Майстар і на сцэне, і за швейнай машынкай

Талент — рэч непрадказальная. Праяўляецца ён нярэдка зусім нечакана. Так было і ў Вікторыі Ляўчук. Тое, што прырода надзяліла яе добрым голасам, зразумела яна толькі ў школьныя гады. Як і ўсе дзеці, дзяўчынка спачатку вельмі хацела вучыцца ў музычнай школе. Але потым адчула, што музычны інструмент – цымбалы — яе зусім не цікавіць. А вось гітара, на якой Вікторыя таксама навучылася іграць, яе проста прыманьвала. Перабіраючы струны, дзяўчынка ціха напявала песні. Менавіта тады і зразумела, што спяваць ёй вельмі падабаецца. Якраз у той час у гарадскім Доме культуры адкрылася эстрадная студыя. Яна і дапамагла Вікторыі не толькі выйсці на сцэну, паверыць у сябе, але і вызначыла ўсё далейшае жыццё.
Закончыўшы школу, Вікторыя вырашыла паступаць у Гродзенскі каледж мастацтваў на аддзяленне “Эстрадны вакал”. Паспяхова здаўшы экзамены, яна была залічана і чатыры гады вучылася простай і ў той жа час вельмі складанай справе — сваім голасам дарыць людзям радасць.
Праўда, праявіць на практыцы і свае навыкі, і свой талент атрымалася ў Вікторыі не адразу. Не знайшоўшы работы па спецыяльнасці, яна часова ўладкавалася працаваць выхавальніцай. А потым зусім выпадкова даведалася, што ў дзіцячую школу мастацтваў патрабуецца спецыяліст. Вось так, ужо другі раз у сваім жыцці, яна апынулася ў музычнай школе. Толькі цяпер ужо была не вучаніцай, а адукаваным выкладчыкам – настаўніцай эстраднага вакала. З таго часу прайшло амаль два гады. Вікторыя паспела ўжо набыць пэўны вопыт, заслужыла давер бацькоў, якія аддалі сваіх дзяцей у эстраднае аддзяленне, і любоў сваіх вучняў. Заняткі Вікторыі наведвае 13 юных эстрадных зорачак, яшчэ 11 зусім маленькіх талентаў, падрыхтаваных настаўніцай, сёлета таксама паспрабуюць стаць вучнямі школы мастацтваў.
Урокі эстраднага вакалу — толькі частка штодзённай работы Вікторыі. Як кіраўнік пазакласнай работы яна займаецца ўсёй арганізацыйнай дзейнасцю – рыхтуе канцэрты, урачыстасці, розныя пастаноўкі. Сёлета слухачы эстраднага і харэаграфіч­нага аддзя­ленняў школы мастацтваў здзівілі ўсіх цікавай музычнай казкай “Падарожжа вакол зямнога шара”. Пастаноўка, над якой працавала Вікторыя разам са сваёй калегай Аляксандрай Вашчынчук, сабрала на сцэне больш за 70 удзельнікаў, сярод якіх быў і ансамбль “Con brio”, якім таксама кіруе Вікторыя. Між іншым, вакальны ансамбль у школе мастацтваў быў створаны даўно. Але менавіта ў цяперашнім саставе ён ажыў, загучаў па-новаму і пачаў заваёўваць дыпломы і кубкі на розных эстрадных конкурсах. Новая назва ансамбля, якая азначае “з агеньчыкам”, цалкам адпавядае і характарам дзяўчат, якія ўваходзяць у яго, і рэпертуару. Апошні, дарэчы, падбірае і прапануе Вікторыя.
— Часцей за ўсё, — заўважае Вікторыя, — мае прапановы дзяўчаты падтрымліваюць, давяраюць майму густу.
Апошні, бясспрэчна, у Вікторыі ёсць. Як і ёсць неабсяжная творчая фантазія. Адно з праяўленняў яе – стварэнне сцэнічных касцюмаў. Усё ў гэтай справе – ад першапачатковай задумкі мадэлі да пашыву, належыць менавіта ёй.
Трэба сказаць, што талент мадэльера ў Вікторыі раскрыўся таксама нечакана, як і вакальны. Аднойчы ёй захацелася набыць швейную машынку. Калі апошняя з’явілася, прымяніла веды, набытыя ў школе, і пачала шыць самыя простыя рэчы. Набіўшы, як гаворыцца, руку перайшла да пашыву адзення па выкрайках з часопісаў. Паступова, адна за другой, пачалі з’яўляцца новыя шыкоўныя сукенкі, у якіх Вікторыя выходзіла на сцэну. Больш за 50 касцюмаў і для сябе, і для сваіх юных вакалістаў, і для ансамбля “Con brio” зрабіла яна сваімі рукамі.
Цікаўлюся ў спявачкі-мадэльера, адкуль бяруцца фасоны новых сукенак.
Крыху падумаўшы, Вікторыя прызналася:
— Напэўна, з тых песень, для выканання якіх патрэбны той ці іншы касцюм. Калі падбіраю рэпертуар, ужо ўяўляю, якой павінна быць вопратка выканаўцаў. А потым застаецца толькі задуманае ператварыць у рэальнасць. Тут ужо дапамагаюць модныя часопісы.
Кожны з касцюмаў, зробленых рукамі Вікторыі, па-свойму шэдэўр. З густам падабраны колеры, тканіна, упрыгажэнні. Кожная сукенка, як прызнаецца яна, надае свой настрой, адлюстроўвае глыбокі сэнс песні.
У рэпертуары Вікторыі Ляўчук шмат песень на англійскай мове. Каб гучалі яны прыгожа, спявачцы, якая вывучала ў школьныя гады нямецкую мову, давялося заняцца самаўдасканаленнем і вывучыць азы англійскай мовы. Гэта было нескладана, бо вучыцца новаму Вікторыі вельмі падабаецца.
Мамін вакальны талент перадаўся дочкам Вікторыі. Шасцігадовая Насця ні хвіліны не можа без песні. Яна заўжды мурлыкае нейкую мелодыю, спявае, складае вершы пра тое, што бачыць вакол, свае песні, выходзіць разам з мамай на сцэну і нават удзельнічала ўжо ў эстрадным конкурсе “Шлях да зорак”. Праяўляецца музычны талент і ў чатырохгадовай Машы. Вікторыя здольнасцям дзяцей вельмі рада, бо лічыць, што творчасць дапамагае чалавеку адчуваць гармонію з навакольным светам.
НА ЗДЫМКУ: Вікторыя Ляўчук.

Опубликовано в «ГЧ» 30.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


surrogacy surrogacycmc.com

www.ry-diplomer.com/spravka-vyzov-na-sessiyu