Настаўніцкі ген

З упэўненасцю можна сказаць, што сям’я Мікалая Піпко з в.Хмялёўка асаблівая, унікальная і непаўторная ў тым плане, што з трох пакаленняў яго роду 10 чалавек набылі адукацыю педагога. Дынастыя настаўнікаў – тэма незвычайная і цікавая, бо працаваць у школе, выхоўваць “чужых” дзяцей, штодзённа жыць іх турботамі і праблемамі можа не кожны. Неабходны талент, каб да кожнага знайсці  ключык,  прымусіць паверыць у свае сілы і магчымасці, дапамагчы раскрыць  здольнасці. І усіх – палюбіць, аддаючы частачку сябе! Без астачы і не патрабуючы нічога ўзамен. Для гэтага трэба нарадзіцца і быць чалавекам з вялікім сэрцам.
Чаму людзі, звязаныя ро­днаснымі адносінамі, вы­біраюць адну і тую ж прафесію?  Можа, гэта гены, дар вучыць, які перадаецца ў спадчыну? Відавочна адно: стаць настаўнікам, проста ідучы след у след за бацькамі, складана. На гэта, безумоўна, неабходна нейкая ўнутраная патрэба, таму што кожны чалавек сам робіць свой выбар, са ста дарог выбірае толькі тую, якая бліжэй да сэрца і да якой ляжыць душа. Тут можна смела гаварыць пра настаўніцкі генатып, калі прыклад бацькоў вызначае будучую прафесію іх дзяцей.
12 сакавіка ў Мінску адбыўся рэспубліканскі “Злёт педагагічных дынас­тый-2010”. Брэсцкую воб­ласць на ім прадстаўляла дынастыя Піпко з Маларытчыны. Яе заснавальнікамі з’яўляюцца Мікалай Ціма­феевіч і Людміла Паўлаўна, якія працавалі настаўнікамі ў Хмялёўскай школе. Ён 40 гадоў (1963-2003 гг.) перадаваў дзецям азы працоўнага навучання і фізічнага выхавання, а яна 45 гадоў (1954-1999 гг.) шчыравала, як пчолка, навучаючы дзяцей пачатковых класаў. Трое іх сыноў, як па пратаптанай шырокай сцежцы, смела пайшлі па слядах бацькоў. Вадзім Мікалаевіч ужо 31 год выкладае тэхнічную працу ў Гвозніцкай СШ-садзе (закончыў Мазырскі педінстытут імя Н.Крупскай). Яго дачка Таццяна ў 2007 г. атрымала дыплом БрДУ імя А.С.Пушкіна і зараз працуе настаўніцай пачатковых класаў у Радзежскай СШ.  Аляксандр Мікалаевіч з 2009г. на пасадзе дырэктара Макранскай СШ,  сваю педагагічную дзейнасць таксама пачынаў  настаўнікам працы і чарчэння ў 1978г. (у 1988г. закончыў Мінскі педінстытут імя М.Горкага). Яго сын Сяргей навучаўся ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце, атрымаў дыплом выкладчыка працоўнага навучання і англійскай мовы. Генадзь Мікалаевіч, які пачаў настаўнічаць у 1980 г., шмат гадоў у СШ №2 выкладае працоўнае навучанне і дапрызыўную падрыхтоўку. Яго жонка, Раіса Пятроўна, працуе настаўніцай у гэтай школе і вучыць дзяцей рускай мове і літаратуры. Іх сын Эдуард таксама рыхтуецца стаць настаўнікам, бо навучаецца ў БрДУ імя А.С.Пушкіна на гістарычным факультэце.
Мікалай НАВУМЧЫК.

На здымку: прадстаў­нікі настаўніцкай дынастыі Піпко.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.