Моцнае сэрца — доўгае жыццё

У цэнтральнай раённай аптэцы прайшла другая частка рэспубліканскай акцыі “Беражы здароўе замалада, прайдзі міма інфаркту і інсульту”. Акцыю праводзілі работнікі цэнтральнай раённай аптэкі сумесна са спецыялістамі райбальніцы. Галоўнай мэтай гэтай часткі акцыі было выяўленне людзей, якія маюць сардэчна-сасудзістыя захворванні. Таму ўсе жадаючыя наведвальнікі аптэкі маглі здаць кроў, каб вызначыць узровень утрымання цукру і адразу ж даведацца вынік, а таксама мелі магчымасць змераць ціск і атрымаць парады ад спецыялістаў. Кансультацыі можна было атрымаць ад урача-кардыёлага Аксаны Леановіч і ад урача-валеолага Вольгі Кавалеўскай. Як адзначыла Вольга Кавалеўская, сардэчна-сасудзістыя захворванні патрэбна выяўляць як мага раней. “Галоўная мэта нашай сённяшняй акцыі, — гаварыла Вольга Рыгораўна, — гэта выяўленне сардэчна-сасудзістых захворванняў і асабліва ў моладзі, таму што маладыя людзі, на жаль, не надаюць належнай увагі свайму здароўю. А аб гэтым патрэбна памятаць заўжды. Зберагчы сэрца і сасуды ад заўчаснага зношвання дапаможа выкананне шасці асноўных правілаў: харчавання, руху, душэўнай раўнавагі, выключэнне тытуню і алкаголю, назіранне за артэрыяльным ціскам, кантраляванне ўзроўню халестэрыну і цукру ў крыві. Прытрымліваючыся гэтых правілаў, вы дапамагаеце свайму сэрцу”.
Сэрца працуе без стомы ўсё наша жыццё, перапампоўваючы кроў, і дастаўляе да ўсіх органаў і тканак арганізма карысныя рэчывы і кісларод. Кожную хвіліну яно скарачаецца 70-80 разоў, таму работу сэрца сапраўды можна назваць тытанічнай. Дык давайце знойдзем хвіліну і падумаем аб сваім сэрцы, а значыць і аб сваім здароўі.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час акцыі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано 19.05.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!