Дарапеевіцкі Гулівер

У Дарапеевіцкі д/с-СШ мы ехалі з адной мэтай, каб змераць рост Эдуарда Мамчура, вучня 11 класа. Хацелася асабіста пераканацца, што ён больш чым 2 метры ў вышыню.
— У Эдуарда рост сапраўды 203 см, — кажа Надзея Бойка, дырэктар установы адукацыі, і дастае з шафы індывідуальную карту развіцця дзіцяці, якую штогод запаўняюць урачы на медаглядзе. – Тут па гадах зафіксавана, як юнак рос. У першы клас, напрыклад, ён прыйшоў з ростам 138 см, у 7 класе меў 174 см, у 9 класе дарос ужо да 199 см.
У прысутнасці Алега Крэмянеўскага, фотакарэспандэнта нашай газеты, Надзеі Бойка, дырэктара д/я-СШ, і Аляксандра Стасюка, настаўніка фізічнай культуры, мы пачынаем праводзіць кантрольнае вымярэнне Эдуарда. Ставім яго да сцяны ў спартыўнай зале, фіксуем рост і рулеткаю замяраем. У нас атрымалася 203 см. Каб не выйшла якой-небудзь недакладнасці, перамяраем яшчэ 2 разы. Вынік атрымаўся той самы.
— Я ж яшчэ расту, — зазначае Эдуард. – Бо вядома, што чалавек заканчвае расці прыкладна каля 20 гадоў.
Высокія дзеці – высокія бацькі. Гэтая аксіёма яшчэ раз пацвердзілася на прыкладзе сям’і Мамчураў з Дарапеевіч. Бацька Эдзіка, Віктар Фёдаравіч, мае рост 196 см, маці, Галіна Фёдараўна, — трохі ніжэйшая за мужа.
— А спаць на стандартным ложку нязручна ж пры 203 см: ногі звісаюць. Ці абаранкам, скруціўшыся…
— Праблем з гэтым няма. У мяне спецыяльны ложак, які мае даўжыню 210 см.
— Эдуард, напэўна, цяжка падабраць адпаведнага памеру адзенне і абутак?
— Так, пэўныя цяжкасці ёсць. Таму што не заўсёды ў нашых магазінах можна купіць тое, што мне падабаецца. Калі зойдзеш у той ці іншы магазін, то не заўсёды на паліцы можа стаяць абутак 46 памеру ці вісець на стэлажы кашуля памерам ХХL.
— У аўтобусе, напэўна, таксама ехаць нязручна?
— Калі седзячы, то добра, камфортна. А калі стаю, кепска. Каб не нахіляцца, стараюся стаяць пад люкам. Там для мяне якраз хапае вышыні.
— Эдуард, аднакласнікі да твайго росту ўжо прывыклі?
— Безумоўна. Мой рост аніяк на адносіны з імі не ўплывае. Ён мяне задавальняе і ні ў чым не перашкаджае. Між іншым, мае аднакласнікі — хлопцы таксама высокага росту. Адзін толькі раз, памятаю, калі я азірнуўся ў горадзе, то пабачыў, што мне глядзяць услед і ахаюць ад здзіўлення. Вялікі рост – гэта перавага, бо далёка ўсё відаць навокал (смяецца).
Эдуард у школе — актывіст. Адказны, шчыры, добры хлопец. Любімымі прадметамі з’яўляюцца гісторыя і фізічная культура. Юнак удзельнічае ў многіх школьных мерапрыемствах і спаборніцтвах, а таксама захапляецца валейболам, баскетболам і футболам. Аднак будучае жыццё са спортам звязваць не збіраецца.
— Пасля заканчэння школы буду спрабаваць паступаць вучыцца, але не ў ВНУ. Былі думкі пра спартфак. Аднак, падумаўшы, зрабіў іншы выбар. З валейболам не развітаюся ні пры якіх абставінах, бо гэта – мой любімы від спорту.
— Давай, Эдзік, заглянем на некалькі гадоў наперад. Прый­дзе час ствараць сям’ю. Якую ростам жонку тады будзеш шукаць?
-Не ніжэйшую ростам, чым 176 см, напэўна. Каб не надта маленькай на фоне мяне выглядала.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Эдуард Мамчур, вучань 11 класа, лічыць, што ў чалавеку галоўнае не рост, а яго ўнутраны свет.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 30.05.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!