Ташкенцкі маларытчанін

Віталю Амбарцумянцу 78-ы год, з іх ужо амаль 4 ён з’яўляецца маларытчанінам. На пастаяннае месца жыхарства ў наш райцэнтр Віталь Ашотавіч пераехаў з Ташкента (Узбекістан). Увесь свой жыццёвы шлях ён умоўна раздзяляе на 2 перыяды: да Беларусі і ў Беларусі.

Раўнінна-баваўняны край
74 гады Віталь Амбарцумянц быў жыхаром Ташкента. Там ён нарадзіўся, выгадаваўся, закончыў сярэднюю школу. Пра будучую прафесію задумаўся яшчэ змалку, аднак канчаткова вызначыўся, кім быць, у старэйшых класах.
— Узбекістан – краіна кантрастаў, дзіўная, шмат у чым экзатычная і загадкавая, — кажа Віталь Ашотавіч. – Адным з самых галоўных багаццяў яе з’яўляецца бавоўна. Каб гэтае белае золата своечасова ўбраць з палёў, на працу запрашалі вучняў школ. Вясковыя, здаецца, больш часу збіралі бавоўну, чым вучыліся. Часта бывалі на палетках і вучні гарадскіх устаноў адукацыі, у тым ліку і я. Бавоўна – культура, якая патрабуе шмат ручной працы. Каб аблегчыць яе збор, вырашыў, што ўсё сваё дарослае жыццё прысвячу распрацоўцы бавоўнаўборачных машын.
У той час у Віталя Амбар­цумянца было яшчэ адно захапленне – авіямадэліраванне. Ён стаў нават чэмпіёнам Узбекістана па гэтым відзе спорту, прымаў удзел ва ўсесаюзных спаборніцтвах. Па накіраванню ваенкамата спрабаваў паступіць вучыцца ў ваенна-паветраную акадэмію імя М. Жукоўскага, дзе планаваў набыць спецыяльнасць канструктара самалётаў. Аднак па стану здароўя ад гэтай задумы прыйшлося адмовіцца.
Пасля заканчэння сярэдняй школы ў 1958 г. Віталь Амбарцумянц паступае вучыцца на інжынерна-механічны факультэт Сярэднеазіяцкага політэхнічнага інстытута. Пасля заканчэння яго стаў працаваць у Ташкенцкім спецыялізаваным канст­руктарскім бюро бавоўна­ўборачных машын інжынерам-канст­руктарам. Ён прымаў актыўны ўдзел у распра­цоўцы першай у свеце 6-радковай бавоў­наўборачнай машыны.
Віталь Ашотавіч неўза­баве стварыў сям’ю. Хутка з’явіліся дочкі Алена і Ганна. Квадратных метраў жылля стала не хапаць. Таму ў пошуках пашырэння жыллёвай плошчы малады канструктар апынуўся на Ташкенцкім трактарным заводзе. Тут ён заняў пасаду начальніка канструктарскага бюро па распрацоўцы новых трактароў. Стараннага і адукаванага спецыяліста хутка заўважае кіраўніцтва. Ён ідзе на павышэнне – становіцца намеснікам начальніка спецыяльнага канструктарскага бюро… Праца вельмі падабалася, бо прыносіла задавальненне не толькі матэрыяльнае, але і маральнае. З ранку да ночы Віталь Амбарцумянц быў у чарцяжах, схемах.
Жыццёвыя абставіны склаліся так, што затым на працягу 5 гадоў давялося працаваць намеснікам генеральнага дырэктара Сярэднеазіяцкага навукова-вытворчага аб’яднання. Але ў 1993г. Віталь Ашотавіч вяртаецца на свой родны завод і да выхаду на заслужаны адпачынак працуе вядучым канструктарам.
— А што Вы на заводзе рабілі?
— Я разам з калегамі займаўся распрацоўкамі многіх сельскагаспадарчых машых. У першую чаргу тых, якія былі неабходны для работы на палях Узбекістана. На заводзе стаў працаваць амаль з таго моманту, калі з яго галоўнага зборачнага канвеера сышоў першы серыйны трактар. Я прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы многіх сельскагаспадарчых машын. Даводзілася ўкараняць напрацоўкі многіх канструктараў завода. Таксама “прыдумвалі” і ўдасканальвалі тэхніку для апрацоўкі вінаграду, камянёў. Наша прадукцыя працавала на палях многіх краін свету: у Індыі, на Кубе, у Егіпце, Грэцыі, Судане… Мне давялося пабываць у камандзіроўках у розных месцах СССР. Здаецца, у 1977 г. наш завод у кааперацыі з Мінскім трактарным заводам асвоіў выпуск энергетычнага трактара МТЗ-80Х. Таму я часта бываў у сталіцы БССР. Яшчэ тады Беларусь мне вельмі падабалася і ў душы пакінула нейкі светлы і непаўторны след. Аднак ніколі і думкі такой не было, што калісьці буду яе жыхаром.

Сінявока-бульбяная зямля
Калісьці вялікі і магутны Савецкі Саюз распаўся на асобныя краіны. Веды і багаты вопыт Віталя Амбарцумянца сталі незапатрабаванымі. Ташкенцкі завод сельскагаспадарчых машын ахапіў крызіс. Віталь Ашотавіч сур’ёзна задумаўся аб магчымасці далей працаваць на заводзе. Усё спрацоўвала на тое, што з прадпрыемства неабходна звальняцца. Тым больш, што захварэла жонка Тамара. Яе трэба было даглядаць. Дачка Ганна з сям’ёю пераехала жыць на Украіну, а Алена – у Беларусь. І Віталь Амбарцумянц звальняецца. Хутка ён у Ташкенце застаўся зусім адзін, бо жонка памерла.
— Дочкі мяне не раз прасілі пераехаць да іх, — гаворыць Віталь Ашотавіч, — але я адмаўляўся. У той час Алена стала жыць у Маларыце. Яна некаторы час працавала ў дзіцячым садку, а пазней у Брэсце ўладкавалася на пасаду мадэльера-канструктара адзення. І толькі калі ў яе нарадзілася дачка, я вырашыў жыць у Маларыце. Калі ехаў сюды, думаў пра тое, як прывыкну ў незнаёмым месцы, сярод зусім чужых людзей, у асяроддзі іншай культуры, традыцый, звычаяў і мовы. Але Маларыта, здаецца, прыняла мяне як свайго даўняга знаёмага. Недзе праз месяц на душы стала спакойна. Я стаў жыць амаль што ранейшым жыццём, толькі са спецыфікай на маларыцкі лад.
Мне тут камфортна. Праблем у зносінах няма, бо з маленства з вуснаў маці чуў украінскую мову. Беларускую мову таксама разумею добра.
— Віталь Ашотавіч, а Ваша ўражанне ад Маларыты… Якое яно?
— Своеасаблівая маленькая сталіца! Прыгожы і еўрапейскі населены пункт. Горад чысты, утульны, дагледжаны. Толькі пачынае світаць, а дворнікі працуюць ўжо. Здаецца, што ў маларытчан імкненне да прыгажосці закладзена на генетычным узроўні. Але са сваіх назіранняў магу зрабіць вывад: некаторыя пакуль яшчэ не разумеюць, што прыгажосць неабходна берагчы, памнажаць. Гэтую якасць трэба выхоўваць з самага дзяцінства.
— А што скажаце пра прыродна-кліматычныя ўмовы?
— Яны амаль такія ж, як і ў Ташкенце. Хоць, вядома, пэўныя адрозненні ёсць. Але да іх я лёгка адаптаваўся і прызвычаіўся. А лета, на­пэўна, такое ж па гарачыні, як і ва Узбекістане (смяецца).
— Віталь Ашотавіч, а не адзінока Вам у Маларыце?
— Сяброў ранейшых няма. Аднак адзінокім сябе не адчуваю. Наведваю ў Брэсце дачку і ўнучку Таню. Люблю хадзіць на рыбалку, вывучыў грыбныя і ягадныя мясціны. Часта ў цёплую пару вечарамі прагульваюся па гораду. Ціха, мірна, нябоязна, усюды сустракаю дружалюбныя ўсмешкі. У гора­дзе створана нармальная абстаноўка для жыцця. У магазінах можна купіць усё, што неабходна.
Хацелася б падкрэсліць яшчэ такі важны для мяне факт. Сябе нахлебнікам у Беларусі не адчуваю. Усе мы жылі і працавалі раней у адной вялікай краіне, думалі пра яе дабрабыт, росквіт. І хіба ў чым-небудзь вінаваты просты чалавек, што з адной краіны ўтварылася аж 15. Лёсу я ўдзячны за тое, што апынуўся на гасціннай беларускай зямлі, на Маларытчыне.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Віталь Ашотавіч з унукам Раманам і ўнучкай Таццянай.

Опубликовано в «ГЧ» 20.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.