Яшчэ больш здароўя з новым басейнам

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у дашкольнай дзіцячай установе № 5 горада пасля рэканструкцыі адкрыўся басейн. На яго аднаўленне пайшло 115 мільёнаў рублёў з бюджэту раёна.
Цяпер басейн набыў новы выгляд. Тут усталявана падлога з падагрэвам, 2 новыя душавыя кабіны з масажорамі ног і спіны, таму што, на жаль, сёння шмат дзетак з праблемамі пазваночніка.
Патрэбна адзначыць яшчэ і тое, што ў садку з’явілася таксама цудоўная трэнажорная зала, дзе дзеткі могуць займацца фізічнай культурай. Калі раней наведванне басейна было платным, то цяпер бясплатнае. На ўрачыстае адкрыццё басейна пасля рэканструкцыі ў садок завіталі госці: Казімір Лапіч, старшыня райвыканкама, Вадзім Шпетны, намеснік старшыні райвыканкама, а таксама Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама. Загадчыца дзіцячага сада №5 Галіна Старожык, якая паказала гасцям новы басейн і трэнажорную залу, паведаміла таксама аб тым, што дзеткі вельмі любяць праводзіць тут час. Дарэчы, рэканструкцыя басейна працягвалася 4 месяцы, але ёсць яшчэ маленькія недахопы, якія ў хуткім часе абавязкова будуць ліквідаваны. Казімір Віктаравіч, перарэзаўшы сімвалічную чырвоную стужку, адзначыў: “Мы сёння разам радуемся гэтаму дню. Сімвалічна, што менавіта ў такі дзень мы з вамі адкрываем басейн. Сёння дзень абароны дзяцей, сёння ваш дзень, дзеткі! А таму ўсё гэта робіцца для вас, таму што мы, дарослыя, заўсёды павінны думаць пра вас, каб пасля і вы падумалі пра нас. І няхай гэта не зусім новы аб’ект, але мы яго абнавілі, тут сучасная тэхнічная база, а таму ён проста не павінен пуставаць. Вада добра аздараўляе ўвесь арганізм, таму менавіта з самага маленькага ўзросту патрэбна прывучаць дзяцей да здаровага ладу жыцця. Сёння для вас, дзеткі, існуюць усе ўмовы, бо вы самае каштоўнае і дарагое ў жыцці”. Таксама Казімір Віктаравіч павіншаваў усіх са святам і пажадаў малым моцнага здароўя, а таксама, каб яны выраслі годнымі грамадзянамі нашай краіны. Выказалі падзяку кіраўніцтву раёна і працаўнікі дзіцячага садка, і бацькі выхаванцаў, і, вядома, самі дзеткі. Дарэчы, дзеці адразу пасля сімвалічнага перарэзвання чырвонай стужкі не вытрымалі і вырашылі апрабаваць новы басейн. Уражанні былі самымі цудоўнымі.
Анастасія Максімук.
На здымку: у час адкрыцця басейна пасля рэканструкцыі ў дзіцячым садзе № 5.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 6.06.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!