“Водаправод будавалі, а вады няма…”

“Прамую лінію” з жыхарамі раёна правёў першы намеснік старшыні райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч. Ніжэй – рэпартаж з яе.
Праскоўя Андрэеўна Дзямчук, в. Арэхава, пенсіянерка:
— Былі б вельмі ўдзячны, каб кіраў­­ніцтва нашага СВК аказала садзей­нічанне ў кашэнні травы для ўласнай каровы?
— Дык вы можаце выпісаць гатовае сена ў гаспадарцы столькі, колькі трэба.
— У нас ёсць трава на сваім участку. Мы хацелі б, каб толькі дапамаглі яе скасіць.
— Як пажадаеце, паважаная Праскоўя Андрэеўна. Ваша просьба будзе задаволена.

Вячаслаў Васільевіч Крэнь, г. Маларыта, вул. Заводская, д. 14, кв. 38:
— У новым квартале забудовы, што на вул. Школьнай, водаправод зрабілі, а вады няма…
— Літаральна гэтымі днямі падрадчык прыступіць да работ па завяршэнню будаўніцтва водаправода. Там не хапае некалькіх калодзежаў і запорнай арматуры. У ІІІ квартале работы будуць выкананы. Пасля адсыпання дарог водаправод у вашым жыллёвым квартале забудовы перададуць на баланс РВА ЖКГ “Маларыцкая ЖКГ”.
Дарэчы, наконт гэтага пытання да Вячаслава Федзюковіча звярнуліся яшчэ 2 жыхары горада, якія таксама з’яўляюцца забудоўшчыкамі квартала па вул. Школьнай.

Святлана Сяргееўна Мазурык, вул. Савецкая, д. 100/1, кв. 20:
— 2 месяцы назад сусед па пад’езду ў п’яным выглядзе вырваў акно з казырком. Выклікалі супрацоўнікаў міліцыі, якія сказалі, што трэба звяртацца ў камунальную службу. Самі жыльцы спрабавалі акно ўстанавіць, аднак яно зноў выпадае. Яшчэ каму-небудзь на галаву ўпадзе.
— Вы тэлефанавалі дыспетчару камунгаса на нумар 115?
— Не. Мы звярталіся ў жыллёвы аддзел, аднак наша просьба не задаволена.
Вячаслаў Іларыёнавіч даручыў дырэктару РВА ЖКГ Аляксандру Пешту разабрацца ў гэтай сітуацыі і дапамагчы жыльцам пад’езда.

Вера Рыгораўна Бушунова, г. Маларыта, вул. Леніна, д. 39, кв. 3:
— Будуем дом у новым квартале па вул. Школьнай. У гэтым годзе нам трэба здаваць яго ў эксплуатацыю, аднак крэдытаванне прыпынена, як быць?
— Вера Рыгораўна, паколькі цяпер у раёне крэдытуюцца толькі шматдзетныя сем’і ў першую чаргу, вам трэба крыху пачакаць. Згодна з адпаведным Указам Прэзідэнта, вы таксама будзеце прафінансаваны. Раз указ ёсць, ён будзе дзейнічаць.

Вольга Пятроўна Сахарчук, г. Маларыта, вул. Заводская, 10/1, кв. 2:
— Мы — шматдзетная сям’я, будуем дом, карыстаемся крэдытамі. У красавіку звярталіся ў банк наконт чарговай часткі крэдыту, каб заплаціць за вокны, якія заказалі. Аднак там сказалі, што грошай няма. Калі яны будуць?
Вячаслаў Іларыёнавіч тут жа звязаўся па тэлефоне з дырэктарам ЦБУ № 120 ААБ “Беларусбанк” Алегам Якубчыкам, які паведаміў, што ў чэрвені г.г. сям’я Вольгі Сахарчук атрымае крэдыт.

Вольга Мікалаеўна Саўчук, г. Маларыта, вул. Лермантава, 16, кв. 34:
— У нашым горадзе пабудаваны супермаркет. Ходзяць чуткі, што яго перададуць Маларыцкаму райспажыўтаварыству. Ці праўда гэта? І калі яго плануюць адкрыць?
— Ён будзе адкрыты ў ІІІ квартале. А вось адназначна сказаць, у чыёй уласнасці гандлёвая кропка будзе знаходзіцца, пакуль не магу. Пытанне ў стадыі вырашэння.

Людміла Паўлаўна ДзЯм’янец, г. Маларыта, вул. Будаўнічая, д. 19:
— Мяне хвалюе пытанне ўладкавання сына ў дзіцячы садок. Яму яшчэ няма двух гадоў, я хацела б уладкаваць яго раней, не чакаючы, пакуль споўніцца 3 гады, каб ён адаптаваўся ў садзе, пакуль выйду на работу. Аднак у раённым аддзеле адукацыі мне пакуль не паабяцалі.
— Паважаная Людміла Паўлаўна, у аддзеле адукацыі групы фарміруюцца згодна з чаргой, якая існуе, месцаў у садах цяпер не хапае. Аднак калі вашаму дзіцяці споўніцца 3 гады і вы стаіце на чарзе, месцам у дашкольнай установе забяспечаны будзеце.
— І яшчэ такое пытанне. Па нашай вуліцы пасля дажджоў прайсці нельга – гліна распаўзаецца…
— Дарогі ў вашым раёне, а гэта Лазкі, намнога сталі лепшымі, чым былі. Маларыцкае ДРБУ перасыпала вашу вуліцу – мяняла гравій. Проста ён яшчэ не ўтрамбаваўся. Трэба крыху пачакаць.

Вера Леанідаўна Смаль, вул. Савецкая, д. 100/1, кв. 23:
— Каля нашага дома не добра­ўпарадкавана тэрыторыя. Дзіцячыя пляцоўкі нібыта абсталяваны, аднак маці з каляскамі пад’ехаць не могуць – дарожкі разбітыя, пасля дажджу стаяць лужыны.
— У чэрвені г.г. тэрыторыю вашага двара будзе асфальтаваць Маларыцкае ДРБУ-179.
— Дзякуй.

Ірына Якаўлеўна Максімук, в. Олтуш, вул. Светлая, д. 11. У мяне некалькі пытанняў:
— Мы шматдзетная сям’я, нядаўна пераехалі ў дом, пабудаваны дзяржавай. Аднак нявырашанымі засталіся пытанні часткі водаправоду — ён пастаянна перамярзае.
— Тую частку водаправода, што ля вашага дома, наколькі ведаю, павінны былі перакласці – паглыбіць. Паважаная Ірына Якаўлеўна, прадпрымем усе меры, каб да першых замаразкаў вашу праблему зняць.
— Не можам перанесці стацыянарны тэлефон з кватэры па вул. Новай, 14, кв. 1, дзе раней жылі, у новы дом. Пісалі заяву ў абаненцкую службу райвузла электрасувязі, адкуль атрымалі адказ, што перанесці тэлефон няма тэхнічных магчымасцей.
— У верасні-кастрычніку гэтага года райвузел электрасувязі плануе пракласці новыя кабелі сувязі ў раёне, дзе вы цяпер жывяце, тады ў вас з’явіцца магчымасць тэлефанізаваць новае жыллё.
— За Олтушскім храмам на водаправодным калодзежы няма люка, і да бяды ж недалёка.
— Разумею вас, Ірына Якаўлеўна. Гэты водаправод знаходзіцца на балансе ПМК-20. Падрадчыку будзе даручана без прамаруджвання ўстанавіць люк.
— І такое яшчэ пытанне. У вёсцы Олтуш недастаткова аўтобусных прыпыначных пунктаў. Не ўсім жыхарам зручна да іх дабірацца.
— На мой погляд, яны ў вёсцы ў самых зручных месцах. Прыпыначныя пункты аўтобусаў устанаўліваюцца згодна з адпаведнымі параметрамі.

Сцяпан Іванавіч Абрамчук, г. Маларыта, вул. Энергетыкаў, 10:
— Нашу вуліцу добраўпарадкавалі: паклалі гравійнае пакрыццё. Аднак калі ўстанаўлівалі каналізацыйныя калодзежы, усю гліну вывернулі на дарогу. Грэйдзіравалі яе толькі адзін раз.
— Зразумеў вас, Сцяпан Іванавіч. Пытанне стаўлю на кантроль і абяцаю, што дарога ў бліжэйшыя дні будзе прагрэйдзіравана.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Вячаслаў ФЕДЗЮКОВІЧ.

Опубликовано в «ГЧ» 13.06.2012 г. 

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


別れさせ屋 大阪

www.maxformer.com/

www.farm-pump-ua.com