ЗА ПРЫГАЖОСЦЮ – У “НЕГУ”

Свет касметыкі з яго магічнымі магчымасцямі дарыць прыгажосць Анжэліку Дыбалюк цікавіў і захапляў заўжды. Але адважыцца на тое, каб набыць новую для сябе прафесію спецыяліста-касметыка, вопытнаму і паспяховаму педагогу было няпроста. І ўсё ж аднойчы Анжэліка Анатольеўна прыняла рашэнне развітацца з прафесіяй педагога і зноў пайсці вучыцца. Спачатку курсы, потым практычныя семінары далі ёй і новыя веды ў касметычнай справе, і пэўны практычны вопыт. Затым быў складзены бізнес-план, з якім прыйшла Анжэліка Дыбалюк ў аддзел занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Тут яе ідэю падтрымалі. Яна заключалася ў тым, каб адкрыць у Маларыце касметычны кабінет. Прычым падтрымалі не толькі маральна, але і матэрыяльна. Будучаму прадпрымальніку, які сам вырашыў стварыць для сябе працоўнае месца, была выдзелена бязвыплатная субсідыя ў памеры сямі бюджэтаў пражытачнага мінімуму.
Нямала часу давялося патраціць Анжэліцы Дыбалюк на тое, каб задуманае здзейснілася. І вось касметычны кабінет “Нега”, які размясціўся ў будынку гасцініцы “Юбілейная”, нарэшце, расчыніў свае дзверы. На ўрачыстае адкрыццё, каб павіншаваць маладога прадпрымальніка з пачаткам дзейнасці ў малым бізнесе, прыйшлі сюды намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Шпетны і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Наталля Панасюк.
— Касметычны кабінет для нашага горада – гэта новы від паслуг. Вельмі радуе, што Вы не пабаяліся пачынаць новую справу, — заўважыў Вадзім Шпетны.
Яшчэ многія нішы ў аказанні розных відаў паслуг жыхарам горада і раёна, як адзначыў ён, застаюцца незанятымі. І тое, што знаходзяцца зацікаўленыя людзі, якія не баяцца быць першапраходцамі, не баяцца рызыкаваць, – гэта добра.
Госці жадалі гаспадыні касметычнага кабінета поспехаў і шмат удзяч­ных кліентаў. А яна ў сваю чаргу знаёміла з тымі паслугамі, якія можна атрымаць, наведаўшыся да спецыяліста-касметыка. А гэта, у першую чаргу, догляд за здаровай скурай твару, шыі і вобласці дэкальтэ — розныя віды чыстак скуры, у комплекс якіх абавязкова ўваходзіць масаж, а таксама шугарынг (цукровая дэпіляцыя), пракол мочак вушэй, карэкцыя броваў. У будучым Анжэліка Анатольеўна плануе асвоіць такія віды касметычных паслуг, як візаж, нарошчванне веек і спа-працэдуры. Яе мара – забяспечыць амаль што поўны комплекс касметычных паслуг, стварыць для сваіх кліентаў цэлы свет прыгажосці.
— Прызнацца, вельмі доўга думала над назвай кабінета. Хацелася, каб яна гарманічна спалучалася з тымі паслугамі, якія тут зможа атрымаць кожны наведвальнік. І калі на вочы патрапіла слова “нега”, змест якога – «асалода», адразу спынілася на ім. Спецыяліст-касметык дапамагае чалавеку быць прыгожым, паверыць у сябе. Сама касметычная працэдура – гэта абавязкова рэлаксацыя пад гукі музыкі, а значыць і маральнае задавальненне.
…Касметычны кабінет толькі што пачаў працаваць, а на парозе ўжо з’явіліся кліенты. Пакуль “чарга за прыгажосцю”, як гаворыцца, жывая. Але ў будучым спецыяліст-касметык плануе абслугоўваць кліентаў згодна з запісам.
Што ж, застаецца спа­дзявацца, што маларытчане дастойна ацэняць такую навізну і скарыстаюцца магчымасцю “папрыгажэць” і “памаладзець”.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Анжэліка ДЫБАЛЮК абслугоўвае чарговага кліента.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.05.2012 г.

Добавить комментарий


http://chemtest.com.ua

данабол курс

steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!