«Дрэва мары» Веранікі Хатынюк

Дробненькія пацеркі, якія, нанізваючыся на дрот, ператвараліся ў прыгожыя лісточкі і кветачкі, упершыню ўбачыла вучаніца Радзежскай школы Вераніка Хатынюк у школьным гуртку. Бісерапляценне зацікавіла адразу ўсіх дзяўчынак. Праўда, нехта паспрабаваў і адразу пакінуў гэтую, як ім здалося, вельмі марудную справу, а Вераніка зацікавілася не на жарт, забыўшы нават пра сваё папярэдняе захапленне – вышыўку. Першы свой выраб з бісеру – “абрыкосавую галінку”, рабіла яна ў падарунак матулі. Вельмі старалася, сядзела, нанізваючы на дроціку сотні пацерак, дапазна. Затое, як парадавала матулю! Тая і сёння гэты падарунак, зроблены рукамі дачушкі, трымае на самым бачным месцы.
Увогуле, усе яе сувеніры з пацерак, як прызнаецца Вераніка, былі прымеркаваны да нейкіх падзей: дзён нараджэнняў, юбілеяў, вяселляў. Былі нават і суцяшальныя. Даведалася Вераніка, што ў матулі непрыемнасці і яна вельмі ўсхваляваная. Дзяўчынка адклала ўбок свае справы і ўзялася за пацеркі. Некалькі гадзін сядзела, не падымаючы галавы. Усё нанізвала, скручвала, абмотвала… А ўвечары прынесла матулі прыгожую квітнеючую сакуру. Тая ўсміхнулася, бо падарунак дачкі, зроблены з клопатам і любоўю, проста не мог не парадаваць.
Дом Веранікі, у якім жыве яна разам з матуляй, упрыгожвае шмат рэчаў, зробленых з пацерак. Сняжынкі, елачкі, вялікія і маленькія галінкі сакуры, сінявокія фіялкі, прыгожы клён радуюць вока. Некаторыя з сувеніраў дзяўчынка вучылася рабіць па малюнках, знойдзеных у часопісах. Але былі і тыя, што проста падказвала фантазія. Напрыклад — “Дрэва мары”. Зробленае экспромтам з блакітных пацерак, яно атрымалася вельмі загадкавым.
Сувенір з пацерак — цудоўнае ўпрыгожанне любога дома. Многія свае вырабы дзяўчынка падарыла родным, сябрам і знаёмым. Яе работы ёсць нават у Шатландыі, куды тры гады назад пашчасціла з’ездзіць Вераніцы на адпачынак.
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што плесці з пацерак вельмі проста. Бісерапляценне, можна сказаць, гэта спалучэнне фантазіі з матэматыкай. Каб атрымаўся прыгожы пялёстак, трэба строга прытрымлівацца схемы, падлічваць, умела падбіраць колер. Таму і займаюцца гэтай справай людзі неймаверна цярплівыя, настойлівыя, уседлівыя, стрыманыя.
— Калі пляцеш з бісеру, ёсць час аб нечым падумаць, памарыць, — заўважае, расказваючы пра сваё захапленне, Вераніка. – А бывае, лепш за ўсё работа ідзе, калі глядзіш тэлевізар. Дзве справы адразу сумяшчаеш.
Хоць шмат часу Вераніка аддае свайму захапленню, але ж і пра вучобу не забывае. “Яна наша разумніца і актывістка” — гавораць пра сціплую дзяўчынку ў школе. Яшчэ некалькі гадоў, і Вераніцы давядзецца выбіраць сваю самастойную жыццёвую сцяжынку. А значыць часу на захапленне будзе ўсё менш. Але наперадзе — канікулы, і Вераніка запланавала зрабіць падарунак сястры. Гэтым падарункам будзе сувенір з пацерак “Дрэва шчасця”.
НА ЗДЫМКУ: Вераніка Хатынюк.

Опубликовано в «ГЧ» 30.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


Тури тайланд tmtravel.com.ua
poliv.ua

np.com.ua/elektromehanicheskoe-oborudovanie/kuttery-i-bliksery.html