хвілінай маўчання.
…Па дарозе дамоў Уладзімір Георгіевіч прызнаўся, што ў яго ёсць жаданне ўзяць шэфства і над іншымі памятнымі месцамі, якіх у Чарнянскім сельсавеце – 9. І падзяліўся, што быў бы вельмі рады, каб яго добрую ініцыятыву падтрымаў кожны з прадпрымальнікаў нашага раёна.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: шэфы разам з Надзеяй ВАКУЛЬСКАЙ, прадстаўнікамі мясцовай улады і СВК ля магілы загінуўшых.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано 19.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


у нас

also best-cooler.reviews

top-obzor.com/obzor-huawei-p10-plus/