“Да зямлі іду як на сустрэчу з самым дарагім”

У в. Дубічна сядзібу Івана Дземідзюка мы знайшлі хутка. Але гаспадара дома не засталі. Нягледзячы на тое, што Іван Іванавіч ужо некалькі гадоў на заслужаным адпачынку і ў СВК не працуе, заўсёды думае пра родную гаспадарку, яе стан, радуецца дасягненням і поспехам.
-Толькі што быў тут, — сказала Наталля Фёдараўна, жонка Івана Іванавіча. — Пачакайце, зараз пашукаю…
Былога механізатара неўзабаве мы знайшлі непадалёк ад вёскі. Ён прыйшоў паглядзець, як узводзіцца новая ферма.
-У СВК працы шмат круглы год, але асабліва цяпер. Хіба можна выседзець дома ў такі час? – пытаецца Іван Іванавіч і адразу дадае: — Вядома ж, што не.
Сапраўднаму механізатару, які на палях гаспадаркі прапрацаваў 37 гадоў, цікава глянуць на поле. Як яго ўзаралі, што пасеялі, якія ўсходы кукурузы і пшаніцы, ці хапае вільгаці, ці будзе важкім жытні колас… Гэтае і многае іншае турбуе майго субяседніка.
Іван Дземідзюк з настальгіяй успамінае мінулае. Шум кожнага трактара, што прамільгне міма хаты, вяртае ў пачатак шляху, у далёкія ўжо 60-ыя гады мінулага стагоддзя. І так іншы раз хочацца яму сесці за руль і проста праехацца па шырокім калгасным полі, на поўныя грудзі дыхнуць яго водарам. Здаецца, каб нехта прапанаваў папрацаваць яшчэ на трактары, то, напэўна, не думаючы, згадзіўся б з вялікай радасцю. Родная зямелька, свежаўзараная баразна не адпускаюць аніяк. У мінулым годзе працаваў жа ўсё жніво памочнікам камбайнера і застаўся вельмі задаволеным. Ды і на душы стала лягчэй. Гэта было якраз тое, чаго так не хапала.
-Павенчаны я з зямлёю, — кажа Іван Іванавіч. – Кожны раз да яе іду як на спатканне з любай жанчынай. Маё каханне да жонкі і зямлі знітаваны адзінай любоўю. Вялікай і шчырай.
Іван Дземідзюк усё жыццё працаваў адказна і самааддана, пра што сведчаць 7 узнагарод. Аднак найбольш дарагімі лічыць ордэны Працоўнага Чырвонага Сцяга (1973г) і Дружбы народаў (1986г). Акрамя таго, 2 разы (у 1975 і 1978 гг.) быў прызнаны пераможцам сацыялістычнага спаборніцтва, таксама з’яўляецца ўдарнікам Х пяцігодкі, за выкананне асабістай пяцігодкі за 4,5 года ўзнагароджаны бронзавым знакам ЦК ВЛКСМ “Малады гвар­дзеец пяцігодкі”. Але Іван Іванавіч высокіх паказчыкаў дасягаў не дзеля ўзнагарод і пахвалы. Проста інакш не мог, бо змалку быў прывучаны да працы на роднай зямлі. Ён нарадзіўся і вырас у в.Дубічна. У Велікарыце закончыў 8 класаў, каб набыць сярэднюю адукацыю, наведваў вячэрнюю школу. А пасля падаў дакументы ў СПТВ Маларыты.
-Хто параіў, падказаў ісці туды набываць будучую прафесію? – цікаўлюся я.
-Ды ніхто, — запэўнівае Іван Іванавіч. – Гэта – маё самастойнае і ўсвядомленае рашэнне. А механізатарам стаў так. Мой бацька, Іван Мікалаевіч, пасля вайны вучыўся таксама на трактарыста, але ім не працаваў. У бацькі была кніга ўстройства гусенічнага трактара. І калі ён быў на працы, я кнігу даставаў, уважліва і доўга разглядаў. Яна мяне зацікавіла, пачаў чытаць. Хацелася даведацца, як намаляваная сельскагаспадарчая машына едзе, што знаходзіцца ў яе ўнутры. Дзіцячая цікавасць паступова перарасла ў захапленне.
Пасля заканчэння вучылішча Іван Дземідзюк ўладкоўваецца на працу слесарам у родны калгас імя ХХІІ з’езда КПСС. Потым ад ваенкамата яго накіроўваюць вучыцца на шафёра. Кіраўніцтва гаспадаркі даверыла маладому спецыялісту трактар Т-150. Паступова расло майстэрства, набываўся вопыт работы. Хутка не Іван Іванавіч, а на яго раўняліся іншыя трактарысты.
-Я рабіў любую работу, якую давалі, — гаворыць мой субяседнік. – Ніколі не перабіраў, ніякай сялянскай працы не цураўся, бо добра разумеў, што “чорную работу” нехта павінен таксама выконваць. Прапануюць – значыць, давяраюць. А любы давер неабходна апраўдваць. Так і стараўся працаваць пастаянна, з дня ў дзень.
Кіраўніцтва гаспадаркі аўтарытэтнага, адказнага і стараннага механізатара заўважыла і назначыла брыгадзірам трактарнай брыгады. У падпарадкаванні Івана Іванавіча было 20 трактароў і 35 механізатараў. Сам Іван Дземідзюк выкладваўся, як кажуць, па поўнай праграме. Нават цяжка ўявіць, што можна зрабіць на калгасных палетках, з’ездзіўшы за цэлы дзень 300 літраў дызпаліва. Такое было не раз. Часта працаваў ад цемры да цемры. Замілаванне заўсёды ў трактарыста выклікала тое, што ён бачыў вынікі працы сваіх рук.
-Асабліва радавалася душа, калі сядаў за штурвал камбайна, -заўважае Іван Дземідзюк. — Жоўтыя хвалі збажыны нагадвалі сапраўднае бязмежнае мора. І хацелася як мага хутчэй даплысці з аднага яго канца да другога. Ад гэтага атрымліваў асаблівую асалоду і задавальненне.
А яшчэ Іван Іванавіч неаднаразова выбіраўся членам райкама партыі, а ў сакавіку 1981г. стаў удзельнікам сходу актыву кампартыі Беларусі. Іван Дземідзюк быў камуністам прынцыповым, заўсёды і ва ўсім любіў праўду, не мог цярпець паказухі. Праўду любіў гаварыць, нягле­дзячы на розныя пасады і званні партыйных чыноўнікаў. Заўжды Іван Іванавіч меў рацыю. Да яго слоў прыслухоўваліся, з ім раіліся. Часам нават і пабойваліся, што можа задаць “непатрэбнае” пытанне. Фізічна і маральна быў стойкім, дужым. Зламаць яго было немагчыма.
* * *
У Івана Іванавіча надзейны “дамашні” тыл. Моцны, трывалы. Мужчына ведаў, што заўсёды з радасцю вечарам з працы яго чакае каханая жонка Наталля Фёдараўна. Яна, як звычайна, сустрэне на ганку, шчыра ўсміхнецца, як бы знарок, загляне ў вочы, мімаходам пацікавіцца справамі, раскажа пра навіны, падзеліцца сваімі думкамі, перажываннямі. Усё так проста і будзённа, і ў той жа час неяк незвычайна і рамантычна. Ад гэтага стома знікала адразу, яе як быццам бы і не было зусім. Наталля Фёдараўна, якая ўсё жыццё працавала паштальёнам, начальнікам аддзялення сувязі ў в.Дубічна, і да гэтага часу ўмее падтрымліваць агеньчык дамашняга цяпла.
-Дзе, як не дома, у роднай хаце, чалавеку павінна быць добра, утульна, цёпла, — пераканана Наталля Фёдараўна. – Тут яму неабходна чэрпаць сілы фізічныя і духоўныя. А для гэтага трэба, каб была створана адпаведная атмасфера.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Іван і Наталля Дземідзюкі з в.Дубічна – людзі, якія спаўна аддалі сябе служэнню роднай вёсцы.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


renesans-centr.kiev.ua

renault capture

www.surrogacycmc.com