ЗЯМЛЯ І ЛЮДЗІ

У рэдакцыі газеты “” “прамую лінію” з жыхарамі раёна правёў начальнік землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службы раёна Аляксандр ДЗІКЛЯЕЎ. Ніжэй – наш рэпартаж.

Марыя Паўлаўна, г. Маларыта:
— Аляксандр Валер’евіч, хачу даведацца, куды трэба звяртацца за вырашэннем зямельнай спрэчкі, якая ўзнікла з суседам наконт мяжы зямельнага ўчастка?
— Згодна з зямельным Кодэксам зямельныя спрэчкі вырашаюцца абласным, гарадскім, раённым, сельскім выканкамам у адпаведнасці з яго кампетэнцыяй і (альбо) ў судовым парадку. Зямельныя спрэчкі, звязаныя з правам прыватнай уласнасці на ўчасткі, з наследаваннем іх, спрэчкі паміж асобамі, якія маюць капітальныя пабудовы ў агульнай уласнасці, і спрэчкі, звязаныя з вяртаннем страт, вырашаюцца толькі ў судовым парадку.
— А калі я, скажам, не згодна з прынятым рашэннем, як я магу яго абскардзіць?
— Калі Вы не згодны, то на працягу 1 месяца з дня атрымання копіі гэтага рашэння яго можна абскардзіць у вышэйстаячы выканкам ці ў суд. Абскарджванне рашэння па зямельнай спрэчцы прыпыняе яго выкананне.

Анатоль Васільевіч, г. Маларыта:
— Якія ўчасткі выстаўлены на аўкцыён у раёне?
— На сённяшні дзень сфарміраваны 5 зямельных участкаў для правядзення аўкцыёну па продажу зямельных участкаў у прыватную ўласнасць у аграгарадку “Лукаўскі” па вул. Мірнай. Тры з іх выстаўлены на аўкцыён, які адбудзецца 27 чэрвеня 2012 года. Таксама сфарміравана і зроблена зямельна-кадастравая дакументацыя для правядзення аўкцыёну па продажы зямельнага ўчастка ў прыватную ўласнасць і на права заключэння дагавору арэнды зямельнага ўчастка ў г. Маларыце. Інфармацыя аб правядзенні аўкцыёну размяшчаецца ў рэспубліканскай газеце “Звязда” і раённай газеце “”, а таксама на афіцыйным сайце Брэсцкага аблвыканкама.

Васіль Бурштын, в. Ляхаўцы:
— Ці бываюць самавольныя захопы зямель?
— Бываюць. І нямала. Як у гора­дзе, так і ў вёсках. Нядаўні выпадак – у в. Мельнікі. Хачу сказаць, што людзі нясуць за гэта пакаранне: за самавольны захоп зямель прадугле­джаны штраф ад 10 да 30 базавых велічынь. У залежнасці ад таго, колькі грамадзянін карыстаўся захопленай зямлёй, устаноўлена 10-кратная стаўка зямельнага падатку, пра што пасля пастанаўлення суда падаюцца звесткі ў падатковую інспекцыю. За мінулы год, напрыклад, было пакарана да 20 чалавек. У выпадку неліквідацыі, а таксама паўторнага парушэння на працягу года, настае крымінальная адказнасць.

Ларыса Пятроўна, г. Маларыта:
— Ці магчыма адчужэнне зямельнага ўчастка, набытага ва ўстаноўленым парадку ў грамадзяніна, які сам купіў яго на аўкцыёне ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва жылога дома?
— У адпаведнасці з зямельным Кодэксам адчужэнне ўчасткаў, што знаходзяцца ў прыватнай уласнасці і прадастаўлены для будаўніцтва, забараняецца, калі іншае не ўстаноўлена Прэзідэнтам РБ, да атрымання іх уласнікамі дакументаў, якія засведчваюць права на размешчаныя на гэтых участках капітальныя пабудовы, за выключэннем некаторых выпадкаў, у лік якіх уваходзіць адчужэнне зямельных участкаў, набытых на аўкцыёне. Такім чынам, заканадаўства не забараняе ва ўстаноўленым парадку адчужаць зямельны ўчастак, набыты ў таго грамадзяніна, які купіў яго на аўкцыёне, без узведзеных на ім капітальных пабудоў альбо незавершаных закансерваваных будынкаў.

Яўгенія Канстанцінаўна Князева, г. Маларыта:
— Аляксандр Валер’евіч, за вуліцай Алесіка пенсіянерам выдзелены градкі. Ходзяць чуткі, што ў наступным годзе зямлю ад нас забяруць, бо там будуць узводзіцца прыватныя дамы. Ці так гэта? Калі так, то ці будуць даваць пенсіянерам градкі ў іншым месцы?
— Хачу Вас супакоіць, паважаная Яўгенія Канстанцінаўна, чуткі не маюць пад сабой падстаў, бо гэтыя зямельныя ўчасткі забіраць у Вас не будуць. Напомню толькі, што ўсім грамадзянам за 2 месяцы да завяршэння тэрміну карыстання зямельным участкам неабходна звяртацца ў райвыканкам з заявай аб прадаўжэнні тэрмінаў карыстання выдзеленай зямлёй.

Іван Іванавіч, в. Макраны:
— Ці варта выкупляць зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць, калі аформлена права пажыццёвага наследуемага ўладання?
— Іван Іванавіч, права ўласнасці на зямельны ўчастак дае свайму ўладальніку самае шырокае кола прававых магчымасцей. Ён можа прадаць зямельны ўчастак, завяшчаць яго, падарыць, здаць у арэнду. Права пажыццёвага наследуемага ўладання на зямельны ўчастак ўключае ў сябе паўнамоцтвы па валоданню і карыстанню, за выключэннем права распараджэння. Адзіная магчымасць грамадзяніна распарадзіцца зямельным участкам, прадастаўленым па такому праву, — перадаць яго па наследству.

Міхаіл Сцяпанавіч, г. Маларыта:
— Як выкарыстоўваецца зямля ў садаводчых таварыствах?
— Ёсць Палажэнне аб садаводчым таварыстве, зацверджанае Указам Прэзідэнта РБ № 50 “Аб мерах па ўпарадкаванню дзейнасці садаводчых таварыстваў”. Згодна з ім, асваенне тэрыторыі садаводчага таварыства, узвядзенне садовых домікаў, гаспадарчых пабудоў, неабходных для вядзення калектыўнага садаводства, стварэнне аб’ектаў агульнага карыстання таварыства вядзецца на падставе праекта арганізацыі і забудовы тэрыторыі таварыства, зацверджанага ў адпаведнасці з заканадаўствам аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці.
Змяненне забудовы тэрыторыі садаводчага таварыства ці межаў зямельных участкаў не дапускаецца без унясення ва ўстаноўленым гэтым заканадаўствам парадку змяненняў у зацверджаны праект арганізацыі і забудовы тэрыторыі садаводчага таварыства. Кантроль за дзейнасцю такіх таварыстваў, аказанне ім прававой дапамогі ажыццяўляюць у адпаведнасці са сваёй кампетэнцыяй мясцовыя выканкамы і іншыя дзяржаўныя органы.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр ДЗІКЛЯЕЎ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!