СВОЙ БЕРАГ

Васіль Бягеза, якому, як і многім нашым землякам,  давялося служыць у Афганістане, пра тую вайну ў чужой краіне шмат расказваць не любіць, хаця ў памяці яго і сёння жыве многае, што давялося перажыць кожнаму воіну-інтэрнацыяналісту, апынуўшыся на чужой зямлі. А перажыць давялося шмат, бо на вайне,  як на вайне. Яна не можа быць без страхаў, без жахаў, без крыві і без смерці. Калі бачыў параненымі,  скалечанымі, а то і мёртвымі сваіх баявых таварышаў, не раз само па сабе напрошвалася пытанне: “За што?”. Але гэтае пытанне “афганцы” будуць задаваць праз шмат гадоў пасля той вайны. І адказаў на яго так і не знойдуць.
Служыў Васіль у батальёне забеспячэння. Яго машына, а ён быў вадзіцелем,  накалясіла па Афганістану больш за 60 тысяч кіламетраў.
— Спаў ты ці не спаў, — пра гэта мы тады не думалі, — расказваў Васіль Сцяпанавіч. – Думаў пра тое, што дзесьці цябе чакаюць свае ж хлопцы, і ты, што б ні здарылася, павінен своечасова даставіць ім боепрыпасы, адзенне альбо прадукты харчавання.
У 12 баявых аперацыях удзельнічаў Васіль Бягеза, дзве з іх былі буйнамаштабныя. За праяўленую ў адной з такіх смеласць ён быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. Але не гэта ён лічыць галоўным. Добра, што здаровым і жывым вярнуўся дамоў, дзе яго чакалі бацькі і ўсе сваякі.
Пра горад Васіль ніколі не думаў, нават не марыў, таму,  вярнуўшыся з арміі,  застаўся працаваць у калгасе. Балазе,  у яго на той час быў ужо вадзіцельскі вопыт,  першакласнаму спецыялісту ў гаспадарцы знайшлі не толькі рабочае месца,  але і былі шчыра рады.
20 гадоў адпрацаваў Васіль Бягеза на “ГАЗ-53”, а калі ў гаспадарку набылі новенькі “МАЗ”, вядома ж, ён дастаўся аднаму з лепшых і вопытных вадзіцеляў.
Стараецца Васіль Сцяпанавіч на грамадскай рабоце,  стараецца і дома. Сам вясковы, ён добра ведае, што жыць на сяле і не трымаць гаспадарку можа дазволіць сабе толькі гультай. На ўласным падвор’і ў іх з жонкай ёсць дзве каровы, свінні і іншая жыўнасць – усё тое, што вяскоўца корміць.
— І нават у памяць пра бацьку каня ўласнага трымаю, — удакладняў Васіль Сцяпанавіч. – Добра з ім, хаця і турбот хапае.
Але такія турботы не ў цяжар, а ў радасць вясковаму чалавеку, бо менавіта яны і ёсць адно са складаемых яго жыцця.
Васіль Сцяпанавіч вельмі сціпла расказваў нам не толькі пра сябе,  але і пра сям’ю сваю. Настаўнікі мясцовай школы, дзе вучылася старэйшая дачка Васіля Сцяпанавіча, Кацярына (цяпер яна студэнтка трэцяга курса Брэсцкага дзяржаўнага педуніверсітэта),  і дзе цяпер займаецца сын Андрэй (10-класнік), нам сказалі, што сям’я Бягезаў – працавітая,  дружная і здаровая. Яны самі і іх дзеці — прыклад для іншых.
— Андрэй Бягеза – акуратыст, майстравіты, як гаворыць яго маці, гаспадар у доме, калі бацькі няма, — расказвала завуч школы. – Рукі ў яго залатыя.  Над ім не трэба стаяць, калі нешта даручыш. Летась і пазалетась Андрэй удзельнічаў у раённай алімпіядзе па тэхнічнай працы і заняў трэцяе і чацвёртае месцы адпаведна.
Паспяхова займаецца ва універсітэце і Кацярына. Нездарма ёй далі магчымасць перавесціся з платнай формы навучання на бясплатную.
Не сказаў нам яшчэ Васіль Сцяпанавіч, што ён дэпутат мясцовага Савета. А гэта значыць, што аддаючы за яго свае галасы, вяскоўцы ўбачылі ў ім годнага чалавека.
НА ЗДЫМКУ: воін-афганец, вадзіцель СВК “Гвозніца” Васіль БЯГЕЗА.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий