Брыльянтавы май

…Хаты хаваліся ў белай майскай квецені. Водарнае паветра кружыла галаву. А сэрца моцна білася ад хвалявання… Дзмітрый Яўстафавіч Кацёл і Марыя Сямёнаўна Капусціна па ціхай вулачцы ішлі рэгістраваць шлюб. Было гэта роўна 60 гадоў назад.
Дзмітрый Яўстафавіч нарадзіўся ў вёсцы Олтуш. У 1941-ым, калі пачалася вайна, было яму шаснаццаць гадоў. Усяго шаснаццаць… Такіх не бралі на фронт. Ужо шаснаццаць… А значыць, як і іншыя маладыя людзі, якіх захопнікі сілаю вывозілі ў Германію, ён мог апынуцца на чужыне. Вось і падаўся хлопец у партызанскі атрад. А потым была армія. З войскамі, якія гналі ворага, дайшоў Дзмітрый Яўстафавіч да Берліна. Ён памятае шмат страшных баёў, калі пад кулямі даводзілася ісці ў наступленне. Выжываў той, каму пашчасціла. У ліку “шчасліўчыкаў”, якія дажылі да перамогі, быў і ён. Дамоў, мабілізаваўшыся толькі ў 1949-ым, вярнуўся з ордэнам Чырвонай Зоркі.
Вайна не дала юнаку закончыць школу. Але ён паставіў сабе мэту – абавязкова вывучыцца. Атрымаў сярэднюю адукацыю, потым закончыў фінансавы тэхнікум. Першым пасляваенным месцам працы Дзмітрыя Яўстафавіча быў фінансавы аддзел, дзе ўзначаліў ён пасаду начальніка падатковай інспекцыі. Пераканаўшыся ў адказнасці маладога работніка, прапанавалі яму работу інструктара ў райкаме партыі.
На календары быў 1951 год. Дваццацігадовая Марыя Капусціна закончыла фельчарскую школу, у якой якраз быў першы выпуск санітарных фельчараў. Дзяўчына з Магілёўшчыны ніяк не думала, што лёс закіне яе за сотні кіламетраў ад маленькай радзімы — у брэсцкія мясціны. Пра Маларыту, калі пры­ехала ў Брэст, пачула ўпершыню. Згадзілася ехаць сюды адразу, бо думала вясковая дзяўчына, што будзе жыць у горадзе.
— Прыехала. Азірнулася па баках – нідзе горада не ўбачыла. Пайшла па вуліцы, уздоўж якой звычайныя вясковыя хаты стаяць. Вось ужо і канец Маларыты, а я па дарозе толькі тры цагляныя дамы заўважыла. Думаю, адпрацую тут тры гады і дамоў вярнуся, — успамінае гады сваёй маладосці Марыя Сямёнаўна.
Але чалавек загадвае, а лёс сам вырашае будучыню. Маладых дзяўчат з санстанцыі пасялілі ў адным з прыватных дамоў па завулку Вакзальным. У другім пакоі таго ж дома жылі хлопцы, а сярод іх – Дзмітрый Кацёл. Дзень за днём Марыя і Дзмітрый прыглядаліся адзін да аднаго, а потым зразумелі – іх сэрцы даўно ўжо ўзяло ў палон каханне.
Цяпер, калі ў мінулым шэсць дзясяткаў пражытых разам гадоў, калі перажыты многія радасці і беды, калі выраслі, вывучыліся і ўладкаваліся ў жыцці дзеці, калі ёсць прадаўжэнне роду ва ўнуках і праўнуках, Дзмітрый Яўстафавіч і Марыя Сямёнаўна могуць упэўнена сказаць: шчасце не залежыць ад пышнасці вяселля, колькасці запрошаных на яго гасцей і шыкоўнасці мядовага месяца. Сямейнае жыццё толькі тады трывалае і шчаслівае, калі людзі ўмеюць цаніць падоранае ім нябёсамі пачуццё, паважаюць адзін аднаго.
Зарэгістраваць свой шлюб Дзмітрый і Марыя пайшлі ў будні дзень, у абедзенны перапынак. Марыя засталася на парозе, а Дзмітрый, як смелы франтавік, “адправіўся ў разведку”. Дамовіўшыся, паклікаў нявесту. Распісаліся. Грошай не толькі на тое, каб зрабіць вяселле, але нават на заручальныя пярсцёнкі не было. Ды гэта маладых ніколькі не бянтэжыла. Яны ведалі – калі яны разам, значыць, усё ў іх будзе добра.
Адсвяткаваць такую важную для абаіх падзею яны не змаглі не толькі з сябрамі, але і нават удваіх. Адразу з ЗАГСа Дзмітрый і Марыя пайшлі кожны на сваю работу. Не паспеў Дзмітрый пераступіць парог свайго кабінета, як яго паставілі перад фактам: трэба тэрмінова адпраўляцца ў камандзіроўку па раёне. Калі б гэта было сёння, дык наведаць некалькі вёсак на машыне можна было б за некалькі гадзін. А тады ў камандзіроўку ішлі пешшу. І кожны ведаў, што гэта зойме некалькі дзён.
— Што ж заставалася рабіць. Адказаў: “добра” і пайшоў збірацца ў дарогу, — расказваў Дзмітрый Яўстафавіч.
— А як аднеслася да гэтага маладая жонка?
— Нармальна аднеслася, з разуменнем. Яна ж ведала, што ў мяне адказная работа.
Яшчэ не раз Марыі Сямёнаўне давя­дзецца ў жыцці ахвяраваць многім дзеля шчасця сям’і. Толькі маладая пара пачала абжывацца ў Маларыце, як Дзмітрыю Яўстафавічу, які ў той час курыраваў некалькі гаспадарак раёна, настойліва прапанавалі ўзначаліць калгас “1 Мая”. Маладой сям’і з горада давялося пераязджаць у вёску Радзеж. Спачатку пасяліліся яны на кватэры, дзе ў адным маленькім пакоі жылі разам з пажылымі гаспадарамі. Потым перабраліся ў мясцовы клуб. Працавалі, каб было чым сям’ю карміць, грошы збіралі на дом, вельмі радаваліся, калі пабудавалі сваё жыллё.
Дзе б ні даводзілася Дзмітрыю Яўстафавічу працаваць, да любой работы ён заўжды ставіўся сур’ёзна і сумленна. Гаспадарка, якой кіраваў, у той час славілася вырошчваннем кукурузы. Дзяліцца вопытам вырошчвання гэтай культуры ў 1959 годзе старшыня калгаса адправіўся ў Маскву, на выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі. Гэтую паездку Марыя Сямёнаўна, якая разам з мужам паехала ў сталіцу, запомніла на ўсё жыццё. Кукурузныя снапы вышынёй у чатыры метры, з вялікімі пачаткамі, прывезеныя ў Маскву з Радзежа, выклікалі захапленне ў многіх. А таму было чаму радавацца. Ды і горад вялікі змаглі паглядзець, у тэатры пабывалі, магазіны сталічныя наведалі. На ўсё жыццё успамінаў хапіла!
Так атрымалася, што пасаду стар­шыні гаспадаркі Дзмітрыю Яўста­фавічу давялося змяніць на пасаду старшыні Хаціслаўскага сельскага Савета, а праз некалькі гадоў, калі быў адноўлены Маларыцкі раён, яго назначылі начальнікам інспекцыі дзяржаўнага страхавання, дзе і працаваў Дзмітрый Яўстафавіч да выхаду на пенсію.
Свой дом у той час Дзмітрый Яўстафавіч і Марыя Сямёнаўна вырашылі перавезці з Радзежа на радзіму мужа, у Олтуш. Так і сталі яны олтушскімі жыхарамі. Марыя Сямёнаўна, якой, накіроўваючыся за мужам, не раз даводзілася мяняць месца работы, нарэшце, змагла ўладкавацца на пастаяннае месца — фельчарам у сельскую ўчастковую бальніцу.
Абжываць сваё новае сямейнае гняздо, у якім падрасталі ўжо дзве дачкі, Дзмітрый Яўстафавіч і Марыя Сямёнаўна пачалі з першага дня. Пасадзілі вялікі сад, у якім было больш за 50 яблынь, добраўпарадкавалі ўчастак. Усё жыццё, якое праляцела, як прызнаецца Марыя Сямёнаўна, як адно імгненне, яны працавалі на зямлі.
— Калі пачынаеш успамінаць мінулае, разумееш: заўсёды нечага не хапала. Каб набыць якую рэч, трэба было эканоміць. Але не гэта галоўнае. Важна, што дзяцей выгадавалі, вывучыцца і ў жыцці ўладкавацца ім дапамаглі. Для бацькоў – гэта самае вялікае шчасце.
Людміла і Святлана, дочкі Дзмітрыя Яўстафавіча і Марыі Сямёнаўны, жывуць далёка. Адна — у Ялце, другая — у Санкт-Пецярбургу. Але да бацькоў, на сваю маленькую радзіму, хоць даводзіцца пераадольваць тысячы кіламетраў, прыязджаюць штогод. Тады вялікі дом, у якім, дзякуючы клапатлівым рукам гаспадыні, утульна, чыста і расце шмат кветак, напаўняецца зусім іншым жыццём.
У кожнай сям’і свой рэцэпт шчасця. У Дзмітрыя Яўстафавіча Катла і Марыі Сямёнаўны Капусцінай (хоць Марыя Сямёнаўна ўсё сваё жыццё следавала за мужам, дзелячы і жыццёвыя, і бытавыя нязручнасці і праблемы, але прозвішча захавала сваё, дзявочае) ён просты: быць цярплівымі і цярпімымі, умець уступаць у дробязях, тады і ў важных пытаннях заўжды будзе згода.
3 мая, у дзень брыльянтавага вяселля, у доме юбіляраў не было шумнага застолля. З ранку гаспадары заняліся прывычнымі для вяскоўцаў справамі: пакармілі сваю маленькую гаспадарку – трымаюць цяпер пенсіянеры толькі курэй, і Марыя Сямёнаўна адправілася ў гародчык папалоць кветкі. Тут, наведаўшыся, каб павіншаваць Дзмітрыя Яўстафавіча і Марыю Сямёнаўну з 60-годдзем сумеснага жыцця і перадаць сям’і віншаванні ад упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, і сустрэлі мы гаспадыню. Шчырая размова, якая для юбіляраў была добрай нагодай успомніць пражытае, запомнілася надоўга. Бо гэта быў своеасаблівы ўрок мудрасці.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Дзмітрый Яўстафавіч і Марыя Сямёнаўна 60 гадоў ідуць па жыцці разам.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.06.2012 г.

Добавить комментарий


http://www.best-cooler.reviews/
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!