Сёстры

Гэта мы з вамі сёння можам плакацца адзін аднаму з любой нагоды. А яны,  прадстаўнікі ваеннага і пасляваеннага пакалення, такой звычкі не мелі. Яны мірыліся з лёсам і цярпліва неслі свой крыж. Цярпліва яны нясуць яго і цяпер,  не наракаючы ні на што.
Нялёгкім аказаўся лёс і ў Кацярыны Мі­ленцьеўны Бягеза з в. Отчын. Вось што яна расказала сама:
— Маці не раз успамінала такі ваенны эпізод. Прыйшоў у хату немец,  загадаў збірацца і ісці ў Забалацце. Мы тады жылі ў Гуце, за 10 кіламетраў ад Забалацця. З усіх 10 дзяцей, колькі было ў нашай сям’і, дома тады засталіся толькі малодшыя: я і брат. З намі маці і пайшла ў Забалацце. Мне было 2 гады, таму мама мяне ўвесь час на руках несла, а брат, ён быў старэйшым за мяне, усе 10 кіламетраў бедненькі пешшу толькі і паспяваў за намі.
Фёкла і іншыя дзеці пасвілі ў лесе кароў разам з бацькам, таму немец, а ён аказаўся добрым чалавекам, не настойваў на тым, каб старэйшых дамоў прывесці для збораў у Германію. Дзякуючы гэтаму яны і не трапілі туды. 2 гады вымушаны мы былі жыць у зямлянцы, і нават калі ўкраінская тэрыторыя была вызвалена ад захопнікаў, мы ўсё роўна яшчэ 2 гады жылі ў зямлянцы,  бо не было куды перасяляцца. Жылі бедна, есці не было чаго,  перабіваліся, як маглі. У 40 гадоў цяжка захварэла маці і праляжала 10 гадоў,  прыкаванай да ложка, затым памерла. Таму гадавала нас старэйшая сястра Фёкла. Самы маладзейшы брат, які не памятае маці, Фёклу і цяпер мамай называе.
Мы ніколі не забывалі пра яе,  не забылі і тады, калі яна,  пахаваўшы мужа і пасынка,  засталася ў Арэхаве адна. Ды яшчэ і без рукі правай. Апошнюю сястра страціла, калі працавала ў калгасе.
Што ж  яна,  бедная,  там сама рабіць будзе,  раздумалася неяк я,  і папрасіла дзяцей сваіх,  каб яны прывезлі Фёклу да нас. 7 гадоў у нас у Отчыне яна і жыве. Фёкла і для маіх дзяцей як маці, бо і іх яна дапамагала мне гадаваць. Прыязджаюць цяпер дзеці да нас, і яе не забываюць абняць, пацалаваць. Мне падарункі вязуць і ёй таксама. Любяць яе,  бо добрая яна. Часта ў мяне пытаюцца, ці ладзім паміж  сабою. А чаго ж  не ладзіць? Свая ж  кроў,  родная. Можа,  нешта і не так калі бывае, дык я яе перацярплю, а яна — мяне.
Не раз сядзім з ёю і ўсё да драбніц успамінаем. Наплачамся, бо наглядзеліся ў маленстве ўсяго, вайну перажылі, нястачу. Дзякуй Богу, усе замуж павыходзілі і пажаніліся. І мне добрая пара папала. Не магу крыўдаваць на свайго Сцяпана Піліпавіча.
Па 35 гадоў мы з ім у гаспадарцы мясцовай адпрацавалі: я – цялятніцай, а ён – трактарыстам. Дзякуй Богу, пенсію някепскую зарабілі. Няма чаго нам плакацца, адно толькі хочацца, каб здароўе было – у нас саміх, у дзяцей і ўнукаў.
НА ЗДЫМКУ: сёстры Фёкла Міленцьеўна ХОМІЧ і Кацярына Міленцьеўна БЯГЕЗА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий