У аптэку – толькі з рэцэптам?

З 1 ліпеня гэтага года ўзмацняецца кантроль за рэцэптурным набыццём лекавых сродкаў у аптэках. Як будзе ўсё арганізавана на практыцы? Ці не ўзнікнуць вялікія чэргі перад кабінетамі паліклінікі? На гэтыя і іншыя пытанні адказ шукаў карэспандэнт рэдакцыі.
— Да работы ў новых умовах мы падрыхтаваны, — запэўнівае Наталля Ганчарэнка, загадчыца ЦРА №14. – З нашага боку ніякай затрымкі ў абслугоўванні не будзе, таму што аптэка заўсёды прадавала лекавыя сродкі па рэцэптах, калі яны былі ў пацыентаў. З наплывам тых, хто жадае нешта ў нас набыць, таксама справімся, бо ў штаце на сённяшні дзень дастаткова фармацэўтаў-правізараў.
Набыццё лекавых прэпаратаў па рэцэптах – агульнапрынятая сусветная практыка, і гэтага нельга баяцца. У цывілізаваным грамадстве і гэтае пытанне павінна абавязкова быць адрэгулявана. У РБ зарэгістравана прыкладна 6 тысяч гандлёвых найменняў лекавых сродкаў. У адпаведнасці з заканадаўствам іх безрэцэптурны пералік пераглядаецца кожны год. Сёння ў яго ўключана 1222 найменні. Гэты пералік ёсць у гандлёвай зале ЦРА ў папцы “Інфармацыя для наведвальнікаў”. Сюды ў першую чаргу адносіцца тое, што мае невялікія дадатковыя эфекты, не выклікае непажаданых рэакцый, што з’яўляецца простым у прымяненні, мае вялікую тэрапеўтычную шырыню, адсутнасць сістэмнага ўздзеяння на арганізм у лекавых формах мясцовага прымянення (мазь, гель, крэм, ласьён)… Напрыклад, гарачкапаніжальныя, ненаркатычныя анальгетыкі, сродкі расліннага паходжання і інш. Но-шпу і кроплі ад насмарку, напрыклад, можна будзе набыць так, як і раней. Лекавыя сродкі не варта купляць і рабіць у сябе дома своеасаблівыя аптэчныя склады, бо дэфіцыту ў нас не назіраецца. Ёсць ўсе неабходныя для лячэння медыкаменты. Прынцып “На ўсякі выпадак” тут не павінен спрацоўваць. Лекі ж псуюцца. Ды і купленае ў аптэцы назад вярнуць нельга. Нашы спецыялісты растлумачаць, пры якіх сімптомах можна прымяняць той ці іншы лекавы сродак, а пры якіх неабходна звярнуцца да ўрача.
-Любое лячэнне, у тым ліку і нязначнага захворвання, на наш погляд, павінна абавязкова праходзіць пад кантролем урача, — кажа Ірына Урублеўская, загадчыца паліклінікі. – Самалячэнне вельмі часта непрадказальнае і шкоднае для здароўя любога чалавека. На гэты конт можна смела сказаць так: “Усе лекі – атрута, усякая атрута – лекі. Адрозніваюцца яны адзін ад аднаго толькі дозаю”. Таму неабходна быць асцярожным і ўважлівым. Лячыць свае хваробы самастойна нельга, лепш гэта даверыць спецыялісту.
Усе нашы ўрачы да новаўвядзення падрыхтаваны. Рэцэптурных бланкаў таксама хапае. Цяпер, калі пасля лячэння пацыент будзе пакідаць сцены бальніцы, яму разам з выпіскай з гісторыі хваробы выдадуць, пры неабходнасці, і рэцэпты на асноўныя прэпараты. Рэцэпт мае тэрмін дзеяння адзін месяц, аднак пры неабходнасці яго можна прадоўжыць да 6 месяцаў. Тое ж самае тычыцца і льготных рэцэптаў. Іх можа выпісаць толькі ўчастковы тэрапеўт (урач). Набыць назначаныя лекі можна толькі па месцы жыхарства і ў дзяржаўных аптэках. Іншыя медыкаменты з рэцэптам, напрыклад, Маларыцкай ЦРБ можна набыць на ўсёй тэрыторыі РБ. Каб не стаяць у чарзе перад кабінетам урача ў паліклініцы, участковага тэрапэўта можна выклікаць дамоў па нумарах тэлефонаў (многаканальных): 21533 і 23399. Хочацца яшчэ раз нагадаць наступнае. Перш, чым купляць лекавы сродак без рэцэпта, неабходна абавязкова пракансультавацца з урачом, уважліва прачытаць інфармацыю, якая змяшчаецца на ўпакоўцы, вывучыць інструкцыю па прымяненні.
* * *
-Навошта лячыцца медыкаментамі і сябе травіць? – пытаецца Фёдар Джыга. – Лепш – народнымі сродкамі: травамі, цыбуляй, часнаком, мёдам… У Маларыце ёсць жа выдатныя спартыўныя аб’екты. Туды трэба ісці па здароўе і там яго шукаць. У дапамогу – ранішняя фіззарадка, лёгкі бег, фізічная праца, правільнае харчаванне.
-Я супраць таго, што на многія медыкаменты будуць уведзены рэцэпты, — гаворыць Людміла Сакальчук. – Калі ў мяне баліць нага, я ж не буду прымяняць лекі ад галавы. Пражыўшы пэўны адрэзак жыцця, кожны чалавек сам сабе становіцца ўрачом і можа паставіць правільны дыягназ.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымках: Наталля Ганчарэнка, загадчыца аптэкі, і Ірына Урублеўская, загадчыца паліклінікі, перакананы, што з 1 ліпеня ніякага ажыятажу ў іх установах назірацца не будзе.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.06.2012 г.

Добавить комментарий


http://velotime.com.ua

https://unc-mps.com.ua

заказ воды
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!