ЖЫЦЦЁ НА ДОЎГІЯ ГАДЫ

З вясковай вуліцы адразу і не ўбачыш, што тут ёсць хаты і жывуць людзі. І толькі падказка тутэйшых (там, дзе ўзгорак з бярозамі) дапамагла знайсці жытло Матроны Рыгораўны Юхімук. Звярнулі з пясчанай дарогі і адразу трапілі ў абдымкі беластволых бярозак, дзе так прыгожа і прывольна дыхаецца.
…Бразнула засаўка, і на парозе з’явілася жвавая, хударлявага складу жанчына з прыветлівым тварам. Не верылася, што сёлета, у лістападзе, ёй споўніцца 100 гадоў. Яна не надта напружвае памяць, успамінаючы ўсё былое. Перажыла 3 вайны, рэвалюцыю. У 1936 годзе ў Велікарыцкай царкве абвянчалася са сваім мужам Канстанцінам. Яго забралі на фронт, калі старшаму сыну Барысу было 7 гадоў, а меньшанькаму Фёдару – 3. Часта маліла Бога, каб жывым пакінуў кармільца, ад якога атрымлівала з вайны вестачкі. Але на некаторы час сувязь з Канстанцінам абарвалася. Як высветлілася пазней, калі яе выклікалі ў райваенкамат, назаўжды… Ён памёр у шпіталі ад цяжкіх ран. Пахаваны ў г. Наўгард на германскай зямлі. І Матрону Рыгораўну, як і многіх ваенных удоў, не абышла бокам горкая доля – адной гадаваць дзяцей. Выгадавала, паставіла на ногі, пажаніла. Мае чатырох унучак, праўнукаў. Праўда, давялося пахаваць ужо і сыноў.
Аднак адзінокай сябе не адчувае.
– Нявестка ў мяне вельмі добрая, — расказвае Матрона Рыгораўна. – Іншая даўно забыла б пра свякроў. А яна мяне забірае ў свой дом на зіму – дзе ж тых дроў на 2 хаты набярэшся. А як толькі халады спадаюць, я зноў вяртаюся ў сваю, родненькую хатку. А нявестка пра мяне і тут не забывае: то прадукты прынясе з магазіна, то бялізну забярэ памыць.
Пра добрыя адносіны свекрыві і нявесткі — Ларысы Мікалаеўны Юхімук, расказала і ўрач Велікарыцкай бальніцы Любоў Паўлаўна Нінічук, якая пацвердзіла, што самая старая жыхарка нашага раёна Матрона Рыгораўна зусім не часты пацыент гэтай бальніцы. У тоненькай медыцынскай картачцы яе толькі запісы прафаглядаў. На стацыянары яна знаходзілася лічаныя разы – і то з прафілактычнымі мэтамі.
— Проста Ларыса Мікалаеўна заўжды хацела, каб яе свякроў даўжэй жыла, — гаворыць Любоў Паўлаўна.
Як доктар, яна лічыць здароўе доўгажыхаркі добрым. Бабуля сама можа згатаваць ежу, арыентуецца ў зносінах, жвава рухаецца.
А ўсе здаровыя людзі, як вядома, любяць жыццё. Любіць яго і Матрона Рыгораўна, нягледзячы на нялёгкія перыпетыі лёсу.
— Што Бог даваў, — гаварыла яна.
Жанчына ніколі нікому і ні ў чым не зайздросціла. І хоць сама жыла ў невялікім дастатку, атрымліваючы мінімальную пенсію (зарабіць большую ў калгасе, а ўтварыўся ён, калі ёй было ўжо за 40, яна не магла), але здавольвалася тым, што было. Толькі потым, калі выйшаў у 1980 го­дзе адпаведны закон, яна перайшла на пенсію з выпадку страты мужа, які загінуў на фронце.
Пазнаёміўшыся з Матронай Рыгораўнай, можна зрабіць вывад, што гэты чалавек стрыманы, прыстойны, незайздрослівы. А менавіта такія рысы, як сцвярджаў расійскі вучоны-фізіёлаг Іван Паўлаў, могуць прадоўжыць жыццё чалавека да 100 гадоў і больш.
Вось так паспрабавалі разгадаць сакрэт даўгалецця Матроны Рыгораўны Юхімук, шаноўны ўзрост якой паважаюць і блізкія, і аднавяскоўцы.
Ніна СВІЦЮК.
в. Гусак.
НА ЗДЫМКУ: Матрона Рыгораўна ЮХІМУК.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 23.05.2012 г.

Добавить комментарий


www.avtopoliv-gazonov.kiev.ua

Hyundai elantra аккумулятор купить

shtory.ua/shtory/svetonepronitsaemye
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!