ПОСПЕХ ВУЧНЯ – ПЕРАМОГА МАЙСТРА

 

З аднаго боку звычайным людзям можа здацца, што ў прафесіі майстра па падрыхтоўцы вадзіцеляў аўтатранспартных сродкаў няма нічога цяжкага і цікавага. Але калі сутыкнуцца з гэтай прафесіяй, то лёгка можна пераканацца ў адваротным. Іван Рыгоравіч Хроль звязаны з прафесіяй майстра па падрыхтоўцы вадзіцеляў аўтатранспартных сродкаў вось ўжо ні многа ні мала – 33 гады. І ўвесь гэты час ён працуе ў Маларыцкім прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці. З 1979 па 1999 год Іван Рыгоравіч рыхтаваў толькі вадзіцеляў катэгорыі “С” (грузавыя аўтамашыны), а з 1999 года таксама пачаў падрыхтоўку вадзіцеляў катэгорыі “В” (легкавыя аўтамашыны). За гэты час ён выпусціў 33 групы вадзіцеляў катэгорыі “С” і 26 груп вадзіцеляў катэгорыі “В”. Пагадзіцеся, лічбы ўражваюць. З захапленнем Іван Рыгоравіч расказваў аб сваёй справе, аб сваіх вучнях і аб тым, як ён іх навучае. З размовы адразу ж было відаць, што гэты чалавек любіць сваю прафесію і годна працуе, нягледзячы ні на што. З-пад крыла Івана Рыгоравіча вылецеў не адзін дзясятак вадзіцеляў, а таму, як ён сам прызнаецца, заўсёды прыемна, калі былыя вучні вітаюцца на вуліцы, пытаюцца, як справы. Прыемна проста бачыць, як яны водзяць машыну і ведаць, што і ты таксама да гэтага “прыклаў руку”. “Я не памятаю ўсіх сваіх вучняў па імёнах і прозвішчах, але ў твар памятаю кожнага, — гаворыць Іван Рыгоравіч, — і, вядома, прыемна сустракаць іх і чуць добрыя словы. Тады разумееш, што ўсё недарэмна, што твае клопаты, твая праца камусьці патрэбны. Удзячнасць вучняў — гэта для мяне, напэўна, як і для кожнага настаўніка, самая вялікая і каштоўная ўзнагарода”. На маё пытанне, каго лягчэй навучыць вадзіць машыну: хлопцаў альбо дзяўчат, мужчына адказаў з усмешкай:
— Напэўна, усё ж лягчэй навучыць хлопцаў (гэта ў іх у крыві), але і тут адназначна адказаць нельга, таму што ўсё вельмі індывідуальна, усё залежыць ад самога чалавека. Самае галоўнае, што павінна быць у вучня – гэта жаданне, жаданне навучыцца. Калі ёсць жаданне, то можна сказаць, што палова поспеху ўжо ёсць.
Іван Рыгоравіч расказаў, што ніякай спецыяльнай методыкі навучання і ніякіх сакрэтаў у яго няма, проста трэба да кожнага ўжо з першага занятку знайсці індывідуальны падыход. “Менавіта з першай сустрэчы, з першых заняткаў я стараюся ўжо зразумець, які ў чалавека характар, — расказвае мужчына, — бо гэта, на самой справе, вельмі важна. Бывае такое, што на аднаго, каб ён нешта зразумеў, патрэбна некалі і павысіць голас, але ёсць і такія, з якімі патрэбна размаўляць толькі спакойна, ціха і ніяк інакш. Таму сваіх вучняў спачатку сам вывучаю, іх характар, каб ведаць, як працаваць з тым альбо іншым чалавекам. Майстар перш за ўсё павінен быць педагогам-псіхолагам, з кожным патрэбна знайсці агульную мову, бо інакш нічога не атрымаецца. У асноўным я стараюся расказваць коратка, даступна, проста і абавязкова на прыкладах. Яшчэ ў мяне ёсць адзін падыход: калі ў вучня нешта не атрымліваецца доўгі час, раю, а часам і прымушаю весці канспект. Такія часта здзіўляюцца, маўляў, які канспект, калі водзіш машыну. Але потым і самі разумеюць, што гэта спрацоўвае”. Безумоўна, вопыт у Івана Рыгоравіча вялікі, а таму і вучні разумеюць, што да яго парад патрэбна прыслухоўвацца, каб быў вынік. І ён ёсць. Вучні Івана Рыгоравіча, якія маюць вадзіцельскае пасведчанне катэгорыі “С”, з’яўляліся ўдзельнікамі і прызёрамі на абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах. На гэтых спабор­ніцтвах яны паказвалі свае веды па Правілах дарожнага руху, навыкі ва­джэння аўтамабіля на час і на эканомію паліва. Боль­шасць вучняў Івана Рыгоравіча здаюць экзамены з першага разу.
У канцы нашай размовы Іван Рыгоравіч шчыра пры­знаўся, што хвалюецца за кожнага свайго вучня, як за сваё дзіця. “Я ў кожнага ўкладваю часцінку сваёй душы, — гаворыць мужчына, — а перад экзаменам увогуле хвалююся і нават апошнім часам не магу спаць. Калі здаюць, то радуюся разам з імі, а калі не, то разам аналізуем памылкі і кожны раз стараюся падтрымаць”.
На маё пытанне, якая галоўная парада, якую майстар дае сваім вучням, Іван Рыгоравіч адказаў, не задумваючыся: “Галоўнае – гэта не баяцца! Бо калі ты сядаеш за руль са страхам, нічога не атрымаецца. Таксама не патрэбна вельмі засмучацца, калі нешта не атрымліваецца, усё прыходзіць з вопытам, ну, і, вядома, быць заўсёды асцярожнымі”.
На мой погляд, цудоўныя парады і галоўнае – слушныя. Івану Рыгоравічу вельмі хочацца, каб яму ніколі не давялося чырванець за сваіх вучняў. Давайце, як мага менш падводзіць сваіх настаўнікаў.
Анастасія Максімук.
На здымку: Іван Хроль разам з вучнем.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 2.06.2012 г.

Добавить комментарий


agroxy.com

http://pharmacy24.com.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!