“Званар” узяў Гран-пры

Беларускі дакументальны фільм «Званар» Кацярыны Махавай заваяваў Гран-пры кінафэсту ў славацкім горадзе Кошыце.
У конкурсе ўдзельнічала 20 краін: Германія, Сербія, Беларусь, Вялікабрытанія, Францыя, Латвія, Славакія, Польшча, Венгрыя, Балгарыя, Нідэрланды, Іспанія, Аргенціна, Македонія, Турцыя, Румынія, ЗША, Боснія і Герцагавіна, Чэхія і Харватыя. Міжнароднае журы адзначыла фільм «Званар», як самы выдатны твор фэсту.
Фільм, які быў зняты ў мінулым годзе, прысвечаны традыцыям царкоўнага звону ў Беларусі. Герой карціны — званар Сцяпан Ярманюк з вёскі Дарапеевічы Маларыцкага раёна. Разам з храмам ён перажыў складаныя часы: царква Свята-Раства Багародзіцы, якая з’яўляецца помнікам драўлянага дойлідства XVII стагоддзя, зачынялася падчас вайны і ў атэістычныя 60-я гады мінулага стагоддзя. Храм быў адроджаны толькі ў 1988 годзе. Сцяпан Ільіч пачаў званіць, калі яму было 10 гадоў, і сёння, у свае 80, працягвае мясцовыя традыцыі.
«Званар» з’яўляецца частым госцем на падобных форумах. Ён быў адзначаны судзейскай калегіяй Мінскага міжнароднага кінафэсту «Лістапад-2011» і атрымаў дыплом «За адданасць традыцыі».
Дзяніс ТРАЦЮК.

Опубликовано в «ГЧ» 23.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.