Звычайнае геройства

У нядзелю, 8 ліпеня, у другой палавіне дня па тэрыторыі Маларытчыны прайшоў моцны лівень з градам і ўраганным ветрам. Ён пазрываў дахі дамоў, знішчыў ўраджай на палях і пашкодзіў лініі электраперадач.
— Пасля 14.00 ў дыспетчарскую сталі паступаць званкі ад насельніцт­ва аб тым, што ў некаторых вёсках адключана электрычнасць, — кажа Віктар Струнец, начальнік Маларыцкага РЭС. – Дзяжурны дыспетчар Аляксей Клюнчык вызначыў раёны адключэнняў. Па трывозе была паднята дзяжурная брыгада. Але калі нам стаў вядомы рэальны малюнак, было прынята рашэнне экстранна сабраць увесь персанал РЭС. У 15.00 працавала ўжо 5 аварыйна-аднаўленчых брыгад. А гэта 23 чалавекі. Яны ў лічаныя хвіліны выехалі да месцаў мяркуемых пашкоджанняў. Аднак да ліквідацыі вынікаў стыхіі прыступалі пасля таго, як зніжалася інтэнсіўнасць ліўня і закончылася навальніца. Адразу аператыўна рабілі пераключэнні па лакалізацыі пашкоджаных участкаў ліній электраперадач.
Самыя складаныя “сітуацыі” былі ў раёне вёсак Велікарыта і Лукава. Ля першага населенага пункта перагарэлі правады, ля другога – тры апоры лініі элекраперадач, што вядуць у бок в.Полікі, не вытрымалі сілы ветру і былі зламаны на ўзроўні зямлі. Асноўныя работы ўжо былі завершаны да 18.00. Аднак заставаліся адзінкавыя спажыўцы, адключаныя ад электрычнасці. Для эфектыўнасці і хутчэйшага завяршэння ўсіх работ была прыцягнута дадатковая тэхніка, у тым ліку і з Брэста. Усё ўскладнялася тым, што апоры, якія рухнулі, знаходзіліся ў цяжка даступным месцы. Спецыялістамі РЭС быў распрацаваны план дзеянняў па ліквідацыі наступстваў стыхіі. Адразу дапамогу аказала кіраўніцтва СВК “Чырвоны партызан” і “Макраны”. Да ўзнаўлення ліній электраперадач здолелі прыступіць толькі ў 22.00. Усё ўскладнялася яшчэ і тым, што была ноч, таму давялося выкарыстаць штучнае асвятленне. Месцы пашкоджання ліній электраперадач пакінулі толькі тады, калі завяршылі ўсе неабходныя работы. У 3 гадзіны ночы было пададзена напружанне.
— Мы людзей без элект­рычнасці ніколі не пакінем, — кажа Віктар Піліпавіч. – Гэта – наш прафесійны абавязак. Персанал Маларыцкага РЭС пастаянна адчувае адказнасць за вынікі сваёй працы. Не адзін наш работнік у неспрыяльных прыродна-кліматычных умовах тэлефануе дыспетчару і цікавіцца, ці не патрэбен ён у гэты час на працы.
— А хто праявіў найбольшую актыўнасць у час ліквідацыі наступстваў стыхіі?
— Кожны наш работнік унёс свой уклад, каб у доме ўсіх нашых спажыўцоў як мага хутчэй была электрычнасць. Але хацелася б адзначыць брыгаду майстра Івана Аўдзеюка. Стараліся таксама майстар Аляксандр Лямачка, электраманцёры Юрый Сцепанюк, Мікалай Амельянчук і Сяргей Абрамчук. Актыўнымі паказалі сябе Андрэй Віцюгоў, Алег Новікаў, Віктар Алесік і іншыя.
Мікалай НАВУМЧЫК.
На здымку: майстар Іван Аўдзяюк са сваімі падначаленымі.
Фота Алега Крэмянеўскага.

Опубликовано в «ГЧ» 14.07.2012 г.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!