З мікрафонам — і ў будні, і ў святы

Як і ўсе дзеці, Алена Жлукта ў дзя­цінстве любіла спяваць. Гэты талент, як цяпер ужо разумее Алена, перадаў­ся ёй ад бабулі, якая спя­вала кож­ную хвілі­ну – і гатуючы ежу, і калі шыла, і калі капала бульбу. Ад яе перайшла да дзяўчыны і любоў да ўкраінскай песні. Але ў маленстве вакальны талент Алены праяўляўся мала. Яе не ставілі на стульчык спяваць гасцям, ды і ў канцэртах яна пачала ўдзельнічаць ужо ў старэйшым школьным узросце, калі стала наведваць эстрадную студыю. Паралельна дзяўчынка вучылася музыцы — іграла на акардэоне. Закончыўшы навучанне, як шчыра прызнаецца Алена, музычны інструмент закінула і лічыла, што ніколі не звяжа сваё жыццё з музыкай. Але памылілася…
Паступаць пасля школы Алена Жлукта збіралася ў педуніверсітэт на факультэт пачатковай адукацыі. Але за месяц да паступлення на адной з рэпетыцый у студыі адчула, што яе прыцягвае сцэна. Дакументы падала Алена ў Гродзенскі каледж мастацтваў на аддзяленне “Харавая народная музыка”. Тры гады вучобы ў каледжы пераканалі – народная песня – гэта тое, што яе захапляе. А таму не было сумненняў у тым, што трэба працягваць адукацыю ва ўніверсітэце, каб набыць яшчэ больш ведаў і практычных навыкаў. А ў час вучобы разам з іншымі студэнтамі Алене даводзілася прымаць удзел у розных канцэртах, выступаць на вялікіх і маленькіх сцэнах, пакараць гледача сваім голасам і ўменнем трымацца на сцэне.
Па запыту аддзела адукацыі, закончыўшы навучанне, Алена Жлукта вярнулася ў Маларыту і пачала працаваць у Цэнтры пазашкольнай работы. Два гады работы з дзецьмі далі многае, у першую чаргу ўменне арганізоўваць. І гэтае ўменне спатрэбілася ёй, калі змяніла месца працы, стала хормайстрам у гарадскім Доме культуры. Тут кіруе яна ансамблем эстраднай песні “Акалада” і двума дзіцячымі калектывамі “Іскрынка” і “Кнопачкі”. Акрамя таго, сама, як сольны выканаўца, пастаянна выступае на сцэне, радуючы на канцэртах гледачоў сваім цудоўным голасам.
— Я нават не ўяўляю, як бы магла жыць без песні, без сцэны, — прызнаецца Алена.
Яна і сёння, хоць трымае ў руках мікрафон далёка не першы год, хвалюецца перад кожным канцэртам. Не хвалюецца перад выступленнем, як упэўнена Алена, толькі той, хто абыякавы да гледача і да работы тых, хто разам рыхтуе канцэртную праграму. Але цяпер самым хвалюючым момантам для яе з’яўляецца выхад на сцэну яе маленькіх вучняў. Пакуль яны спяваюць, Алена хвалюецца за кожнага, падтрымлівае, падбадзёрвае. А потым радуецца поспеху дзяцей, зноў і зноў разумеючы, што і час, і сілы патрачаны недарэмна. Радуе кіраўніка поспехамі і ансамбль “Акалада”. Нядаўна гэты творчы калектыў удзельнічаў у рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, адкуль прывёз дыплом лаўрэата.
Будні Алены – гэта падрыхтоўка да новых выступленняў. А святы – абавязковы выхад на сцэну.
— Я не ўяўляю ўжо, як можна за святочнай праграмай назіраць збоку. Быць у цэнтры падзей – гэта адказна і цікава. Між іншым, у нашай рабоце ёсць адзін плюс – ніколі не трэба думаць, як і з кім правесці свята.
Алена добра ведае, як сваёй песняй узняць настрой іншым. Са студэнцкіх гадоў яна добра засвоіла і такую ісціну: артыст ніколі не павінен выдаць гледачу свой дрэнны настрой. Алена ўпэўнена, што на сцэне трэба жыць песняй, даносіць да гледача яе сэнс. У гэтым і ёсць эстрадны талент.
НА ЗДЫМКУ: Алена ЖЛУКТА.

Опубликовано в «ГЧ» 30.06.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.