НА ВАРЦЕ І Ў БУДНІ, І Ў СВЯТЫ

“Раўняйся! Смірна!” – гэтыя словы, якія добра знаёмы кожнаму чалавеку ў ваеннай форме, у той момант гучалі неяк асабліва, з ноткаю ўрачыстасці. Ваеннаслужачыя аддзела пагранічнай службы “Маларыта”, якія нясуць сваю варту на больш чым 70-кіламетровым участку дзяржаўнай мяжы з Украінай, сабраліся на ўрачыстае пастраенне з нагоды свайго прафесійнага свята – Дня пагранічніка.
Воінаў-пагранічнікаў, якія выконваюць адну з самых адказных, цяжкіх і ганаровых задач, — абараняюць межы сваёй Айчыны, са святам павіншаваў камендант АПС “Маларыта” Васіль Скрундзь. Сваім падначаленым ён пажадаў далейшых поспехаў у службе. Людзям у зялёных фуражках, затрымліваючы парушальнікаў дзяржаўнай мяжы, даводзіцца гадзінамі, не звяртаючы ўвагі на атакуючых камароў, халодны дождж ці калючыя маразы, таіцца, рызыкаваць сваім жыццём. За сумленнае выкананне сваіх абавязкаў многія пагранічнікі атрада атрымалі ад камандавання падзякі, новыя званні, такое заахвочванне, як дадатковыя дні да водпуску, нагрудныя знакі “100 выхадаў на ахову мяжы”, “200 выхадаў на ахову мяжы”, “старшы пагранічнік нарада”, а таксама граматы і пісьмы падзякі ад райвыканкама. Уручыў апошнія старшыня райвыканкама Казімір Лапіч.
У кожнай дзяржавы, як адзначыў ён, віншуючы пагранічнікаў з іх прафесійным святам, ёсць свая мяжа, а значыць, павінны быць тыя людзі, якія прызваны яе ахоўваць. Кіраўнік раёна пажадаў пагранічнікам спакою на давераным ім рубяжы і заўважыў, што ў плане камфорту службы і быту для іх створаны цяпер добрыя ўмовы.
Віншаванні прыма­лі пагранічнікі і ад шэ­фаў з Брэсцкага элек­трамеханічнага завода, прадпрыемстваў «Коб­рынміжрайгаз», «Брэстабл­сельбуд» і многіх іншых гасцей урачыстасці.
Ад раённага камітэта ГА “БРСМ” і гарадскога Дома культуры падарункам воінам-пагранічнікам стала святочная канцэртная праграма. Успомніўшы гісторыю пагранічных войскаў, вядучая Таццяна Сацюк расказвала пра тое, як розныя падзеі, якія адбываліся ў мінулым, неаднойчы выпрабоўвалі пагранічнікаў на трываласць. Але і ў ваенныя гады, і ў мірны час яны заўжды даказвалі, што рубяжы краіны ахоўваюць самыя лепшыя воіны.
Былых пагранічнікаў, гавораць, не бывае. Таму ганаровымі гасцямі ўра­чыстасці сталі былыя воіны-афганцы, якія служылі на мяжы. Аркадзю Кавальчуку, Сяргею Косіку, Мікалаю Максімуку і Мікалаю Касяніку, у якіх засталося нямала ўспамінаў пра вайну, было чым падзяліцца з сённяшнімі воінамі-пагранічнікамі. Апошнім пажадалі яны спакойнай службы, міру і менш рызыкоўных сітуацый, якіх на іх лёс выпала нямала.
Прыемным сюрпрызам для пагранічнікаў аддзела пагранічнай службы стала прывітанне маленькіх вучняў гімназіі. А выступленне артыстаў гарадскога Дома культуры дабавіла яшчэ больш пазітыву да святочнага настрою.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у час урачыстасці.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.