Калі ты даў клятву Гіпакрата…

Як не згадзіцца з тым, што талент – гэта прыро­джа­ная здольнасць віртуозна рабіць тую справу, якой многія вучацца доўгія гады. Менавіта талентам, які на адну трэцюю частку складаецца з інстынкту, нярэдка вызначаецца выбар будучай прафесіі. Асабліва гэта датычыцца прафесіі медыка.
Сяргей Слуцкі з самага дзяцінства быў упэўнены: ён будзе лячыць людзей. Атрымаўшы пасведчанне аб базавай адукацыі, ён адправіўся ў Оршу, паступаць у медвучылішча. Чатыры гады вучобы, калі ён назапашваў новыя веды, набываў практычныя навыкі, не расчаравалі юнака ў выбранай прафесіі, а толькі ўпэўнілі, што медыцына – менавіта яго справа. Першым месцам работы выпускніка вучылішча, які атрымаў дыплом з адзнакай, быў сельскі ФАП у Камянецкім раёне. Потым працаваў ён ў таксікалагічным аддзяленні абласной бальніцы. Шукаць новае месца работы прымусіла, можна сказаць, жыццё. Сяргей ажаніўся. Маладая сям’я не мела жылля, а здымаць кватэру ў абласным цэнтры было не танна. А тут яшчэ на вочы трапіла аб’ява ў “Медыцынскім весніку”, дзе прапанавалася не толькі работа, але і добраўпарадкаванае жыллё. Сяргей з жонкай, якая таксама па адукацыі медсястра, вырашылі: паедзем!
Так апынуліся Слуцкія ў Чарнянах. Маладога фельчара ў вёсцы сустрэлі добра, мясцовая гаспадарка выдзеліла дом. З першых дзён вяскоўцы, а на ўчастку, што знаходзіцца на абслугоўванні ФАПа, восем вёсак, у якіх жыве больш за 800 жыхароў, адчулі ўвагу і душэўнасць Сяргея, пацягнуліся да яго. У сельскай мясцовасці фельчар, можна сказаць, – сямейны доктар, які ведае кожнага і адказвае за жыццё кожнага. Да яго спяшаюцца з любымі праблемамі ў здароўі, прычым не толькі днём, але і ноччу. І на кожнага ў Сяргея Віктаравіча хапае цярплівасці.
— Душа павінна ляжаць да той прафесіі, якую ты абраў, да той справы, якую робіш, — заўважае ён ў размове. – Чалавеку больш за розныя лекі патрэбна спачуванне, падтрымка, нават проста чулае слова.
Прафесійныя веды дае чалавеку навучальная ўстанова, вопыт – жыццёвая практыка. А вось тое, што называецца інтуіцыяй, не возьмеш з кнігі, не набудзеш за грошы ў краме. Калі яна ёсць, дык гэта назаўжды. А калі яе няма – ужо і не з’явіцца ніколі… Менавіта гэтая інтуіцыя і называецца ўрачэбным талентам, дадзеным чалавеку звыш. І хоць сціплы па сваім характары Сяргей Слуцкі пра такія высокія паняцці, як талент, шмат гаварыць не пажадаў, але ж адзначыў, што кожны спецыяліст абавязкова павінен умець прадбачыць сітуацыю, ні ў якім разе не нашкодзіць хвораму.
За тры гады работы ў Чарнянах малады фельчар сутыкаўся з рознымі сітуацыямі. Было так, што даводзілася адпраўляцца да хворага ў аддаленую вёску ўначы, вярнуўшыся з аднаго выкліку, адразу спяшацца на другі. Не раз, убачыўшы, што па дарозе праз вёску імчыць машына хуткай дапамогі і, высветліўшы, што побач аварыя, ён сядаў у сваю машыну і ехаў туды, бо ведаў, што калі на месцы здарэння некалькі пацярпелых, экстранная дапамога будзе патрэбна кожнаму і самой брыгадзе “хуткай”, калі размова ідзе пра лічаныя хвіліны, магчыма, не справіцца.
— А як жа інакш? Я ж даваў клятву Гіпакрата, а значыць абавязаны дапамагаць людзям, — упэўнена гаворыць Сяргей Слуцкі.
— А што адчувалася ў душы, калі гучалі словы гэтай клятвы?
— Прызнацца, мурашкі па целу прабягалі. Менавіта ў гэты момант, калі зачытвалася клятва, і ўсе разам мы гаварылі: “Клянёмся”, сапраўды адчулася тая адказнасць, якую кожны браў на сябе. Адна справа быць студэнтам, вывучаць тэорыю, знаёміцца з практыкай, і зусім іншая – самастойна прымаць рашэнні, якія датычацца здароўя людзей.
Сяргей Слуцкі заўжды любіў вучыцца, спасцігаць новыя веды. А таму, працуючы, вырашыў набыць вышэйшую адукацыю і паступіў у педуніверсітэт на факультэт фізічнай культуры, дзе атрымаў спецыяльнасць інструктара-метадыста па фізічнай рэабілітацыі. Вельмі важна, як лічыць Сяргей, не спыняцца на дасягнутым, пастаянна ўдасканальваць свае прафесійныя веды. Ён упэўнены, што ў выбары сваёй прафесіі не памыліўся. І гэта добра, бо кажуць, што шчаслівы той, хто змог ператварыць прафесію ў хобі, а хобі – у прафесію, каму хапіла на гэта жадання і таленту.
НА ЗДЫМКУ: Сяргей СЛУЦКІ.

Опубликовано в «ГЧ» 30.06.2012 г.

Добавить комментарий


Cialis 10 mg

www.profshina.kiev.ua/goodyear
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!