У Мінск — на магілу Платона Саевіча

Кожная школа, як і вёсачка, мае сваю адметную гісторыю, свой лёс. Гісторыя Велікарыцкай сярэдняй школы непарыўна звязана з біяграфіяй Платона Васільевіча Саевіча, ганаровае імя якога яна носіць ужо не першы год.
У 2007 годзе наша школа адзначыла 115-годдзе з дня нараджэння Платона Саевіча. На святкаванне юбілею былі запрошаны дачка знакамітага земляка Зінаіда Платонаўна і яе стрыечны пляменнік Канстанцін Фёдаравіч Саевіч.
Я і зараз памятаю моманты той хвалюючай сустрэчы, калі мы шчыра віталі хлебам-соллю дарагіх гасцей з Мінска. Так пачалося цікавае знаёмства з родам Саевічаў, якое працягваецца і да сённяшніх дзён.
У красавіку наша школа адзначала 120-годдзе з дня нараджэння П.В Саевіча. Было вырашана абавязкова пабываць у Мінску, каб ушанаваць памяць нашага выдатнага земляка. Разам з дырэктарам школы Ірынай Міхайлаўнай Наркевіч пашчасціла адправіцца ў паездку мне і вучню 11 класа Яўгену Леўчуку. Гэта стала для нас узнагародай за добрыя вынікі на абласных алімпіядах.
…І вось мы ў Мінску. На пероне нас сустрэў Канстанцін Фёдаравіч Саевіч. Знаёмства з гэтым чалавекам – доктарам біялагічных навук, выкладчыкам Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага ўніверсітэта імя А.Д.Сахарава, лаўрэатам шматлікіх конкурсаў у галіне навукі, прафесарам па спецыяльнасці «Экалогія», акадэмікам Славацкай акадэміі сельскагаспадарчых навук, аўтарам больш чым 150 навуковых, вучэбна-метадычных і навукова-папулярных публікацый, стваральнікам музычных твораў і апавяданняў аб жыцці юных натуралістаў (і гэта толькі невялікі пералік яго ганаровых званняў і заслуг у вобласці навукі), было вельмі цікавым. Але, нягледзячы на ўсе званні і тытулы, у зносінах з намі ён аказаўся чалавекам простым, шчырым і добразычлівым. Дарэчы, Канстанцін Фёдаравіч – бацька траіх дзяцей (самы малодшы навучаецца ў першым класе і завуць яго — Платон Саевіч).
На жаль, не стала ў сакавіку 2011 года Зінаіды Платонаўны. Мы ўшанавалі яе памяць, памяць яе бацькі і родзічаў, усклаўшы кветкі на іх магілы. Хвіліна маўчання. Добрыя словы ўспамінаў аб светлых і шчырых людзях.
Пабывалі мы і на магілах Янкі Купалы і Якуба Коласа. Вялікім падарункам ад Канстанціна Фёдаравіча для нас стала экскурсія ў Беларускі дзяржаўны цырк, на праграму «Цырк Нікуліна і Нацыянальны цырк Кубы», а сюрпрызам ад кіраўніцтва школы было наведванне дэльфінарыя. Потым была вячэрняя экскурсія па гораду. Адпраўляліся мы з Мінска цягніком ноччу. Стомленасці не адчувалі, бо былі перапоўнены прыемнымі ўражаннямі, радасцю. А таксама пачуццём удзячнасці Канстанціну Фёдаравічу Саевічу і кіраўніцтву школы за такі незабыўны дзень.
Марына МАРТЫНЮК, вучаніца 10 класа ДзУА «Велікарыцкая сярэдняя школа імя П.В. Саевіча».
НА ЗДЫМКУ: на магіле Платона Саевіча ў Мінску.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 13.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.chemtest.com.ua

еще по теме velotime.com.ua

читать далее shtory.ua