УЛАДКАВАЦЦА ПРАЦАВАЦЬ ДАПАМОЖА БРСМ

На “прамой лініі” з жыхарамі Маларытчыны на мінулым тыдні быў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Галоўчык. Увазе чытачоў прапануем рэпартаж з тэлефоннай размовы.

Валянціна Мікалаеўна, г. Маларыта:
— Мая дачка сёлета выпускніца ўніверсітэта. Па размеркаванні яна прыедзе працаваць у наш раён. Ці зможа яна скарыстацца льготным крэдытам, які даецца маладым спецыялістам для набыцця неабходных рэчаў?
— Малады спецыяліст, які атрымаў сярэдне-спецыяльную і вышэйшую адукацыю, на працягу двух гадоў можа скарыстацца правам атрымаць льготны крэдыт на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. Але прадастаўляецца ён пры ўмове, што малады спецыяліст не прапісаны па месцы жыхарства сваіх бацькоў.
— Можа, Вы падкажаце, як аформіць дакументы на гэты крэдыт?
— Каб аформіць дакументы, трэба звяртацца ў райвыканкам, у кабінет № 100. Пракансультавацца можна па тэлефоне 2-25-56.
Ганна Алесік, г. Маларыта:
— Хутка лета. Падкажыце, калі ласка, куды можна звяртацца школьнікам, каб уладкавацца працаваць?
— Перш за ўсё трэба звярнуцца ў раённы камітэт ГА “БРСМ”, кабінет № 84 (у будынку райвыканкама), дзе праводзіцца папярэдні запіс, ствараецца база дадзеных тых, хто жадае ў летні перыяд працаваць, і фарміруюцца студэнцкія атрады. Падаць заяўку на працаўладкаванне ў летні перыяд можна таксама на сайце “Моладзь Беларусі” (brsm.by). Магу сказаць, што жаданне працаваць летам выказалі ўжо амаль 30 школьнікаў.
— А на якіх работах будуць заняты студэнцкія атрады?
— Ёсць ужо дамоўленасць з кансервавагароднінасу­шыльным камбінатам, дзе школьнікі будуць задзейнічаны на рамонтных работах, грузапераносцы, праполцы гародніны. Акрамя таго, як і кожны год, школьнікі будуць працаваць у сельгаспрадпрыемствах раёна. Ідзе таксама фарміраванне атрада, які, калі атрымаецца сабраць патрэбную колькасць падлеткаў, адправіцца працаваць за межы раёна.
Аляксандр Максімук, г. Маларыта:
— Кожны год у час летніх канікулаў у лагеры “Лукаўскі” адпачываюць актывісты БРСМ. Ці будзе арганізавана такая змена сёлета?
— У ліпені лагер “Лукаўскі”, які знаходзіцца ў вёсцы Старое Забалацце, збярэ на 19 дзён актывістаў БРСМ. Каб трапіць на адпачынак у лагер, трэба звярнуцца ў раённы камітэт ГА “БРСМ”. Лепш паспяшацца, бо колькасць пуцёвак абмежаваная.
Галіна Вікенцьеўна, г. Маларыта:
— Цяпер шмат гавораць пра розныя нефармальныя маладзёжныя групы і аб’яднанні: готаў, скінхэдаў і інш. А ці ёсць такія маладзёжныя нефармалы ў нашым раёне?
— Гэтае пытанне пастаянна знаходзіцца пад кантролем. Такіх аб’яднанняў у раёне няма.
Святлана МАКСІМУК.

Добавить комментарий


www.progressive.ua

profvest.com/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!