Гарачы старт

Спякота паскорыла старт жніву. Але гэта не застала знянацку хлебаробаў – сюрпрызы прырода прыпадносіць штогод, і да іх трэба быць гатовымі. У вытворчым сельскагаспадарчым філіяле “Савушкіна” з першых дзён жніва ў работу ўключыліся 5 камбайнаў, якія выйшлі на больш высокія палеткі, дзе зерневыя значна пасушыла. Такой колькасцю тэхнікі паспяваюць убраць тое, што паспела.
Яшчэ 3 камбайны рыхтуюцца ў поле. Камбайнавы парк, як зазначыў галоўны аграном Сяргей Гусак, моцны, машыны ў асноўным энерганасычаныя, якім да 5-7 гадоў. Сярод іх і новы КЗС-1218, куплены сёлета, і працаваць на ім даручана маладым, але адказным механізатарам – братам Юрыю і Івану Касцючыкам. А ўсяго на жніве задзейнічана 15 камбайнераў, якія павінны ўбраць зерневыя і зернебабовыя на плошчы больш за тысячу гектараў.
Добра прадуманая арганізацыя працы дазваляе своечасова выязджаць ў поле і працаваць без прастояў.
— Асобых праблем з па­легласцю пасеваў пакуль няма, — гаворыць Сяргей Гусак, — і гэта дазваляе нармальнымі тэмпамі ўбіраць ураджай. Хаця ніхто не ведае, што можа надвор’е прыпаднесці на працягу ўсёй уборкі.
Намалочана ўжо больш за 500 тон зерня пры нядрэннай ураджайнасці – больш чым 37 цэнтнераў з гектара.
Ураджай, як кажуць, не той, што ў полі, а той, што ў засеках. Колькі яго збяруць, галоўны аграном не рызыкнуў назваць, але ж упэўнены, што агульны каравай не павінен быць меншым, чым летась. Тым больш, што і база для яго перапрацоўкі і захоўвання таксама, як і камбайнавы парк, моцная – пабудавана новае сучаснае зернясховішча. За суткі тут гатовы прымаць да 600 тон зерня.
І хлебаробы тут таксама моцныя, выпрабаваныя, работу любяць. Генадзь Бярчук, які працуе на амерыканскім “ДжонДзіры” разам са сваім братам Віктарам, сказаў, што жніво для яго не выпрабаванне і не цяжкая праца, а наадварот, адпачынак, таму што работа на такім камбайне прыносіць адно задавальненне. Асабліва ў хвіліны, калі бачыць, як са шнэка гэтай цудоўнай машыны ў кузаў аўтамабіля сыплецца хлебнае золата, да якога ён мае самае непасрэднае дачыненне.
Сёмы сезон працуюць браты Берчукі на ДжонДзіры. І калі ў Генадзя запыталіся, хто з іх больш вопытны, ён адказаў: “Напэўна, Віктар. А калі б спыталіся ў яго, то, думаю, ён сказаў бы, што я”.
Значыць, хлопцы падобныя не толькі знешне, але і ў рабоце: аднолькава вопытныя, аднолькава адказныя. Як і вадзіцель Анатоль Морскі, МАЗ якога замацаваны за гэтым экіпажам і для якога сёлетняе жніво далёка не першае, але якое заўсёды па-асобаму, як прызнаваўся, хвалюе душу.
Ніна СВІЦЮК.
НА ЗДЫМКАХ: вадзіцель Анатоль МОРСКІ; камбайнер Генадзь БЯРЧУК.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 14.07.2012 г.

Добавить комментарий


www.sledoc.com.ua

www.np.com.ua/holodilnoe-oborudovanie/shkafy-holodilnye-i-morozilnye.html

www.101binaryoptions.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!