Плат жанчыну ператварае ў паненку

Марыя Ніканчук, вучаніца 10 “Б” класа раённай гімназіі, паспрабавала наблізіцца да разгадкі таямніцы непаўторнага і своеасаблівага плата (наміткі) Маларыцкага строю адзення: яго сімволікі, колернасці… І вось пра што яна даведалася.
Плат надаваў асобую ўрачыстасць святочнаму строю замужняй жанчыны Маларытчыны. Намітка — старажытны галаўны убор ручніковага тыпу, які адмыслова-мудрагеліста завіваўся, абкручваўся, намотваўся вакол галавы і кампазіцыйна завяршаў увесь комплекс адзення.
Платы аздабляліся складанай выцінанкай, часта з сімвалічнымі традыцыйнымі ўзорамі. Выцінанка размяшчалася па краі і на канцах плата. Часцей за ўсё жанчына ўпершыню апранала намітку на ўласнае вяселле. Яна часта захоўвалася жанчынай ўсё жыццё і апраналася пры пахаванні. Ткалі плат з кужэльных нітак, стараючыся, каб ён быў як мага танчэйшым. Наміткі мелі звычайна даўжыню 320-350 см, шырыню 60-65 см і аздабляліся шырокімі бардзюрамі шчыльнага ромба-геаметрычнага арнаменту, які размяшчаўся на канцах, а ў самых урачыстых платах — і на адным падоўжным баку. Такія платы называлі «акалястымі», «акалестымі». Яны вельмi ўрачыстыя, аздобленыя па трох баках шчыльным ромба-геаметрычным арнаментам цёмна-чырвонага колеру. Акрамя таго, адзін з ражкоў акалестага плата дадаткова ўпрыгожвалі вышытай зоркай. Цiкава, што маларыцкiх жанчын не задавальняў звычайны чырвоны колер купленых нiтак. Яны падфарбоўвалi iх крушынай альбо дубовай карой, каб надаць больш глыбокi — карычнева-чырвоны — тон.
Акалястыя платы ўпрыгожвалі ў тэхніцы старажытнай вышыўкі наборам («нацягам»). Ён на Маларытчыне называўся «нацяганы», а вышыўка — «нацягам», або па-руску «набором». У некаторых мясцiнах яна называлася «нашыванне», таму што ўзор нашываўся на палатно.
Плат звычайна павязвалі на чапец. «Завіванне» наміткі было даволі складаным і патрабавала значнага часу і пэўнага ўмення. На Маларытчыне існавалі самыя разнастайныя спосабы павязвання платаў. Кожны спосаб адпавядаў пэўнай мясцовасці. Але нярэдка і ў адной вёсцы завівалі яго рознымі спосабамі.
Каб завіць плат, перш за ўсё жанчыне трэба валасы гладка зачасаць i разабраць на прамы прабор, потым накруцiць на адмысловы льняны абруч — тканку, i ўкласцi на макушку. Абруч надаваў прычосцы асаблiвую форму. На прычоску жанчыны ў некаторых вёсках маглі надзяваць белы паркалёвы чапец, упрыгожаны спераду нашыўкай з белага гафту i карункамi. Чапец замацоўваўся на галаве з дапамогай матузка, што сцягваў яго нiжэй за патылiцу. Валасы спераду заставалiся крыху адкрытымi.
Далей плат у разгорнутым выглядзе накладаўся на галаву такім чынам, што левы яго канец абрамляў твар, праходзіў пад падбародкам, падымаўся ўверх з правага боку і перакідваўся цераз сярэдзіну галавы зноў на левы бок. Пры гэтым яго папярэчны край, аздоблены шырокім арнаментальным бардзюрам, а часам яшчэ і разеткай, закрываў левае плячо і вуглом спускаўся на спіну. Правы канец плата складваўся ўдоўж папалам, а потым згортваўся яшчэ два разы, у выніку чаго аказваўся складзеным у шэсць столак. У такім выглядзе ён ахопліваў працягнуты пад падбародкам левы канец, падымаўся ўверх, накіроўваўся назад і абручыкам абыходзіў кругом галавы. Пры гэтым арнаментаваны беражок акалястага плата праходзіў па версе абручыка. Ззаду канец у такім жа складзеным выглядзе падтыкаўся знізу ўверх пад папярэдні слой, утвараў зверху невялікую пятлю, а астатняя яго частка звісала ўздоўж спіны паверх разгорнутага левага канца плата. Уся канструкцыя бездакорная i выразная з усiх бакоў. Яна поўнасцю мяняе вобраз жанчыны, рысы яе твару, падкрэслiваючы вочы, робячы больш правiльным контур.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: любая дзяўчына ў намітцы становіцца прыгажуняй.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 6.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://teplostar.kiev.ua

tokyozakka.com.ua

www.apach.com.ua