«Усё пачынаецца з любві…»

…Яе параўноўваюць з караблём, які, узяўшы правільны курс, не баіцца штормаў і хутка бяжыць па хвалях, пераадольваючы сотні міль; з домам, які трымаецца на моцным фундаменце, і разбураецца па цаглінках, калі не мае трывалай асновы; з маленькай дзяржавай, у якой існуюць свае строгія законы. Яе называюць “гаванню”, “прычалам”, “крэпасцю”, “надзейным астраўком”. Яна дорыць цеплыню, упэўненасць, любоў і завецца вельмі проста — сям’я. Гэтае, знаёмае кожнаму з самага маленства слова, як напомніла, адкрываючы святочны вечар, прысвечаны Дню сям’і, які праходзіў 15 мая ў ГДК, вядучая праграмы Вольга Табачкоўская, складаецца з дзвюх частак — “сем” і “я” і сімвалізуе адзінства.
Хоць сем’і нечым падобныя адна на адну, але адшукаць дзве аднолькавыя проста немагчыма. Кожная з іх па-свойму цікавая і асаблівая. Пераканацца ў гэтым мог кожны з удзельнікаў свята “Мой дом – мая крэпасць”.
Хто лепш ведае сакрэты сямейнага шчасця, як не тыя, хто пражыў разам не два, не тры і нават не пяць, а цэлых шэсць дзясяткаў гадоў. Дзмітрый Яўстафавіч Кацёл і Марыя Сямёнаўна Капусціна пажаніліся ў маі 1952 года. Разам пераадольвалі цяжкасці пасляваеннага жыцця, старанна працавалі, гадавалі, не шкадуючы бацькоўскай цеплыні, дзвюх дочак, якія падарылі ім унукаў і ўжо нават праўнучка. Самым пачэсным гасцям святочнага вечара — брыльянтавым юбілярам — прысвячаліся песні, а вядучая Вольга Табачкоўская старалася выведаць рэцэпт сямейнага дабрабыту. Ён аказаўся простым: умець уступаць адзін аднаму. Прычым, як не пабаяўся прызнацца Дзмітрый Яўстафавіч, уступіць у канфліктнай сітуацыі, падпарадкоўваючыся жонцы, заўжды стараўся ён. А Марыя Сямёнаўна і жартам, і ўсур’ёз дабавіла: “Я заўжды была пагранічнікам сваёй сям’і. Стаяла на варце сямейнага шчасця”.
Эстафета знаёмства ад сям’і з багатым вопытам перайшла да маладой. Стаж сямейнага жыцця Алены і Андрэя Міцукоў крыху больш за адзін год. І хоць не паспелі яны яшчэ разам “пуд солі з’есці”, але ўжо добра ведаюць, што такое сямейныя клопаты, бо паўгода назад сталі бацькамі – у іх нарадзілася дачушка Віталіна. Пазнаёміліся Алена і Андрэй, калі былі яшчэ падлеткамі. Іх звязала адно на дваіх захапленне – музыка. Прайшлі гады. Кожны з іх атрымаў адукацыю. Трывала стаўшы на ногі, Андрэй і Алена вырашылі стварыць сям’ю.
— Сям’я – гэта тое, дзеля чаго хочацца жыць, працаваць, — адзначаў, адказваючы на пытанні вядучай, Андрэй. Ён упэўнена заявіў, што хоча, каб у іх была вялікая, дружная сям’я, і прыкладзе ўсе намаганні, каб быць для сваіх дзяцей добрым прыкладам.
Толькі тая сям’я сапраўды шчаслівая і багатая, якую не абмінуў бусел. Менавіта гэтую міралюбівую птушку – своеасаблівы сімвал Беларусі — арганізатары святочнай сустрэчы зрабілі мастацкім вобразам свята, падарыўшы ўсім гасцям маленькіх буслікаў з паперы. А вось у дом Аксаны і Віктара Ярмалюкоў шчодры бусел залятаў не раз. І кожны раз прыносіў сыночка альбо дачушку. Стас, Зарана, Ксюша і Росцік – падарункі лёсу Аксане і Віктару за іх вернасць, веру і шчырае каханне. З 14 гадоў сямейнага жыцця самымі складанымі, як шчыра прызнавалася, расказваючы пра сваю сям’ю, Аксана Ярмалюк, былі тыя гады, калі адносіны ад узроўню пачуццяў, мар і надзей перайшлі на ўзровень рэальнага знаёмства з характарамі абаіх. Навучыцца прымаць адзін аднаго такім, які ён ёсць, і лічыць мнагадзетная маці галоўным залогам сямейнага шчасця. Віктар, які ва ўсім падтрымлівае Аксану, важнай акалічнасцю сямейнага дабрабыту лічыць захаванне сямейных традыцый. Для яго галоўная задача: навучыць дзяцей цаніць тое, што закладзена ў сям’і.
У кожнага чалавека сваё ўспрыняцце шчасця. Для некага яно ў багатым жыцці, для некага – у кар’ернай вышыні. Для Алены і Уладзіміра Бойкаў з вёскі Заор’е, якія таксама сталі гасцямі святочнай праграмы, шчасце ў тым, каб дарыць радасць. Іх сям’я мае статус прыёмнай. А гэта значыць, што бацькоўскай любві і клопату Алены і Уладзіміра хапіла не толькі на сваіх дзяцей Андрэя і Марыну, але і на тых, якія па розных прычынах засталіся без сям’і. Дом Бойкаў стаў родным для двух хлопчыкаў Артура і Ільі. Цяпер у іх вялікая дружная сям’я, у якой умеюць прыслухоўвацца да іншых, цэняць тое, што ёсць.
А вось Алену Мікалаеўну і Мікалая Сцяпанавіча Кухарчукоў на святочны вечар запрасілі, як сям’ю працавітую, у якой ужо два пакаленні складаюць працоўную дынастыю работнікаў кансервавагародніна­сушыльнага камбіната. Работа на адным прадпрыемстве, як дзяліліся Алена Мікалаеўна і Мікалай Сцяпанавіч, заўжды была яшчэ адной трывалай нітачкай, якая моцна звязвала сям’ю. Сваю працавітаць Кухарчукі стараліся перадаць дзецям. Яны для бацькоў – галоўнае багацце. Не могуць нарадавацца дзядуля і бабуля двум унукам, якія таксама, спа­дзяюцца, вырастуць добрымі, працавітымі людзьмі.
Напэўна, ніхто не будзе аспрэчваць, што асаблівую гармонію сям’і надае агульнае захапленне. У сям’і Дваракоўскіх гэта чытанне кніг. Таццяна і Сяргей аддаюць свайму захапленню кожную вольную хвіліну, з дзяцінства зацікавілі кнігамі і часопісамі сваіх дзяцей. Расказваючы пра сям’ю, якая найбольш чытае, дырэктар раённай бібліятэкі Надзея Курдзюк адзначыла, што Таццяна Дваракоўская, як лепшы чытач бібліятэкі, нядаўна пабывала на сустрэчы з губернатарам вобласці Канстанцінам Сумарам. А вось Марына і Вячаслаў Бабуры, як і тры іх дачкі, аб’яднаны спортам. Менавіта спорт некалі пазнаёміў Марыну і Вячаслава. Актыўныя і пазітыўныя, яны і сёння ахвотна выхо­дзяць на спартыўную пляцоўку і, калі нехта ўдзельнічае ў спаборніцтвах, усёй сям’ёй “хварэюць” за сваіх.
Ёсць агульнае на ўсіх захапленне і ў сям’і Барысюкоў. Тут усе: і мама з татам – Вікторыя і Аляксандр, і дзеці – Аляксей і Соня — любяць песню. Яны спяваюць і дома, і на сцэне. У тым, што ў Барысюкоў гэта цудоўна атрымліваецца, маглі пераканацца ўсе ўдзельнікі сустрэчы.
Кожная запрошаная на свята сям’я атрымала сувеніры і падарункі. А яшчэ гасцей віталі і віншавалі са святам намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк, дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Мікалай Мішчанка, благачынны цэркваў раёна Віктар Паляціла, прадстаўнік раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Надзея Кухцей.
Шмат цікавай інфармацыі пра дэмаграфічную сітуацыю ў раёне пачарпнулі госці вечара з выступленняў спецыяліста аддзела ЗАГС Людмілы Гарбацэвіч і ўрача-гінеколага Таісіі Чуйко. Музычнымі нумарамі радавалі ўсіх Вольга Бярчук, Алена Жлукта, Анатоль Барысюк, Эдуард Пішчык, Яўгенія Наўрасюк, Ксенія Табачкоўская і дзіцячыя вакальныя ансамблі “Іскрынка” і “Кнопачкі”.
Фіналам канцэртнай праграмы стаў “Гімн сям’і”, які артысты праспявалі ўсе разам.
Са сцэны гучалі словы ўдзячнасці ўсім, хто дапамог падрыхтаваць такое цікавае свята. У першую чаргу яго галоўнаму ініцыятару – упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, работнікам раённай бібліятэкі, якія ўмела падабралі літаратуру і арганізавалі змястоўную выстаўку “Саюз сям’і і кнігі”, спонсарам – калектывам Маларыцкага кансервавагароднінасу­­шыльнага камбіна­та,тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, дзякуючы якім госці святочнага вечара атрымалі падарункі. А самі госці гаварылі вялікі дзякуй рэжысёру цікавай праграмы Вользе Табачкоўскай.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час свята.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 23.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.profvest.com

https://photolifeway.com

https://iwashka.com.ua