Умелыя рукі, добрае сэрца

Варвару Бурштын мы засталі за працай. Яна якраз мыла падлогу ў хаце Еўдакіі Сяр­дзюк. 75-гадовая жанчына ўжо 2 гады знаходзіцца на сацыяльным абслугоўванні ў Варвары Іванаўны.
— Яна мне як родная дачка, — кажа Еўдакія Мікалаеўна.- Робіць усё, што папрашу. Ды і прасіць яе не трэба. Варвара сама бачыць, да чаго неабходна прыкласці рукі. І ціск памерае, і прадукты прынясе з магазіна, і за камунальныя паслугі заплаціць… Не ведаю, як жыла б без яе ўмелых рук і добрага сэрца. Варвара Іванаўна — чалавек добры, уважлівы, клапатлівы, чулы.
Варвара Бурштын – прафе­сійны повар. Па спецыяльнасці прапрацавала 22 гады. Смачныя абеды варыла для працаўнікоў калгаса “Новы шлях” і вучняў Ляхавецкага д/с-СШ. Аднак жыццёвыя абставіны склаліся так, што давялося шукаць працу на біржы. Варвара Іванаўна ўладкавалася ў Маларыцкі тэрытарыяльны Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
— Я абслугоўваю 7 чалавек, хаты якіх параскіданы па ўсёй вёсцы, — гаворыць Варвара Бурштын. – Гэта – людзі хворыя, якім цяжка самастойна перамяшчацца. Узрост маіх падапечных – 75-83 гады. Да кожнага імкнулася знайсці індывідуальны падыход. Да аднаго чалавека ключык проста і лёгка падабраць, а з другім, каб знайсці ўзаемапаразуменне, неабходна пуд солі з’есці. Маім бабулям і дзядулям, заўважыла, часта не хапае простых чалавечых зносін. Самае страшнае для іх, напэўна, адзінота. Бывае, што просяць пасядзець з імі і пагаварыць пра жыццё-быццё. Я расказваю ім пра мясцовыя навіны, пра тое, што пачула па радыё. І ад гэтага маім дзядкам і бабулькам становіцца радасна і светла на душы. Усе нягоды і горычы жыцця забываюцца.
Варвара Бурштын сваіх падапечных наведвае не толькі згодна з зацверджаным графікам. У іх жанчына бывае намнога часцей.
— Вось, напрыклад, учора быў выхадны дзень, — кажа Варвара Іванаўна, — але патэлефанавала адна з маіх бабуль і сказала, што ў яе перагарэла лямпачка. Давялося ўсё кінуць і паехаць укруціць другую.
Наогул, у сацыяльнага работніка дзень ненарміраваны. Могуць узнікнуць розныя непрадбачаныя сітуацыі ў розны час сутак. Тады ён сядае на веласіпед і едзе па патрэбным адрасе, дзе яго ўжо чакаюць. І вераць, і спадзяюцца.
— У такіх выпадках мы нібыта хуткая дапамога, — усміхаецца мая субяседніца. – Даводзіцца быць і ўрачом, і псіхолагам, і поварам, і паштальёнам, наогул, майстрам на ўсе рукі, бо асвойваем розныя прафесіі.
— А што самае важнае ў вашай рабоце?
— Самая галоўная якасць, без якой нельга працаваць на гэтай пасадзе, — чалавечнасць, уменне паспачуваць іншаму, жаданне спрацавацца са сваімі бабулямі і дзядулямі. Каб быць сацыяльным работнікам, неабходна любіць тых, каму дапамагаеш жыць, аблягчаеш іх быт.
Варвара Бурштын – чалавек, які верыць у Бога. Кожны раз, калі ў царкве ёсць богаслужэнні, імкнецца іх наведваць. Жанчына лічыць, што гэта дапамагае ёй на ўсіх жыццёвых скрыжаваннях. Варвара Іванаўна пераканана, што калі чалавек па-сапраўднаму верыць ва Усявышняга, то ён павінен быць абавязкова добрым, шчырым, міласэрным і жыць па яго запаветах.
Служэнне бліжняму ўсім, чым можна, — прынцып жыцця, якога прытрымліваецца заўжды Варвара Іванаўна. Жанчына пераканана яшчэ і ў тым, што калі работа даспадобы, то толькі тады яна прыносіць задавальненне і асалоду. Быць камусьці патрэбным, аддаць сябе іншым. Так, на думку Варвары Бурштын, павінен прайсці свой зямны шлях кожны чалавек.
Мікалай НАВУМЧЫК.
в. Ляхаўцы.
На здымку: Варвара Бурштын, сацыяльны работнік, мерае ціск у Еўдакіі Сярдзюк.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2012 г.

Добавить комментарий


веломагазин киев

www.ford.niko.ua
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!