“ТЭСТ” НА ВЫТРЫМКУ

…Па лясной дарозе , якая, пятляючы між елак і соснаў, выводзіць на вялікую, акружаную прыгажунямі-бярозамі палянку, пад’язджаем да палатачнага гарадка. Менавіта тут, за вёскай Верхалессе Кобрынскага раёна, размясціўся аздараўленчы лагер палатачнага тыпу Кобрынска-Маларыцкай міжраённай аргані­зацыйнай структуры ДТСААФ, у якім, разам з дзецьмі з Кобрынскага раёна адпачывалі тры дзяўчыны і пяць хлопцаў з Маларыты. Усе яны актывісты БРСМ і актыўныя наведвальнікі стралковага гуртка пры раённай гімназіі.
На адпачынак у лагер, размешчаны ў лесе, адправіліся юныя стралкі на 9 дзён. Амаль спартанскія ўмовы (хавацца ад дажджу і начаваць трэба было ў палатках, самім распальваць касцёр, у паходнай кухні разам з поварам гатаваць ежу) спачатку крыху спалохалі. Але ўжо на другі дзень кожны з удзельнікаў палатачнага лагера мог шчыра сказаць: “Мне тут вельмі падабаецца!”. Чыстае, з сасновым водарам паветра, добрае (у лясным цяньку нават не адчуваецца спякота), надвор’е, вадаём, дзе можна пакупацца, смачная каша з тушонкаю на абед, розныя ласункі на падвячорак, спартыўныя спаборніцтвы па стральбе, валейболу, дартсу, шашках і шахматах, вечары ля кастра зрабілі кожны дзень адпачынку цудоўным і рамантычным.
У аздараўленчы палатачны лагер 25 актыўных наведвальнікаў гурткоў добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту з Кобрына і Маларыты адправіліся не толькі, каб цікава правесці час. Мэта лагера – даць дзецям неабходныя жыццёвыя навыкі, дапамагчы кожнаму праверыць свае сілы, вытрымку.
— Не толькі хлопцы, але і дзяўчаты хутка адапціраваліся. З першага дня атмасфера стала сяброўскай, — адзначыла ў размове выхавальнік лагера , інструктар МРАС ДТСААФ Валянціна Козак.
А дзяўчынкі Кацярына Базылевіч, Аксана Піпко і Аліна Бурдзь дадалі:
— Нам тут вельмі весела, цікава. Кожны дзень мы спаборнічаем, правяраем свае здольнасці. А калі ёсць вольны час – адпраўляемся купацца. Вада і сонца, лясное паветра, сябры побач – што яшчэ трэба для адпачынку?
Кожны дзень у лагеры мае свой расклад, кожны, хто тут адпачывае, – ведае свае абавязкі. І дровы, каб прыгатаваць абед, трэба самім насячы, і бульбу ачысціць, і посуд памыць. Каб усе гэтыя клопаты не перашкаджалі адпачынку, гаспадарчымі справамі займаюцца дзяжурныя. Гэта для ўсіх дзяцей своеасаблівы ўрок самастойнасці.
— Я думаю, лагер кожнага з нас вучыць цярплівасці, вытрымцы, — заўважае ў размове Максім Шчыкаў. – Гэта для нас новыя уражанні.
І яны, як лічаць разам з Максімам яго сябры па лагеру Ілья Вітрук, Аляксандр Ярац, Аляксандр Рачкоўскі і Улад Сацюк, застануцца незабыўнымі.
Святлана МАКСІМУК.
НА ЗДЫМКУ: у палатачным лагеры.

Опубликовано в «ГЧ» 27.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.