Этнавітальнасць і мульцікультурнасць Маларытчыны

У Марыі Жыгалавай, маларытчанкі, доктара педагагічных навук, прафесара Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, сапраўднага члена Акадэміі педагагічных і сацыяльных навук РФ, вядомага вучонага ў галіне методыкі выкладання рускай літаратуры, аўтара больш чым 180 навуковых прац, выйшла з друку чарговая кніга.
Яна пабачыла свет у адным з выдавецтваў г.Зальцбург (Германія). Манаграфія мае назву “Этнавітальнасць і мульцікультурнасць ў літаратуры: паэзія. Інтэрпрэтацыя і аналіз”. Гэта — першае даследаванне-абагульненне ў айчынным літаратуразнаўстве, прысвечанае руска­моўнай лірыцы Брэсцка-Падляскага памежжа, якая шмат гадоў функцыянуе і паспяхова развіваецца ва ўмовах полікультурнасці. Лірыка прадстаўлена рознымі накірункамі паэтаў XX-XXI стагоддзя. На прыкладах творчасці паэтаў Беларусі, Брэстчыны у прыватнасці, акрэслены месца і роля рускамоўнай паэзіі ў іншанацыянальным асяроддзі. Таксама паказаны жанравая, стылявая і тэматычная парадыгмы, мастацкая манера, мова і стыль паэтаў, спосабы адлюстравання імі этнавітальнасці і мульцікультурнасці. У кнізе прааналізаваны ў асноўным раней невядомыя чытачу лірычныя творы паэтаў-беларусаў, рускіх, палякаў, украінцаў, якія жывуць у Брэсцка-Падляскім памежжы або якія маюць да яго нейкія адносіны. У даследаванні выяўлена ўспрыманне не толькі сваёй этнічнай культуры, але і іншых культур. Кніга прызначана для выкладчыкаў і студэнтаў, аматараў рускай славеснасці. Яна ўключана ў Нямецкі кніжны каталог.
Для чытачоў Маларытчыны манаграфія М.П.Жыгалавай будзе цікавай тым, што тут упершыню на навуковым узроўні разглядаецца рускамоўная творчасць нашых паэтаў–землякоў: Генадзя Мішчука, Івана Заматаева і Пятра Чагайды.
-Усе краіны вельмі розныя, — кажа Марыя Жыгалава, — і ў любой з іх трэба кожнай нацыі і народнасці знаходзіць свой, унікальны шлях суіснавання з іншымі народамі і культурамі. Калі гавораць пра мульцікультурнасць, то маюць на ўвазе аб’яднанне культурных дасягненняў розных народаў пры захаванні іх самабытнасці. Этнавітальнасць – жыццястойкасць адной культуры ў сукупнасці з іншымі. Сёння яны мірна суіснуюць разам, узбагачаючы і дапаўняючы адна адну. Такая з’ява назіраецца і на Маларытчыне, бо наш рэгіён – шматнацыянальны. Для рускіх, украінцаў, палякаў і прадстаўнікоў іншых этнасаў наш край стаў тым месцам, родным домам, дзе людзі жывуць і працуюць, нават развіваюць сваю спрадвечную культуру.
Як гэты працэс праходзіць на Маларытчыне, што ён сабой уяўляе ў галіне рускамоўнай паэзіі, якраз і паспрабавала прааналізаваць Марыя Пятроўна ў сваім даследаванні.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Жыгалава і яе кніга, якая выдадзена ў Германіі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.