Лукаўскі Яўген-музыка

Яўген Дардзюк з вёскі Лукава добра памятае, як у дзяцінстве з цікаўнасцю разглядваў матулін баян, націскаў на кнопкі, расцягваў мяхі і вельмі радаваўся, калі атрымліваліся нейкія гукі. Потым паціху навучыўся іграць. А ў сёмым класе хлопцу купілі гітару. З акордамі пазнаёміўся ў музычным гуртку ў школе. З таго часу гітара — пастаянная сяброўка Яўгена і ў дні радасці, і тады, калі на сэрцы сум. Праўда, дапытліваму юнаку, які пасля школы стаў студэнтам Горацкай акадэміі, двух інструментаў – баяна і гітары — было мала.
— Калі даводзілася быць на вяселлі, я мог цэлы вечар прасядзець ля музыкантаў. Усё назіраў, як яны ўмела перабіраюць клавішы на сінтэзатары. Не раз сам спрабаваў іграць. Заўжды была мара набыць гэты музычны інструмент,- успамінае Яўген.
І яго мара хоць не адразу, але ж здзейснілася. Рукі, прывычныя да ігры на гітары, хутка авалодалі новым інструментам, на якім іграў Яўген кожную вольную хвіліну. Паступова пашыраўся яго музычны рэпертуар. Пачуе новую песню, услухаецца ў мелодыю, падбярэ яе на клавішах — і заспявае пад музыку. У Лукаве пра талент музыкі-самавучкі ведаюць многія. Яўген не раз выступаў на канцэртах, якія былі ў вёсцы.
— Аднойчы сярод іншых песень, — са сціплай усмешкай прызнаецца Яўген, — заспяваў тую, што склаў сам. І ўяўляеце, ніхто нават не заўважыў. Палічылі, што гэта нейкая новая эстрадная песня. Многім нават спадабалася.
Праўда, сваіх аўтарскіх песень у Яўгена няшмат. Пісаць іх не заўжды хапае часу, ды і натхненне – гэта такая рэч, якую не прымусіш прыходзіць менавіта тады, калі ёсць вольная хвілінка. А вось песень мінулых гадоў, якія даўно палюбілі многія, ён ведае шмат.
У песнях цэніць Яўген не толькі мелодыю, але і глыбокі змест. Таму і аддае большую перавагу не сучасным песням, а 80-ых гадоў. Вельмі любіць слухаць, як спяваюць Аляксей Глызін, Юрый Шатуноў. Песні з рэпертуару гэтых спевакоў выконвае і сам.
На пытанне, як удаецца без усялякай музычнай адукацыі авалодваць рознымі музычнымі інструментамі, у Яўгена адказ просты: трэба толькі, каб “мядзведзь на вуха не наступіў”, ды яшчэ, каб жаданне было.
— Я не ўмеў іграць на ўдарніках. Аднойчы вырашыў – буду вучыцца. Хапіла 20 хвілін, каб усё атрымалася, — пераканаўча, нібы даказваючы, што вучыцца той справе, якая цікавіць, нікому і ніколі не позна, расказваў Яўген.
Ёсць яшчэ адзін музычны інструмент, гукі якога вельмі падабаюцца Яўгену. Гэта – саксафон. Навучыцца іграць на ім – яго даўняя мара. Магчыма, і яна здзейсніцца. Толькі гэта ўжо будзе зусім іншая гісторыя…
НА ЗДЫМКУ: Яўген ДАРДЗЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 30.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Лукаўскі Яўген-музыка: 1 комментарий

  • 18.06.2012 в 6:39 пп
    Permalink

    )ооо

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.