Галінка бэзу

Алена Дзмітрыеўна прачнулася ад таго, што ў сенцах нечакана рыпнулі дзверы. Яна расплюшчыла вочы, а, глянуўшы на гадзіннік, аж ахнула, не паверыла. Праспала. Ужо была палова сёмай. Уставаць зусім не хацелася. Алена Дзмітрыеўна злавіла сябе на думцы, што такое з ёю ўпершыню. Сонечны зайчык лашчыў шчаку, а нос казытаў ледзь улоўны прыемны водар. Ён ішоў з кухні. Жанчына хутка саскочыла з ложка і накіравалася туды. Убачанае яе здзівіла, і яна рассмяялася. На стале ў трохлітровым слоіку стаяў цэлы ахапак галінак яе любімага белага бэзу. Алена Дзмітрыеўна ўдыхнула знаёмы з дзяцінства водар. Зноў рыпнулі дзверы. Нешта хаваючы за спіной, увайшоў муж, Аляксей Аляксеевіч. Ён падышоў да жонкі, пацалаваў і, сказаўшы: “Віншую з 50-годдзем!”, працягнуў яшчэ адну галінку бардовага бэзу…
Так, як і 50 гадоў назад, прыгожа цвіў бэз. Алена Дзмітрыеўна добра гэта памятае. Яго малочная квецень разлівала тады водар па ўсім наваколлі.
Жанчына падышла да акна, зірнула на вуліцу. Там, ля вугла хаты, таксама рос куст бэзу. Аднак толькі сёння, здаецца, Алена Дзмітрыеўна заўважыла, што ён так прыгожа расцвіў. Усе кветачкі раскрылі свае пухнатыя пялёсткі. Яго Аляксей Аляксеевіч калісьці спецыяльна пасадзіў, каб штогод вясной ён нагадваў аб пачатку іх сумеснага сямейнага жыцця.
— 18 мая 1962г. мы афіцыйна з Аляксеем зарэгістравалі свой шлюб у в.Лукава. Ён кветак мне не падносіў пасля цырымоніі. Аляксей проста падарыў галінку бэзу з вялікімі белымі кветкамі. Яна стала сімвалам нашага кахання.
— У сельскі Савет хадзілі пешшу, — успамінае Аляксей Герасімук. – У гэты ж дзень шлюб зарэгістраваў таксама і мой родны брат Іван. Сведкі тады не патрэбны былі. Усё прайшло хутка і проста. Аднак сябе адчуў самым шчаслівым чалавекам на зямлі.
Алена і Аляксей выраслі ў в. Ужова. Хаты іх былі амаль побач. Добра ведалі адзін аднаго з самага маленства. Аднак хлопец на дзяўчыну-суседку не звяртаў аніякай увагі, бо яна на 5 гадоў была маладзейшай. Аляксей заглядваўся на старэйшых. Пасля заканчэння 7 класаў Высокаўскай школы едзе на заробкі на Украіну. Бацькі не пускалі, таму што хлопцу было 17 гадоў. Але ён усё-такі з аднавяскоўцамі трапіў у Палтаўскую вобласць. У калгас бацькі тады хадзілі, каб атрымаць толькі працадні. Грошай практычна на руках не мелі, аднак неабходна было неяк жыць. Аляксей на Украіне працаваў на трактары, пасвіў жывёлу. За гэта зарабіў і прывёз дадому 700 кг мукі вышэйшага гатунку. Сям’і яе хапіла на некалькі месяцаў, каб пячы хлеб. Затым юнака прызвалі на службу ў армію.
— На Алену паклаў вока, калі ў адпачынак прыйшоў у другі раз, — згадвае Аляксей Аляксеевіч. — Яна за гэты час падрасла, стала сапраўднай паненкай-прыгажуняй.
Алена Дзмітрыеўна таксама да працы прывучана змалку. Пра сваё дзяцінства яна не вельмі любіць многа гаварыць.
— Што там успамінаць, — кажа жанчына. – Можна зрабіць вывад, што дрэнна жылося. Нацярпелася, як кажуць, і голаду, і холаду. Час жа быў нялёгкі.
Алена Дзмітрыеўна пры гэтых успамінах звычайна махне рукой, уздыхне і змоўкне.
— Толькі замужам стала сябе лічыць багачкай. Хоць, зрэшты, ці можна тое ня­многае, што нажылі, назваць багаццем?
Бацькі Алены жылі бедна. Таму ў сакавіку, не закончыўшы вучобу ў 7 класе, дзяўчына таксама едзе на заробкі ў Палтаўскую вобласць. Людзі з Украіны прыехалі ў вёску і агітавалі паехаць папрацаваць. У заробках палола буракі, стаяла ля прэса на цагельным заводзе.
Аляксей са службы вярнуўся ў лютым. Ён стаў часта наведвацца да Алены. Яны разам вярталіся з вячорак. Сустракаліся па вечарах некалькі разоў на тыдзень. Праз некалькі месяцаў вырашылі стаць мужам і жонкай.
-Мне хацелася нарэшце “вылезці” з галечы, зажыць па-чалавечы. Аляксею адразу паверыла. Ды на вёсцы старэйшыя пра яго казалі, што працавіты, старанны, што ў яго руках усё гарыць. А я заўсёды марыла пра сапраўднага мужа-гаспадара. Каб і касіць умеў, і араць, і слова добрае сказаць. На ўласныя вочы бачыла, як жанчыны жывуць за сапраўднымі мужчынамі. Мае бацькі супраць не былі. А што выскачыла замуж так рана, дык нічога дзіўнага ў гэтым няма. Сэрцу не загадаеш.
Не збылася народная прыкмета і аб тым, што дрэнна будзе жыць той, хто выйдзе замуж у маі. Сямейны саюз Герасімукоў па­цвярджае адваротнае: у маі заключаюцца шлюбы, якія потым становяцца вельмі трывалымі і шчаслівымі.
Аляксея і Алену не заха­целі спачатку распісваць у сельскім Савеце, бо дзяў­чыне было толькі 17 гадоў. Маладых накіравалі да старшыні райвыканкама Георгія Архіпава. Георгій Іосіфавіч уважліва выслухаў наведвальнікаў і даў згоду. Хутка згулялі вяселле. Вянчацца ездзілі ў Маларыту. На двух запрэжаных у павозкі конях маладыя з гасцямі накіраваліся ў Свята-Мікалаеўскую царкву райцэнтра.
— Вяселле гудзела 3 дні, — кажа Алена Дзмітрыеўна. — Радні сабралася многа. Танцавалі пад гармонік. Святочная бяседа як зацягне песню, здаецца, было чуваць на дзясяткі кіламетраў.
А пасля ў Алены і Аляксея пачаліся звычайныя сямейныя будні. Маладыя марылі пра свой куток, надзел зямлі, гаспадарку. Таму сабраліся і разам паехалі ў заробкі на Украіну. Вярнуўшыся, некаторы час яшчэ збіралі грошы на хату. У 1964г. сталі яе будаваць. Шчаслівымі адчулі сябе праз 3 гады, калі перасяліліся ва ўласны дом. Чашу сямейнага дабрабыту дапоўніў сын Аляксей, праз 2 гады – дачка Людміла, пасля – Святлана.
… Алена Дзмітрыеўна 25 гадоў шчыравала цялятніцай. Аляксей Герасімук працаваў трактарыстам у калгасе “Чырвоны партызан”. Руль свайго жалезнага каня ён трымаў 30 гадоў. Тады ў калгасе было многа неасушаных балот. Аляксей, праязджаючы каля іх і заліўных лугоў, заўсёды імкнуўся нарваць кветак жонцы. То лотаць вечарам з працы прывязе, то букет званочкаў, то кветкі чарамшы. Алена была кранута такой пастаянай ўвагай мужа.
У штодзённых клопатах і турботах павольна кацілася жыццё. Паступова выраслі дзеці. Яны стварылі свае сем’і. Аляксей і Алена выйшлі на заслужаны адпачынак у адзін і той час, бо дні нараджэння святкуюць у кастрычніку з прамежкам у 6 дзён. Аднак па старой завядзёнцы працуюць да гэтага часу, трымаюць гаспадарку.
— Як пражыць шчасліва ра­зам 50 гадоў? — цікаўлюся я.
— Інстытутаў мы ніякіх не заканчвалі, — кажа Аляксей Герасімук. – Законы і правілы сямейнага жыцця вывучалі самастойна. Стараліся ва ўсім дагадзіць адзін аднаму, ішлі на ўступкі. Жыццё пражылі ў ладзе і згодзе. Калі нейкія непа­разуменні паміж намі і ўзні­калі, то я часта ішоў на луг, балота ці ў лес і адтуль вяр­таўся з кветкамі. Дарыў іх жонцы альбо ставіў у слоік на стол. А пасля ішоў займацца сваімі справамі. А кожную вясну, калі цвіў бэз, дарыў яго.
— Каханне як зерне ў жорнах, — гаворыць Алена Дзмітрыеўна. – Пакуль добра не перамелецца, мукі не будзе. Мужу і жонцы трэба таксама пастаянна прыцірацца адзін да аднаго. Каб жыць шчасліва ў шлюбе, трэба паадсякаць свае эгаістычныя “я”. З першага дня сумеснага жыцця неабходна, каб было агульнае “мы” ва ўсім і ўсюды. А самае галоўнае – неабходна кахаць адзін аднаго. Шчыра, па-сапраўднаму.
Аляксей Аляксеевіч і Алена Дзмітрыеўна змаўкаюць, глядзяць у вочы адзін аднаму, усміхаюцца, штосьці ўспамінаюць. Ім ёсць што прыгадаць. Многа чаго адбылося за іх 50-гадовае жыццё разам.
А я зачароўваюся белым бэзам, што стаіць на стале ў слоіку. Яго так многа. І пахне ён неймаверна. Гля­джу на задаволеных маіх субяседнікаў і радуюся іх шчасцю.
Мікалай НАВУМЧЫК.
в. Ужова.
На здымку: Аляксей і Алена Герасімукі.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 16.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


https://onlyyou.od.ua

www.el-smoke.club

chemtest.com.ua