АПОШНІ ШКОЛЬНЫ БАЛЬ…

Выпускнікі Маларытчыны развіталіся з дзяцінствам
У дарослае жыццё ўступае яшчэ адно пакаленне маларыцкіх школьнікаў. Для 280 выпускнікоў адбыўся апошні школьны баль.
Кожны з выпускаў па-свойму непаўторны. Сёлетні ж раённы баль выпускнікоў адметны тым, што ў ім прынялі ўдзел высокія госці – старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, намеснік старшыні Леанід Цупрык, начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Міхаіл Ціханчук. Ну, і, вядома ж, раённае кіраўніцтва на чале з Казімірам Лапічам. Урачыстае і прыгожае дзейства праходзіла на гарадской плошчы, на якой было шматлюдна – сабраліся, як заўсёды, бацькі, родныя і блізкія, сябры выпускнікоў, многія гараджане.
Звяртаючыся да вы­пускнікоў, Канстанцін Сумар адзначыў поспехі і дасягненні многіх з іх у вучобе, у навуковых распрацоўках, у спорце на абласным і рэспубліканскім узроўнях, назваўшы іх першымі перамогамі.
— І ў вашым горадзе, і ў іншых падобных гарадах нашай вобласці, — гаварыў Канстанцін Андрэевіч, — нямала зроблена для таго, каб вы маглі тут добра вучыцца, усебакова развівацца, а потым, атрымаўшы дыпломы спецыялістаў, уносіць свой уклад у развіццё нашага рэгіёна. Мы вельмі разлічваем на вас – маладых, энергічных, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Жадаю, каб кожны з вас апраўдаў надзеі, якія ўскладае на вас краіна. І якую б дарогу вы ні абралі, заставайцеся сумленнымі і прыстойнымі.
Па традыцыі, на выпускным балі ўручалі выдатнікам медалі і прэміі райвыканкама. Гэтую місію выканаў кіраўнік вобласці. Сёлета ў раёне 5 залатых медалістаў. Гэта Марына Тарасюк з СШ № 2, Настасся Аўдзяюк з Гвозніцкай СШ, Вікторыя Нікіцюк з Макранскай СШ; Вікторыя Астапук з Чарнянскай СШ і Яраслаў Сцепанюк – выпускнік Лукаўскай СШ. Яны не толькі выдатнікі ў вучобе, але за імі цягнецца шлейф тытулаў, што вызначае іх актыўную жыццёвую пазіцыю. Са словамі пажаданняў на жыццёвую дарогу звярнуліся дырэктар СШ № 2 Любоў Куц і дырэктар раённай гімназіі Сяргей Антонаў.
Гучалі школьны вальс, настаўніцкі вальс. Узняліся ў неба рознакаляровыя шары. Бывай, дзяцінства! Бывай, школьны час! Наперадзе застаецца толькі адзін урок, назва якому – самастойнае жыццё.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: у час раённага балю выпускнікоў на гарадской плошчы Маларыты.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 13.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий