ВЯСЕННІ КУБАК – У ГІМНАЗІСТАЎ

Шмат цікавых і запамінальных свят прайшло ў раёне гэтай вясной. Адным з самых яркіх стала вясенняя гульня школьнай лігі КВЗ.
Другая па ліку ў гэтым годзе гульня сабрала самых смелых, творчых і , вядома, вясёлых хлопцаў і дзяўчат не толькі з горада, але і з вёсак раёна. Чатыры школьныя каманды змагаліся за кубак і смех гледачоў. Але, на жаль, у зале ГДК засталося шмат свабодных месцаў, а тыя гледачы, што прыйшлі паглядзець выступленне каманд, былі не вельмі актыўнымі.
Тры конкурсы: візітка, “біятлон” і хатняе заданне былі аб’яднаны тэмай кнігі. Першымі на сцэну выйшлі вучні СШ № 1 — “Дзеці Маларыты”. Былі ў іх і смешныя жарты, і не вельмі. Каманда аб’яднала дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, а таму, калі нешта было і не так, ім можна было гэта дараваць.
Другімі паспрабаваць развесяліць гледачоў, асмеліліся гімназісты — “Пакаленне П”. Іх выступленне хоць і не было бясспрэчна ўдалым, але ж адпавядала тэме гульні.
Трэцімі са сваёй візіткай выйшлі ўладальнікі асенняга кубка школьнай лігі – дарапеевіцкія школьнікі. Каманда “Фіеста” ўжо з самага пачатку вырашыла здзівіць журы і гледачоў. Выступленне яе пачалося з харэаграфічнага нумара. А затым у залу паляцелі адзін за адным жарты.
Замыкаць першы этап конкурснай праграмы давялося “Моцнаму арэшку” з вёскі Арэхава. Удзельнікі каманды, па ўсім было відаць, вельмі хваляваліся, але нельга было не ацаніць іх старанне.
Другая конкурсная праграма, якая насіла назву “Біятлон”, выдалася больш цікавай. Першымі пакінулі “поле бою” каманды “Пакаленне П” і “Дзеці Маларыты”. У далейшай “бітве жартаў” перамагла каманда “Фіеста”.
Конкурс “Хатняе заданне” быў падобным на праграму “Аншлаг”. Многія жарты даводзілася ўжо чуць раней, а таму так і хацелася сказаць: “Давайце будзем больш арыгінальнымі, пачнем прыдумваць жарты самі, бо пачутае не раз раней, ужо не выклікае смех”.
Першае месца ў гульні заняла каманда раённай гімназіі. Яна набрала 10,3 балы. На другое месца выйшлі дарапеевіцкія школьнікі (9,8 бала). Трэцімі і чацвёртымі былі адпаведна каманды з Арэхава і СШ № 1.
Таксама журы вызначыла самага лепшага акцёра. Ім стаў Эдзік Мамчур (Дарапеевіцкая СШ). Ён не толькі самы прыкметны з усіх удзельнікаў (яго рост складае больш за 2 метры), але ж і адзін з самых вясёлых.
Усе каманды атрымалі салодкія прызы ад раённага камітэта ГА “БРСМ”і раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК .
Стараліся зрабіць цікавым конкурс не толькі каманды. Добра справіліся са сваёй работай рэжысёр гульні Вольга Бярчук і вядучы Арцём Віткалаў.
Застаецца толькі дадаць, што ўсе мы будзем з нецярплівасцю чакаць наступных (асенніх) гульняў. Спадзяемся, павесяліцца разам з самымі вясёлымі і знаходлівымі выкажуць жаданне больш гледачоў.
Дзяніс ТРАЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час выступлення.
Фота аўтара.

Опубликовано 23.05.2012 г.

ВЯСЕННІ КУБАК – У ГІМНАЗІСТАЎ: 2 комментария

  • 14.06.2012 в 10:48 дп
    Permalink

    ужасно написано,всех раскритиковали.

  • 07.07.2012 в 2:33 пп
    Permalink

    Да уж,не понравилось как мы выиграли,мог бы вообще не писать

Добавить комментарий


www.velotime.com.ua

посмотреть
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!