Сялянскай душы чалавек

…З Мікалаем Герасімуком мы стаім на ўскрайку поля. Ён некалькі хвілін засяро­джана глядзіць удалячынь, дзе бурчыць трактар, пасля пераводзіць позірк на свежаўзараную раллю, прысядае і бярэ пульхную зямлю ў далоні.
-Тут будзе добры ўраджай, — зазначае ён.
У Мікалая Сцяпанавіча моцнае пачуццё зямлі, а клопат пра яе – рыса, перададзеная ў спадчыну ад дзядоў-прадзедаў.
Мікалай Герасімук родам з в.Мельнікі. У яго бацькоў, Сцяпана Іванавіча і Марыі Іванаўны, было 8 дзяцей. Коля з’явіўся ў сям’і пятым. Пасля заканчэння 7 класаў Хаціслаўскай школы ён стаў працаваць слесарам у калгасе “Запаветы Леніна”. Затым была служба ў арміі ў Петразаводску, дзе юнак выконваў абавязкі старшага інструктара вайсковага харчавання. Многія саслужыўцы, такія, як і Коля, вясковыя хлопцы, у вольны час не раз расказвалі, што пасля заканчэння школы яны падаліся ў раённыя і абласныя цэнтры за рамантыкай і пошукамі чагосьці новага і нязведанага. Падрабязна і доўга яны расказвалі пра перавагі гарадскога жыцця. Мікалаю дзіўным было такое слухаць. Не мог юнак ніяк зразумець, што прываблівала ўчарашніх жыхароў вёскі ў горадзе, чаму яны туды так імкнуцца. Пастаянны шум машын, мітусня, невялічкія кватэры ў шматпавярховых дамах… Сэрца Мікалая рвалася да іншага. Яму мілей былі мурожныя і росныя лугі, зялёныя бары, неаглядныя калгасныя палі, шматгалосныя спевы птушак, клёкат буслоў, цвыркатанне конікаў…
Пасля заканчэння тэрміну службы хлопец вяртаецца ў родную вёску. Некаторы час працуе качагарам, загадчыкам гаспадаркі ў Мельніцкай школе. Але зямля вабіла да сябе, нястрымна цягнула. Гэтаму клічу Мікалай супрацьстаяць доўга не мог. Таму хутка яму прапанавалі пасаду намесніка брыгадзіра паляводчай брыгады. Працуючы, завочна вучыўся. Спачатку – у Маларыцкай школе, затым – у Пружанскім саўгасе-тэхнікуме, дзе набываў спецыяльнасць “Аграном”. Праз 7 гадоў узначаліў Мельніцкую брыгаду. Аб тым, як працаваў, сведчаць дасягнутыя вынікі.
-У сярэднім за пяцігодку ў нас было атрымана з кожнага гектара па 35,7 цэнтнера збожжавых, 271 – бульбы, 585 – кармавых караняплодаў, — успамінае Мікалай Сцяпанавіч. – Мы пастаянна знаходзіліся ў пошуку новых, найбольш прагрэсіўных метадаў гаспадарання на зямлі. Наша брыгада на працягу некалькіх гадоў з’яўлялася брыгадай высокай культуры земляробства. У раёне калегі толькі вывучалі інтэнсіўную тэхналогію, напрыклад, вырошчвання азімага жыта, а ў Мельніках гэты метад ужо апрабавалі на практыцы. На нашых палях прайшло апрабаванне бульбы розных гатункаў, у тым ліку такіх гатункаў, як “прыгожы”, “адрэта”, “тэмп”… Вынік атрымаўся выдатны. Гатунак “дабро” даў з кожнага гектара па 600 цэнтнераў клубняў.
Работа ў Мікалая Герасімука заўжды была на першым плане. Ён з ранку да цямна быў на полі, асабліва – у час пасяўной і ўборкі. Не мог прапусціць, каб без яго засеялі які гектар зямлі. Адказнасці стала больш, калі быў назначаны на пасаду намесніка галоўнага агранома.
-Калгасныя палі вельмі добра ведаю, — кажа Мікалай Сцяпанавіч. – Цяжка сказаць, колькі разоў прайшоў і праехаў іх уздоўж і ўпоперак. Заўжды давяраў людзям, з якімі побач працаваў. Аднак такая натура ў мяне, што не мог спакойна заснуць, калі не пабачу, як выконваецца тая ці іншая работа, на свае вочы, калі не пераканаюся, што ўсё зроблена згодна з тэхналогіяй.
Імя Мікалая Герасімука ў 80-90 гады мінулага стагоддзя было вядома многім не толькі на Брэстчыне. За шматгадовую і плённую працу ён быў узнагароджаны ў 1980г. медалём “За працоўную доблесць”, у 1984г. – ордэнам “Дружбы народаў”. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета РБ у 1993г. Мікалаю Сцяпанавічу, аднаму з нямногіх у раёне, прысвоена ганаровае званне “Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі”.
Мікалай Герасімук да выхаду на заслужаны адпачынак вёў вялікую грамадскую работу. Некалькі гадоў запар выбіраўся дэпутатам Хаціслаўскага сельскага і Маларыцкага раённага Саветаў. Ён быў дэлегатам ХХVІІІ з’езда КПБ, ХХVІІ з’езда КПСС, ІV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў, прымаў удзел у рабоце Усесаюзнай нарады прадстаўнікоў рабочых, сялян, інжынерна-тэхнічных работнікаў. Акрамя таго, з 1986 па 1990 гады быў членам Цэнтральнага камітэта камуністычнай партыі Беларусі.
-Мне даводзілася некалькі разоў на год ездзіць у Мінск, — гаворыць Мікалай Сцяпанавіч, — дзе я прымаў удзел у рабоце пленумаў партыі. Мы прымалі рашэнні, па якіх жыла наша краіна. Хоць я і сядзеў у прэзідыуме, але душа была на калгасных палетках, сярод людзей, якія вырошчвалі хлеб.
Нягледзячы на свой узрост, Мікалай Герасімук і цяпер не сядзіць склаўшы рукі. Ужо які год ён з’яўляецца старастам в.Мельнікі. Таму вяскоўцы з многімі нявырашанымі праблемамі і пытаннямі ў першую чаргу ідуць да Мікалая Сцяпанавіча. Раяцца, шукаюць разам выйсце, прымаюць нейкія рашэнні. А яшчэ Мікалай Сцяпанавіч – царкоўны стараста.
-Гэты послуг ён у нас нясе са студзеня 2000 года, — кажа айцец Пётр Пяшко, настаяцель царквы ў гонар Праабражэння Гасподняга ў в.Хаціслаў. – Прыхаджане самі Мікалаю Герасімуку такі давер аказалі на схо­дзе. Да сваіх абавязкаў адносіцца вельмі адказна. У тым, што сёння наш храм выглядае так цудоўна, немалая заслуга і яго.
-Мікалай Сцяпанавіч, а як Вы прыйшлі да Бога?
-А я нікуды ад яго і не адыходзіў, — усміхаецца мой субяседнік. – Уся мая радня – людзі, што верылі ў Бога. Рэлігійнае выхаванне атрымаў у сям’і. Любоў да Усявышняга ў сэрца ў першую чаргу ўклала бабуля і маці. З Богам заўсёды ішоў па жыцці.
— Як сталі царкоўным старастам?
— Раней айцец Пётр жыў у Мельніках. Мая жонка, Ніна Іванаўна, настаўніца пачатковых класаў, вучыла дзяцей бацюшкі. Мы часта сустракаліся, размаўлялі, нешта абмяркоўвалі. Я, вядома, наведваў богаслужэнні. Калі ўзнікла неабходнасць выбару старасты, айцец Пётр прапанаваў паспрабаваць сябе ў гэтай ролі. Падумаўшы, даў згоду. Послуг царкоўнага старасты, упэўнены, набліжае да Бога, дапамагае зразумець усёдаравальную і бязмерную любоў Усявышняга, вучыць дабру, міласэрнасці, спагадзе. Перакананы, што чалавек без Бога не мог бы існаваць і хвіліны.
-Што, на Ваш погляд, самае галоўнае ў жыцці?
-Любоў! Толькі яна, – не задумваючыся, адказвае Мікалай Сцяпанавіч. – На ёй жа свет трымаецца. Без любові нічога наогул няма. Без яе нават травінка не вырасце. Каб жыць шчасліва, неабходна жыць з усімі і з усім ў згодзе і любові. Вялікай і бескарыслівай.
* * *
Р.S. Мікалай Герасімук яшчэ і сёння не адышоў далёка ад калгасных спраў. Спецыялісты СВК “Хаціслаўскі” да гэтага часу раяцца з былым сваім калегам. Да яго парад прыслухоўваюцца. А ў гарачы час жніва Мікалай Сцяпанавіч вось ужо 3 гады працаваў загадчыкам зернясклада. Калі ўзнікне такая неабходнасць, то з радасцю яшчэ дапаможа роднай гаспадарцы. Такі ён, сялянскай душы чалавек!
Мікалай НАВУМЧЫК.
в.Мельнікі.
На здымку: Мікалай Герасімук: “Зямля дасць сілы, дасць і веры”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 30.05.2012 г.

Добавить комментарий


Вывоз строительного мусора в киеве читайте здесь
https://monaliza.kiev.ua

заказать создание сайта
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!