“СЁННЯ Ў НАШАЙ ВЁСЦЫ СВЯТА”

Амаль усе жыхары нашай вёскі сабраліся ў той дзень ля Дома сацыяльных паслуг (у памяшканні не хапіла месца) на свята, якое арганізавалі работнікі тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з культработнікамі. Заўсёды занятыя сваімі клопатамі, мы з захапленнем слухалі прывітанне арганізатараў свята, мелодыі знаёмых і незнаёмых песень. Кожны нумар канцэрта суправаджаўся дружнымі апладысментамі.
…Чарговы свой нумар выконвае Яўгенія Наўрасюк. Яна адразу зачароўвала сваёй прыгажосцю, вясёлай усмешкай, цудоўным голасам, і ўвогуле талентам артыста. У яе выкананні гучыць песня. Раптам мелодыя заціхае, Яўгенія са словамі: “Штосьці вы, мае даражэнькія дзядочкі, засумавалі, можа патанцуем са мною”, падыходзіць да Паўла Хапалюка (яму 84 гады). Выводзіць яго на пляцоўку. І ў віхры танца закружыліся маладая прыгажуня і высокі, не па гадах статны мужчына. Сціхае музыка. Павел Хапалюк фанабэрыста паглядае на аднавяскоўцаў і з гонарам сядае на сваё месца. Гучаць моцныя апладысменты са словамі: “Малайцы! Малайцы! Малайцы!” Даспадобы прысутным былі і гумарэскі, якія выконвала Вольга Уладзіміраўна Амяльян.
Не былі забыты на свяце і юбіляры вёскі: Віктар Емяльянавіч Красько, Марыя Цімафееўна Кальніцкіх, Мікалай Паўлавіч Багнюк.
Прадстаўнікі Цэнтра Вольга Рыгораўна Антонава і Таццяна Сцяпанаўна Косік адрасавалі ім цудоўныя словы віншаванняў, акрамя таго, кожны з юбіляраў атрымаў падарунак.
Арганізатары свята пажадалі ўсім жыхарам вёскі моцнага здароўя, цёплых сонечных дзён, невычэрпнай энергіі і доўгіх гадоў жыцця.
Са словам у адказ выступіла Марыя Альшэўская і ад імя ўсіх жыхароў вёскі Новае Раматова яна падзякавала арганізатарам свята і пажадала, каб такія святы сталі традыцыйнымі. Асаблівыя словы ўдзячнасці Марыя Альшэўская выказала ўдзельнікам канцэрта.
У той дзень свята ў вёсцы нашай доўжылася да самага вечара.
Яніна КРЫВАБЛОЦКАЯ, в. Новае Раматова.
НА ЗДЫМКУ: у віхры танца.

Опубликовано в «ГЧ» 30.05.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.