ПАРК ДАСТОЙНАГА АДПАЧЫНКУ

…Вечарэе. У сагрэтым сонечнымі промнямі паветры адчуваецца водар язміну. Вымашчаная каляровай пліткай алейка вядзе ў парк. Тут шматлюдна: па дарожках з вясёлым гоманам бегае дзетвара, няспешна прагульваюцца з каляскамі ўздоўж берага вадаёма таты-мамы, са спартыўнай пляцоўкі даносяцца ўзбуджаныя галасы, недзе здалёк чуюцца перабор гітарных струн і ціхая песня…
Гарадскі парк заўжды быў любімым месцам адпачынку маларытчан. І хоць рэканструкцыя на пэўны час спыніла тут жыццё, але адноўлены – прыгожы і ўтульны, ён з магнітычнай сілай зноў пачаў прыцягваць да сябе жыхароў горада. Між іншым, нядаўна у парка з’явіўся новы гаспадар. Тэрыторыя яго была перададзена ў распараджэнне дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы – установы, якая непасрэдна знаходзіцца на тэрыторыі парку. Пакуль новыя гаспадары робяць першыя крокі ў яго добраўпарадкаванні.
— І будзённыя дні, і святы пераконваюць, што парк у горадзе – месца запатрабаванае. А значыць, трэба зрабіць усё, каб гэты прыгожы куточак мог служыць розным пакаленням, — заўважае ў размове дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Міхаіл Улезла.
Што патрэбна чалавеку, які прыходзіць у парк? Безумоўна, магчымасць атрымаць асалоду ад прыгажосці прыроды і цікава правесці час. Сёння парк ужо можа прапанаваць маларытчанам многае. У першую чаргу добраўпарадкаваныя алейкі для прагулкі тых, хто любіць спакойны адпачынак. А для актыўных маладых людзей тут ёсць ролерная траса і магчымасць узяць напракат ролікавыя канькі. Між іншым, прагуляцца ў парку можна не толькі па дарожках, але і па воднай гладзі вадаёма. Для гэтага тут ёсць шэсць катамаранаў, якімі можна скарыстацца ў любы час, з 9 гадзін ранку да 22 гадзін вечара. За паўгадзіны давядзецца заплаціць 8 тысяч беларускіх рублёў. Нямала? Затое колькі задавальнення! Тут жа, у парку, незабыўныя ўражанні можна атрымаць, наведаўшы сучасныя тэнісныя корты. І, побач, у спартыўным цэнтры “Жамчужына” наведаць буфет.
А ў спякотны дзень адно з самых вялікіх задавальненняў – акунуцца ў халодную вадзіцу.
— Самай важнай задачай на сённяшні дзень, — дзеліцца думкамі Міхаіл Улезла, — з’яўляецца добраўпарадкаванне вадаёма, які ёсць у парку. Тут будзе абсталявана месца для купання дзяцей, прыведзены ў парадак бераг, зроблена пляцоўка для пагружэння. Дапамагчы выканаць гэтыя работы нам паабяцала прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі. І гэта толькі першы крок у тым, каб зрабіць ландшафт парку больш прыгожым і маляўнічым.
— А якім будзе другі крок?
— У парку нямала зялёных насаджэнняў. Але многія дрэвы ўжо старыя, таму будзем садзіць маладыя алейкі. Хацелася б упрыгожыць тэрыторыю парка экзатычнымі раслінамі. Спадзяемся, што маларытчане не застануцца ўбаку і, калі ёсць у некага цікавыя дрэвы і кустоўе, падзеляцца “экзотыкай” з усімі, выкажуць свае думкі, парады.
Не забываюць новыя гаспадары паркавай тэрыторыі і пра тое, што сучасны парк без атракцыёнаў – не парк. А таму ўжо сёлета тут будуць адноўлены дзве каруселі – “паравозік” і “лодачкі”. У планах – набыць новы атракцыён – батут. Давялося выведаць яшчэ некалькі сакрэтаў таго, што чакае маларытчан у парку. Плануюць тут у будучым адкрыць цір і арганізаваць па выхадных паездкі для дзяцей на фаэтоне.
Парк у Маларыце, тэрыторыя якога больш за 20 гектараў, мае рэальную магчымасць, як упэўнены Міхаіл Улезла, стаць адным з лепшых паркаў вобласці. Для гэтага патрэбна многае, у тым ліку і наша агульная беражлівасць, бо абыякавыя адносіны да таго, што зроблена, прымушаюць многае пераробліваць, а значыць не развівацца, а таптацца на месцы…

А якім хочуць бачыць наш парк самі жыхары горада? З гэтым пытаннем звярнулася да маларытчан.
Таццяна Сацюк:
— Наш парк па чысціні і добраўпарадкаванасці мае цяпер сапраўды дастойны выгляд. Супрацоўнікі міліцыі часта патрулююць тэрыторыю парку, і людзі навучыліся паводзіць сябе тут культурна. Радуе, што ў парку павінна зноў адкрыцца танцпляцоўка. Гэта зробіць адпачынак моладзі больш цікавым. Прыемна і тое, што аднавілася традыцыя праводзіць у гэтым месцы горада розныя святы. Хацелася б, каб сапраўдным упрыгожваннем парку стаў вадаём, які патрабуе многіх змяненняў.
Валянціна Пятроўна, пенсіянерка:
— Амаль кожны вечар з унукам мы гуляем у парку. Тут вельмі прыгожа, ціха. Адзінае, чаго не хапае, – каруселяў для дзяцей ці нават простых арэляў. Яшчэ хацелася б, каб, як і ў іншых гарадах, тэрыторыю парку выкарыстоўвалі прадпрымальнікі для арганізацыі гандлю – прадавалі марожанае, сувеніры.
Аліна Луцык, маладая маці:
— Цудоўным дапаўненнем нашага гарадскога парку стаў спартыўны комплекс, дзе можна карысна правесці час. Пакуль мой сын яшчэ маленькі, і па дарожках мы гуляем пешшу, але праз некалькі гадоў зможам і на роліках пакатацца, як гэта робяць у парку многія дзеці. Было б цудоўна, калі б напракат тут можна было ўзяць не толькі ролікі, але і мячы, скакалкі. А яшчэ хацелася б, каб у парку ў выхадны дзень гучала музыка і праходзілі невялікія канцэрты.
…Сонца паціху апускаецца за лінію гарызонту. Адлюстроўваючыся, нібы ў люстэрку, у вадзе, аранжавыя промні яго афарбоўваюць усё наваколле ў таямнічы бэжавы колер. Ад гэтых фарбаў парк набывае асаблівую чароўную прыгажосць. І адчуваеш зноў і зноў: сюды хочацца вяртацца, бо гэта месца сапраўды дастойнага адпачынку…
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКАХ: у гарадскім парку.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

ПАРК ДАСТОЙНАГА АДПАЧЫНКУ: 2 комментария

  • 30.06.2012 в 1:08 пп
    Permalink

    PRIVET OLEG KEMENOVSKY!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!!FRANK I ALA.
    CHARASCHO LETO!

  • 01.07.2012 в 1:20 пп
    Permalink

    У шматлікіх еўрапейскіх парках, дзе мне даводзілася бываць (Польшча, Францыя, Гішпанія, Партугалія, Германія ды інш.) абавязковым элементам з’яўляецца «зона без наведвальнікаў» — месца, дзе не косіца трава і не ўбіраецца галле ды лісце. Гэтыя месцы неабходныя для жывельнага свету, які можа хавацца ад людзей і выводзіць там дзетак.

    Акрамя таго многія паркі падтрымліваюць «палітыку» прываблівання птушак ды іншых жывел у парк, каб кожны, хто прыйшоў у парк, мог чуць шматгалосы птушыны шчэбет, мог пабачыць нейкага дзікага звера — вожыка, ваверку, качак ды інш.

    Калі ў новая адміністрацыі парка есць жаданне што-небудзь зрабіць карысная для фауны горада, я з задавальненнем дапамагу саветам і магу парэкамендаваць нейкія крокі па дасягненні такіх мэтаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.