«МЫ ХОЧАМ ПРАДАВАЦЬ МАЛАКО»

У рэдакцыі газеты «» прайшла «прамая лінія» з першым намеснікам старшыні райвыканкама начальнікам райсельгасхарчу Вячаславам Федзюковічам. Ніжэй – рэпартаж з яе.

Яўгенія Канстан­цінаўна Князева, г. Маларыта, вул. Лермантава, 16, кв. 39:
— Калі пачнуць добраўпарадкоўваць наш двор? Няма ніводнай лаўкі, дзе можна было б прысесці пенсіянеру, а такіх у нашым доме нямала, ніводнай скрынкі, каб выкінуць смецце, не пракладзены дарожкі?
— Паважаная Яўгенія Канстанцінаўна. Работы па добраўпарад­каванні двара ля Вашага дома перад абласнымі дажынкамі выконвала ТАА “АнвадБуд” г. Брэста. Дагаворныя абавязацельствы, якое яно заключыла з РВА ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”, выкананы ў поўным аб’ёме не былі. Кіраўніцтва жыллёва-ка­му­­нальнай гас­падаркі накіравала прэ­тэнзійнае пісьмо ў ТАА “АнвадБуд” з патрабаваннямі выканаць усе работы, згодна з заключанымі дагаворнымі абавязацельствамі, да 1 ліпеня 2012 г. І гэтыя пытанні ў РВА ЖКГ трымаюць на кантролі:
Вера Сяргееўна, в. Ланская:
— Вячаслаў Іларыё­навіч, ці была неабходнасць закрываць пункт прыёму малака ў Маларыце, хто такое рашэнне ініцыіраваў, і як будзе вырашацца праблема паставак малака з прыватнага сектара?
— Калі гаварыць пра неабходнасць закрыцця гэтага пункта, то яе, можна сказаць, не было, таму што такі пункт у Маларыце – гэта зручнасць для прыёму малака ад насельніцтва. Ён закрыты па ініцыятыве ААТ “Савушкін прадукт”. Матывацыя прыняцця такога рашэння кіраўніцтвам гэтага прадпрыемства – стратнасць. Але пры ўсім пры гэтым пытанне пастаўкі малака з прыватнага сектара кіраўніцтва ААТ “Савушкін прадукт” вырашае шляхам набыцця ахаладжальнікаў малака тым сельгаспрадпрыемствам, дзе такіх няма, з далейшым вызначэннем месца іх устаноўкі. Таму праблему ахалоджвання малака і паставак яго на “Савушкін прадукт” кіраўніцтва прадпрыемства ў бліжэйшы час вырашыць.
Міхаіл Сцяпанавіч, в. Радзеж:
— Ці будзе сёлета выдзяляцца сена для насельніцтва, якое мае ў хатняй гаспадарцы жывёлу? І па якіх цэнах?
— Так, вядома ж. Усім тым, хто трымае кароў у сваёй гаспадарцы, будзе выдзяляцца сена па цэнах, устаноўленых праўленнямі сельгаспрадпрыемстваў не ніжэй, чым яго сабекошт. Усім тым, у каго ёсць жаданне нарыхтаваць сена самастойна на несельгасугоддзях ці ўздоўж меліярацыйных каналаў, такая магчымасць прадастаўляецца. Гэта і танней, і больш своечасова.
Алена Панцялееўна Коцелева, в. Лукава:
— Вячаслаў Іларыё­навіч, тэлефаную Вам ад імя многіх малаказдатчыкаў нашай вёскі з нагоды вось якой праблемы. У нашай гаспадарцы не робяць аналізы на ўзровень тлустасці малака, якое прымаюць ад насельніцтва. Я, напрыклад, пачала здаваць малако 1 сакавіка г.г., і толькі адзін раз рабілі аналіз, у выніку якога тлустасць паставілі вышэй базіснай – 3,8%. Аднак пастаянна “зразаюць” яе, матывуючы тым, што ў агульнай колькасці малака тлустасць да базіснай не дацягвае. З-за гэтага пры аплаце мы кожны раз страчваем… Трэба наводзіць парадак. Чаму добрасумленныя здатчыкі павінны пакутаваць з-за нядобрасумленных? Мы хочам прадаваць малако…
З такім жа пытаннем да Вячаслава Іларыёнавіча звярнулася і жыхарка в. Лукава Галіна Пятроўна Гаркаўчук.
— Я зразумеў Вас. Са здатчыкамі за малако разлічваюцца падэкадна, таму лабарант абавязаны браць аналіз малака на тлустасць 1 раз у 10 дзён. Мы абавязкова разбярэмся, і я вам абяцаю, што сітуацыю паправім.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: начальнік райсельгасхарчу Вячаслаў ФЕДЗЮКОВІЧ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 26.05.2012 г.

Добавить комментарий


https://steroid-pharm.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!