Творчая чараўніца

Майстар на ўсе рукі – так гавораць пра чалавека, які многае ўмее. А вось Ніну Пятроўну Мікітчук з вёскі Олтуш можна смела назваць творчай чараўніцай. Напэўна, лягчэй будзе пералічыць тое, што не ўмее рабіць гэтая спакойная па характары і вельмі сціплая жанчына, чым усе яе ўмельствы. Вышыўка, вязанне, бісерапляценне, лепка з гліны, маляванне — гэта толькі невялікая частка з тых захапленняў, у якіх яна – сапраўдны майстар.
Вязаць Ніна Мікітчук, якая сама родам з суседняй Украіны, навучылася ад маці яшчэ ў дзяцінстве. Вязаныя шыдэлкам сурвэткі, вазы, кошычкі здзіўляюць сваёй акуратнасцю і арыгінальнасцю. З маленства знаёма Ніна Пятроўна і з вышыўкай. А вось талент мадэльера праявіўся ў жанчыны, калі ўжо яе дачушкам Анастасіі і Ірыне на навагоднія ранішнікі трэба было шыць карнавальныя сукенкі. У дапаўненне да гэтых сукенак, прымяняючы творчую фантазію, Ніна Пятроўна заўжды рабіла цудоўныя ўпры­гожванні з тканіны – брошкі і заколкі.
Яшчэ са школьных гадоў Ніна Мікітчук вельмі любіла маляваць. Свой мастацкі талент умела выкарыс­тоўвае яна ў дызайне інтэр’ера дома. Фасад яго ўпрыгожаны яркімі намаляванымі кветка­мі, сцены пакояў – прываб­лівымі кар­цінамі. З дапамогай фарбаў са звычайных вясковых чыгуноў у Ніны Пятроўны атрымаліся даволі сучасныя вазоны для кветак. Фантазія і акрылавыя фарбы дапамаглі гаспадыні звычайны белы посуд зрабіць яркім, крэатыўным, які цяпер можа служыць своеасаблівым упрыгожваннем кухні.
Не адзін дзень выношвала ў сабе Ніна Пятроўна жаданне заняцца лепкай з гліны. Для першых урокаў набыла гліну ў магазіне. Жанчына нават і не думала, што з першай спробы ў яе атрымаецца прыгожы гліняны сувенір. Новае захапленне вельмі зацікавіла. Спалучаючы фантазію і мастацкі талент (у вырабах з гліны важна не толькі надаць матэрыялу неабходную форму, але і расфарбаваць яго так, каб атрымалася прыгожая рэч), Ніна Пятроўна пастаянна ўдасканальвала сваё майстэрства. Ад просценькіх аловачніц, ваз яна перайшла да складаных сувеніраў. Гліняныя фігуркі розных жывёлін цяпер упрыгожваюць не толькі дом Мікітчукоў, але і падворак.
Творчы чалавек заўжды знахо­дзіцца ў пошуку. Ніна Мікітчук марыць авалодаць яшчэ майстэрствам дэкупажу. Наносіць малюнак на шкло, як добра ведае той, хто спрабаваў займацца такім відам мастацтва, проста і ў той жа час даволі складана. Многія сакрэты ў гэтай справе Ніне Пятроўне вядомы. Ды спецыяльныя фарбы яна ўжо набыла. Застаецца толькі паспрабаваць. А гэта ўжо, як гаворыцца, справа часу.
У вёсцы, як вядома, ўсе лю­дзі, быццам на далоні. Ніне Пят­роўне, якая працуе ў школе, даведаўшыся пра яе здольнасці, прапанавалі весці заняткі гурткоў “Чароўная гліна” і “Крэатыўнае рукадзелле”. З тканіны, картону, паперы яна вучыць дзяцей рабіць незвычайныя па сваёй прыгажосці рэчы. З газет, быццам з лазы, плятуць яны кошыкі, са звычайных клубкоў нітак робяць вазы, адным словам, вучацца ад свайго настаўніка у простым бачыць і заўважаць прыгожае.
— Хацелася б многаму навучыцца, многае паспрабаваць зрабіць, але ж часу на ўсё не хапае, — прызнаецца Ніна Пятроўна.
Работа, хатнія клопаты, справы па гаспадарцы, догляд за кветкамі, якія гаспадыня вельмі любіць, – усё гэта займае шмат часу. А кожную вольную хвілінку аддае яна сваім захапленням, і вельмі рада, што і муж, і дзеці яе падтрымліваюць.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: Ніна Мікітчук са сваімі глінянымі вырабамі.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

 Опубликовано в «ГЧ» 20.06.2012 г.

Добавить комментарий


фиат 500 цена

http://www.ka4alka-ua.com/

Нашел в интернете нужный веб сайт , он описывает в статьях про ковані вироби.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!