Сіла малітвы

…Закончылася богаслу­жэнне, але Ганна Лямачка ісці дадому не спяшаецца. Па завядзёнцы яна застаецца ў храме – Свята-Мікалаеўскай царкве г.Маларыты — і нясе послух, які ёй па сіле. Гэта жанчына робіць ужо некалькі гадоў па закліку сэрца. Ганна Андрэеўна поўнасцю прысвяціла сябе служэнню Богу. У яе, адной са старэйшых сясцёр міласэрнасці, ёсць унутраная патрэба пастаянна камусьці дапамагаць: хворым, абяздоленым, тым, хто апынуўся ў розных цяжкіх жыццёвых абставінах. Ганна Лямачка разумее, што вера без спраў мёртвая, а без любові ўсё ў гэтым свеце нішто.
Нядаўна Ганна Андрэеўна свайму любімаму храму падарыла абраз Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”. На многім эканоміла, а потым сабрала грошы і купіла.
— Мне ўжо 81 год, — кажа мая субяседніца. – Колькі яшчэ адмерана Усявышнім пражыць, не ведаю. А вось памяць пра сябе хоць нейкую хацелася б пакінуць. Гэты абраз – падзяка Богу за бясконцую міласць да мяне. На жыццёвай дарозе было многа выпадкаў, калі, здавалася, больш ніколі свету божага не пабачу. Але з вераю і надзеяю ўзносіла Госпаду шчырыя малітвы, і ён чуў і заўжды прыходзіў на дапамогу.
Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Ганне было толькі 11 гадоў. Тое перажытае ліхалецце жанчына яшчэ і зараз уяўляе вельмі добра. Памяць з фатаграфічнай дакладнасцю ўваскрашае 1942 год і ваколіцы в.Збураж. Асабліва – пачатак снежня. Тады ля яе роднай вёскі спыніліся немцы. Сям’я стала ратаваць нажытае гадамі. Калі самае каштоўнае ўжо было надзейна схавана, Ганна вярнулася ў бацькоўскую хату, каб забраць каравай спечанага хлеба. Па дарозе назад, у лес, яе перайшлі немцы. Яны знайшлі за пазухай хлеб і сказалі, што дзяўчынка нясе яго партызанам. За такое адразу расстрэльвалі на месцы. Ганна, навучаная бацькам Андрэем і другой маці Марфай (родная маці Марына памерла, калі дзяўчынцы было толькі 8 месяцаў), стала шчыра маліцца – шаптаць “Ойча наш”, “Ды ўваскрэсне Бог”. У рэшце рэшт адзін з немцаў забраў хлеб, моцна стукнуў прыкладам ніжэй спіны і адпусціў.
Дзяўчынка расла смелай і адважнай. Усё на ёй гарэла. Гэта і пужала бацькоў. З моманту з’яўлення захопнікаў у Збуражы ў Ганны ўзнікла неадольнае жаданне пайсці ў партызаны. Тым больш, што дзяўчынка з бацькам пастаянна дапамагалі ім.
-Мне было не многа гадоў, — успамінае Ганна Андрэеўна. – З выгляду – дык зусім малая. Аднак ваяваць з немцамі хацелася, бо разумела, што чалавек можа быць гаспадаром свайго лёсу толькі тады, калі ён вольны і незалежны. Кожны з нас Богам на­дзелены правам свабоднага выбару. Таму пастаянна малілася, каб Усявышні вызваліў родны край ад захопнікаў.
Каб не цуд Божы, як лічыць сама жанчына, не выжыла б яна і ў кастрычніку 1943г. Тады немцы акружылі Збураж з усіх бакоў і папя­рэ­дзілі, што калі хто паспрабуе прарывацца праз акружэнне, таго адразу расстраляюць. Захопнікі з’явіліся і ля іх хаты. Дах быў з чароту, таму ўспыхнуў як запалка. Ганну разам з маці, братам і суседзямі немцы прымусілі легчы на зямлю тварам уніз на двары. Ззаду, за некалькі крокаў ад іх, паставілі кулямёт і сталі страляць. Над галовамі свісталі кулі. Дзяўчынка малілася Богу, каб уратаваў яе і родных. Але цікавасць разбірала Ганну. Ёй захацелася бачыць, што адбываецца ззаду, там, дзе немцы, дзе палае іх хата і бушуе полымя. Дзяўчынка азірнулася і замерла ад страху. Нечакана над галавою мільганула куля, садраўшы завязаную хустку… І зноў па малітвах Гасподзь дараваў ёй жыццё.
Быў яшчэ адзін выпадак, калі Ганна адчула міласць божую на сабе.
Іх сям’я старалася заўсёды дапамагаць партызанам, якія знаходзіліся ў наваколлі Збуража, самым неабходным. Дзяўчынка бачыла на свае вочы і ведала пра іх многае. Не раз нават наведвала партызан. Вось аднойчы, калі была адна, немцы ўварваліся ў іх хату. Ганна не спужалася, а зрабіла так, як вучыў бацька.
-Я прыкінулася глуханямой, — успамінае Ганна Лямачка. – Фашысты нешта пытаюць пра партызан, а ў адказ я выдаю толькі нейкія гукі ды паказваю на пальцах. Выдатна запомніла словы старэйшых: “Літасці ад немцаў не будзе, нават калі праўду раскажаш ім: усё роўна не дадуць жыць”. Было вельмі страшна стаяць пад прыцэлам накіраваных у мой бок вінтовак. Увесь час гаварыла пра сябе малітвы.
Так з вераю і надзеяю на Усявышняга і перажыла той жахлівы час.
Закончылася вайна. Аднак вера ў Бога не аслабла. Яна стала яшчэ больш моцнай. Заўжды малілася, дзякавала Творцу, прасіла ў яго дапамогі на ўсіх жыццёвых шляхах і скрыжаваннях.
Пасляваенныя гады былі галоднымі. У сям’і Лямачкаў часта клаліся спаць не еўшы. Ганна вырашае “здабыць” хлеб, каб накарміць самых родных. Насуперак волі бацькі ва ўзросце 15 гадоў ідзе наймічкай ў Велікарыту ў сям’ю Еўдакіма і Ксеніі Андраюкоў. Выхаду іншага не было. Працу давялося выконваць любую, нічога не цуралася. Парабчанкай была больш за 2 гады. Гаспадарам дзяўчына вельмі спадабалася. У Ксеніі была асаблівая сімпатыя да Ганны. Ёй вельмі хацелася мець такую дачку. Жанчына марыла ўдачарыць сваю наймічку. Да ўсяго іншага, Ганна была вельмі падобнай да Ксеніі. Аднак бацька быў супраць такога жадання Андраюкоў.
Хутка Ганна Лямачка стала працаваць на гароднінасушыльным заводзе цэхавай рабочай. А ў 1958г. паехала на цаліну, каб зарабіць грошай і вылезці з галечы. Апынулася ў Какчэтаўскай вобласці (паўночная частка Казахстана). Там прабыла 4 гады. Працавала поварам, лабарантам на хлебапункце, рознарабочай. Вучылася нават на 3-месячных курсах, каб атрымаць права кіраваць аўтамабілем. Неяк на вачах сяброўка Імбра трапіла ў аварыю. Пасля гэтага азы кіравання самазвалам далей не захацела асвойваць. За добрасумленную працу атрымала не адну падзяку. Не забывала і пра Бога. Малітвы ўзносіла ўсюды і заўсёды. Яны ішлі з самай глыбіні сэрца. Аднак гэта рабіла так, каб іншыя не заўважалі. Час жа быў нялёгкі. Затым вярнулася ў Маларыту на родны завод… Працавала на розных пасадах і ў розных месцах. За добрасумленую працу ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”.
-Мне хацелася быць на службе ў царкве ў нядзелю ці святочны дзень, аднак не заўсёды выпадала такая магчымасць, — прыгадвае Ганна Андрэеўна. – Ды муж быў супраць, не пускаў. Казаў, што трэба працаваць, а не стаяць перад абразамі ў царкве. А я вырвуся з хаты, пераскочу праз агароджу і іду на службу ў царкву. Толькі там знаходзіла заспакаенне ад жыццёвай мітусні.
20 гадоў назад Ганна Лямачка цяжка захварэла, доўга ляжала ў бальніцы і лячылася. Медыцына, на жаль, ёй ўжо дапамагчы не магла. Ганна Андрэеўна звярнулася за дапамогаю да Божай Маці. Гэта была апошняя надзея: за паратункам больш не было ўжо да каго ісці. Свае малітвы не адзін дзень узносіла перад яе абразам “Усіх тужлівых Радасць”. Аднойчы, пасля прачытання акафіста Божай Маці ў адным з манастыроў, атрымала палёгку. Пасля гэтага жанчына працягвала маліцца. Недзе праз 10 гадоў ад немачы не засталося і следу.
— Для сябе вырашыла, — гаворыць Ганна Андрэеўна, — што буду служыць Богу і людзям усім, чым толькі змагу. Мне добра на душы ад таго, што жыву не толькі для сябе. Сваё жыццё імкнуся дзяліць з іншымі. Пераканана, што зямны шлях вымяраецца не колькасцю пражытых гадоў, а іх якасцю, напаўненнем. Чым больш чалавек аддае сябе іншым, тым больш багатым ён становіцца духоўна. З вераю ў Госпада маё жыццё не будзе пражыта дарэмна і ўпустую.
— А што такое любоў? — цікаўлюся.
— Гэта – харчаванне для душы. Любіць могуць усе. Гэта – дар Божы. Без любові няма жыцця. А яшчэ – гэта ўменне аддаваць і не браць нічога ўзамен, быць на кожнай службе ў царкве.
Р.S. Ганна Лямачка таксама была адным з ініцыятараў і арганізатараў узнаўлення царквы ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў в.Збураж (спалена немцамі восенню 1943г.), першы камень пад фундамент якой быў асвечаны 26 сакавіка 1991 года.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Ганна Лямачка: “Самае галоўнае на зямлі для чалавека – любоў да ўсяго, што знаходзіцца вакол”.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2012 г.

Добавить комментарий


www.webterra.com.ua/raskrutka-sajta-kiev/

http://steroid-pharm.com

У нашей фирмы авторитетный интернет-сайт на тематику искусственная инсеминация спермой.
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!