ЦАНІЦЕ КОЖНУЮ ХВІЛІНУ

Вайна ў памяці Варвары Касцючык
Гі дэ Мапасан некалі сказаў: “Жыццё – гара: падымаешся марудна, спускаешся хутка”. І сапраўды, у маладосці нам хочацца, каб наша жыццё ішло хутчэй, каб мы, малыя, хутчэй сталі дарослымі. А лю­дзям старым – наадварот, хочацца спыніць час хоць крыху, каб дні, месяцы, гады так хутка не ляцелі. Ды і пражыўшы 70, 80, 90 гадоў, чалавеку ўсё роўна здаецца, што ён не жыў, што жыццё праляцела, як адно імгненне.
Варвара Піліпаўна Касцючык з вёскі Заазёрная ў свае 93 гады таксама гаворыць, што жыццё для яе нібы сон: прайшло хутка і ўспамінаецца эпізодамі. А ўспомніць Варвары Піліпаўне і сапраўды ёсць што. За свае 93 гады яна бачыла многае. Дзяцінства Варвары Піліпаўны нельга сказаць, што прайшло добра. Было ўсякага, бо час быў такі – страшны.
Нарадзілася Варвара Піліпаўна ў 1918 годзе ў вёсцы Олтуш. У сям’і, акрамя яе, было яшчэ 2 браты і 4 сястры. Бацькоў яе ніколі заможнымі не лічылі, хоць і была ў іх вялікая гаспадарка, на якой працавалі з ранку да вечара. Тады асабліва аб адукацыі ніхто не думаў, таму што шмат спраў было дома. Кожны меў свой абавязак. “У школу я хадзіла толькі адзін год, — расказвае жанчына, — а пасля пайшла працаваць: даглядала за малым сынам бацюшкі. Я хацела хадзіць у школу, але, на жаль, не было такой магчымасці. Я не мела нават абутку, у якім магла б хадзіць у школу. А бацька мой хадзіў прыслугоўваць у царкву. Так і дамовіўся, каб я даглядала за сынам бацюшкі. Дарэчы, гэта быў нядрэнны заробак. У нас была свая чарада авечак, якую мы, дзеці, пасвілі па чарзе. Шмат працавалі на зямлі, бо патрэбна было жыць”.
У той час, калі дзяўчынкі крыху падрасталі, бацькі іх хутка стараліся аддаць замуж. А паколькі тады слова бацькоў было, як закон, то маладыя дзяўчаты асабліва і не пярэчылі, а мірна выходзілі замуж. Бывала і такое, што часам маладыя бачыліся першы раз толькі на вяселлі. Так і маладую Варвару ў 19 год бацькі пасваталі за хлопца Фёдара з суседняй вёскі Заазёрная. “Мне не надта хацелася ісці за яго, не хацелася ісці жыць з Олтуша ў Заазёрную, — успамінае жанчына, — але так сказалі бацькі. За хлопцаў з нашай вёскі не хацелі аддаваць, таму што ў іх не было зямлі, а ў сям’і Фёдара была зямля. А тады гэта значыла, што сям’я не бедная. Вось так я і стала жыць у вёсцы Заазёрная, дзе і жыву ўсё жыццё”.
У 1938 годзе ў маладой сям’і Фёдара і Варвары нарадзілася дачушка, а ўжо ў 1939 годзе Фёдара забралі ў польскую армію, затым ён трапіў у Ташкент. Увесь гэты час ён дасылаў родным лісты, дзе расказваў аб жыцці салдата і аб тым, як смуткуе па роднай зямлі і па блізкіх. Неўзабаве зноў прыйшла вестка, але не ад самога Фёдара. Прыйшоў ліст, у якім гаварылася, што муж Варвары прапаў без вестак. Маладая жанчына жыла тады з бацькамі Фёдара. Яна ніколі і не думала, што такой маладой застанецца ўдавой. Тым больш, што і час быў жудасны, цяжкі – ішла Вялікая Айчынная вайна.
Успамінаючы пра вайну, мая субяседніца, ціха плакала і ўвесь час паўтарала: “Не дай Божа, каб такое паўтарылася. Вайна забрала ў мяне, акрамя мужа, маці і брата. А ў чым яны былі вінаватыя? Што дрэннага яны зрабілі? Усё сваё жыццё я шукаю адказ на гэтае пытанне, але так і не знайшла. Ды, напэўна, і не знайду. Увогуле, былі такія немцы, якія не чапалі мірных жыхароў. Яны так і казалі, каб мы іх не баяліся, а баяліся нейкіх іншых, з палоскамі, бо тыя карнікі. Калі такія прыходзілі ў вёску, усе адразу хаваліся ў лесе. Вось аднойчы і ў Олтуш прыйшлі такія карнікі і пачалі лавіць тых, хто трапляў пад руку. З маімі бацькамі па-суседску жыла сям’я, у якой была нямая дзяўчынка. Дык гэтыя карнікі прывязалі яе за ногі і цягнулі ў самы канец Олтуша, дзе пасля разам з іншымі жыхарамі Олтуша расстралялі. Тады абарвалася і жыццё маёй маці з братам. Пасля, калі немцы паехалі з вёскі, вяскоўцы самі пазбіралі мёртвых людзей і пахавалі іх у брацкай магіле, якую і зараз добра відаць на Олтушскіх могілках. Гэта ўсё вельмі страшна было: мы не мелі ежы, адзення, але самае галоўнае было зберагчы сваё жыццё і жыццё сваіх родных. А калі ў 1945 годзе мы даведаліся аб перамозе, то ўсе выходзілі на вуліцу, спявалі, плакалі, цалавалі адзін аднаго. У тыя хвіліны мы былі адной вялікай сям’ёй, у якой была агульная бяда, і вось, нарэшце, прыйшла агульная радасць”.
Ішоў час, людзі зноў вучыліся жыць мірным жыццём, без страху і стральбы. Варвара Піліпаўна была яшчэ маладой жанчынай, а таму і вырашыла, калі прапанавалі, зноў выйсці замуж. Да таго ж , і дачцэ, якой на той момант было 9 год, патрэбен быў бацька. Так і пачала яна зноў будаваць сваё жаночае шчасце. Другі муж быў добры, адразу ж прыняў дачку жанчыны як сваю і стаў ёй сапраўдным бацькам. Сама ж Варвара Піліпаўна была недастаткова адукаванай, бо за плячыма мела толькі адзін клас, але, нягледзячы на гэта, яе паважалі ў мясцовай гаспадарцы. Спачатку яна хадзіла ў брыгаду, а пасля была звеннявой па вырошчванні агародніны (у гаспадарцы вырошчвалі агуркі, памідоры і г.д.). “У нас у раёне была лепшая агародніна, — гаварыла жанчына, — мы нават не паспявалі ўбіраць усё. Таксама і дома была вялікая гаспадарка, таму працы хапала заўсёды, але скардзіцца на сваё жыццё не хачу. У мяне цудоўныя родныя людзі, якія даглядаюць за мною, дапамагаюць, а што яшчэ патрэбна ў старасці?”
Другі муж Варвары Піліпаўны памёр у 1998 годзе, з таго часу яна жыве адна. Але няма і дня, каб яе не наведалі. З ахвотай і ўсмешкай расказвала жанчына і пра маладосць сваю, пра тое, як адпачывалі. “Бывае, прыйдзеш з поля стомлены, але ўсё роўна спяшаешся на пасядзелкі, — успамінае жанчына. — Калі збіраліся вечарам, адразу ж забывалі пра тое, што стомленыя. Хлопцы прыносілі гармонік, і мы пускаліся ў скокі. Весела было, хоць і працавалі цяжка, але ў маладосці стома праходзіць хутка”.
Сёння Варвара Піліпаўна, здаецца, ні пра што не шкадуе. Радуецца таму, што ёсць, моліцца Богу і гаворыць, што ў жыцці патрэбна цаніць і берагчы кожную хвіліну. Бо жыццё ляціць хутка, а пасля ўспамінаецца, нібы сон, нібы і не было ўсяго жыцця. На маё пытанне, якую б параду Варвара Піліпаўна дала сучаснай моладзі, жанчына адказала: “Цаніць кожную хвіліну свайго жыцця і ні аб чым не шкадаваць!” На маю думку, добрая парада.
Анастасія Максімук.
На здымку: Варвара Піліпаўна Касцючык.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 18.07.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


отделочные работы

www.russ-love.com

http://steroid-pharm.com