“Буду іграць у аркестры”

У Пінску прайшоў абласны тур VІ адкрытага рэспубліканскага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І.І.Жыновіча. Свае творчыя сілы спрабавалі ў ім і юныя музыканты Маларыцкай дзіцячай школы мастацтваў. Па выніках конкурсу Юлія Федарук узнагароджана дыпломам ІІ ступені (цымбалы, малодшая група).
-Гэта – адзін з самых прэстыжных музычных конкурсаў у нашай краіне, які праводзіцца для “народнікаў” раз у тры гады, — кажа Наталля Забеліна, выкладчык па класе цымбал. – На ім юныя выканаўцы могуць сур’ёзна заявіць пра сябе, раскрыць творчыя здольнасці, павысіць выканаўчае майстэрства. А дыпламанты рэспубліканскага тура становяцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта РБ па падтрымцы таленавітай моладзі.
Згодна з умовамі конкурсу Юля перад прафесійным журы на цымбалах сыграла 4 разнапланавыя творы. Віртуозна, велічна. Дзяўчынка здолела прадэманстраваць усе грані свайго выканальніцкага майстэрства. Ёй удалося паказаць розныя прыёмы ігры, перадаць многія адценні і шырокі дыяпазон гучання музыкі.
Сёння Юля з’яўляецца вучаніцай 5 “В” класа раённай гімназіі, па прадметах школьнага курса мае ў асноўным дзявяткі і дзясяткі. З задавальненнем наведвае школу мастацтваў. Дзяўчынка вельмі любіць свой музычны інструмент. З ім праводзіць значную колькасць часу, бо імкнецца разгадаць усе таямніцы і сакрэты цымбал.
-Гэтым я займаюся ўжо тры гады разам са сваім выкладчыкам Наталляй Валер’еўнай, — гаворыць Юля. – Многаму я ўжо навучылася, аднак шмат чаго яшчэ не ведаю і не ўмею. Цымбалы мне падабаюцца тым, што гучанне іх атрымліваецца пяшчотным, ласкавым. Яно як быццам бы дзіўна звініць, па-асабліваму пераліваецца, нагадвае нечым гуслі.
-А чаму ты вырашыла вучыцца іграць на гэтым музычным інструменце?
Дзяўчынка дае падрабязнае, аргументаванае і цікавае тлумачэнне свайму выбару. Аднак на самай справе было прыкладна так.
Некалькі гадоў таму бацькі, Руслан Міхайлавіч і Наталля Валер’еўна, прывялі ў школу мастацтваў сваіх дзяцей Юлю і Вераніку. Яны хацелі, каб іх дочкі-блізняты разам асвойвалі адзін і той жа музычны інструмент. Але Наталля Забеліна, улічваючы свой выкладчыцкі вопыт, параіла бацькам “развесці” дзяўчынак па розных музычных інструментах. Таму Юля стала спасцігаць азы ігры на цымбалах, а Вераніка – на піяніна. У адной і другой сёння ёсць поспехі – творчыя перамогі на розных конкурсах.
Юля марыць навучыцца іграць на многіх музычных інструментах. Некалькі месяцаў яна ўжо паспяхова асвойвае гітару. А ў будучым плануе стаць прафесіяналам па скрыпцы і флейце.
-Калі здзейсніцца мая мара, — адкрыла свой сакрэт дзяўчынка, — то буду працаваць у прафесійным аркестры і ездзіць з гастролямі па краіне. А першае маё выступленне як прафесіянала абавязкова адбудзецца ў Маларыце на сцэне ГДК.
Р.S. У мінулым годзе на адкрытым фестывалі-конкурсе юных выканаўцаў “Пралескі”, які праходзіў у Брэсце, Юля Федарук была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі “цымбалы”.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Юліі Федарук урокі ігры на цымбалах дае Наталля Забеліна.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 26.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.