Марыіны балы

У краіне закончылася цэнтралізаванае тэсціраванне. Рэспублі­канскі інстытут кантролю ведаў праверыў усе пісьмовыя іспыты. Абіту­рыенты ўжо ведаюць свае вынікі.
Марыя Карабейка, выпускніца раённай гімназіі, у ліку тых на Маларытчыне, хто набраў найбольшую колькасць балаў.
— Вынікамі здачы тэстаў я задаволена, — кажа Марыя. — Па беларускай мове мае веды ацэнены ў 83 балы, па хіміі – у 91, па біялогіі – у 93, а сярэдні бал атэстата –9,5. Разам атрымалася 362 балы з магчымых 400.
— Марыя, у чым, на тваю думку, заключаецца поспех здачы тэстаў на ЦТ?
— Перад сабой я паставіла канкрэтную мэту. Многа часу, асабліва — у 11 класе, адводзіла падрыхтоўцы дамашняга задання, наведвала таксама факультатыўныя заняткі, чытала дадатковую літаратуру. Імкнулася грунтоўна падрыхтавацца да кожнага ўрока, аднак трошкі больш часу адводзіла тым прадметам, па якіх неабходна здаваць тэсты. Правярала свае веды на пробным ЦТ.Атрымаўшы іх вынікі, засядала за кніжкі, вучыла тое, чаго не ведала.
— З будучай прафесіяй ужо вызначылася?
— Так, прыблізна яшчэ год назад. Буду падаваць дакументы ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на фармацэўтычны факультэт. Там вучыцца мая сястра Люда, якая ўжо закончыла 2 курсы. Яна, напэўна, найбольш і паўплывала на мой выбар (усміхаецца). Разам нам будзе лягчэй вучыцца.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: Марыя Карабейка, адна з тых, хто па выніках ЦТ-2012 года набраў найбольшую колькасць балаў у раёне.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 11.07.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


подробнее

progressive.ua

также читайте