Узвышаная працай

— Калі ласка, хвілінку пачакайце, — сказала Ганна Гапанюк і пайшла ў святліцу. Было чуваць, як рыпнулі дзверцы шафы, як жанчына войкнула, штосьці адсунула. Нарэшце, данеслася радаснае: “Знайшла!” Праз імгненне Ганна Іванаўна з гэтым “Знайшла!” і з’явілася ў дзвярах. Тое, што выклікала столькі эмоцый, было звычайным і невялічкім па памерах чамаданам-дыпламатам.
— Вось тут знаходзіцца ўсё тое, што заслужыла, працуючы 32 гады даяркаю ў калгасе “Новы шлях”, — сказала Ганна Гапанюк і паклала дыпламат на падлогу. Я з цікавасцю яго адкрыў і стаў пераглядаць “скарб” жыцця маёй субяседніцы. Фотаздымкі, медалі, знакі… Перад маімі вачыма ўвесь працоўны лёс аднаго з лепшых аператараў машыннага даення калгаса “Новы шлях” і, напэўна, раёна. За сваю добрасумленную працу Ганна Іванаўна атрымала 10 грамат рознага ўзроўню, у тым ліку – Грамату Вярхоўнага Савета БССР. Яна была тройчы ўдарнікам камуністычнай працы (1975, 1978, 1984 гады). З 1973 па 1980 гады 8 разоў станавілася пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва, двойчы атрымлівала знак “Ударнік Х пяцігодкі” і знак “Ударнік ХІ пяцігодкі”. Старанная і шчырая праца Ганны Гапанюк адзначана і на высокім дзяржаўным узроўні. У 1973 годзе яна ўзнагароджана ордэнам “Знак пашаны”, а ў 1981 – ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Усяго гэтага Ганна Іванаўна дасягнула, дзякуючы сваім працавітым рукам. Усё жыццё ў руху. Не было ў жанчыны і хвіліны, каб пастаяць, пагаварыць. Спадзявацца ж, акрамя як на свае сілы, не магла ні на каго. Хоць і была замужам.
Лёс не быў літасцівым да Ганны Іванаўны. Як ён, пакручасты, ні гнуў, як ні прыгінаў, а выжыла жанчына, трывала стала на ногі і атрымала перамогу ў гэтай нялёгкай барацьбе.
— Мая маці, Феадосія, з Макран, — расказвае субясед­ніца. – Мяне нарадзіла ў маі 1943 г. Праз некаторы час яна захварэла на запаленне лёгкіх і неўзабаве памерла. Так я ў 9 месяцаў засталася без матулі. Бацьку Івана, як і маці, ні разу на свае вочы не бачыла. Ён пайшоў ваяваць на фронт. Родзічы кажуць, што бацька загінуў у 1945 годзе на тэрыторыі Польшчы. Дзе ён пахаваны, на жаль, да гэтага часу не ведаю. Не раз думала, што бацька яшчэ жывы.
9-месячную Ганулю Грузінскую (дзявочае прозвішча) забрала да сябе і стала выхоўваць бабуля Варвара, маці бацькі. Яна, між іншым, пражыла 107 гадоў. У Варвары сваіх было васьмёра дзяцей. Ганна стала дзявятай.
— Сіратою сябе на адчувала. Дзядзькі і асабліва бабуля клапаціліся пра мяне. Да 13 гадоў, здаецца, яе называла заўсёды мамай і не ведала нават, што гэта мая бабуля. Так працягвалася да таго часу, пакуль вясковыя жанчыны ў гадах не “адкрылі” вочы, сказаўшы, што Варвара для мяне – усяго толькі бабуля. Бацькава маці была жанчынай мудрай і спрактыкаванай. Да размоў вяскоўцаў аднеслася спакойна і з разуменнем. Яна як быццам бы чакала таго моманту, калі я даведаюся праўду сама. Усё ўраз стала на свае месцы. Бабуля расказала пра маленства маё па шчырасці, як было. Але ў яе словы мне не вельмі хацелася верыць. Пачутая праўда нічога не змяніла ва ўзаемаадносінах з дарагім чалавекам. Пасля гэтага і да самай яе смерці бабулю Варвару па-ранейшаму называла толькі мамай.
У школе Ганна вучылася добра, але 7 класаў не паспела закончыць. Мара з маленства жыла ў яе душы: не памерці б з холаду. Хацелася ж набыць і спецыяльнасць. Аднак трэба было ўжо самой зарабляць грошы, каб апрануцца, абуцца і пракарміцца. У тыя гады чалавек ва ўзросце 13-14 гадоў лічыўся самым работнікам. Таму разам з 4 дзяўчатамі з вёскі едзе на заробкі ва Украіну. 5 сезонаў адпрацавала. Гэта стала добрай школай для падрыхтоўкі ў самастойнае жыццёвае плаванне.
— Кажуць, што сёння людзі дрэнныя, злыя, — заўважае Ганна Іванаўна. — Але такія былі заўжды. Праўда, іх ня­шмат, аднак паўсядзённасць псуюць добра. Добра памятаю, як прыехала з заробкаў. Дык не было дзе прытуліцца. Так атрымалася, што нявестка выгнала бабулю Варвару з роднай хаты. А што ўжо гаварыць пра жытло для мяне. Тады бабулін сын Грыша купіў маці хату. Разам з бабуляй я і стала жыць.
Апошні раз з заробкаў Ганна Грузінская вярнулася ў пачатку 1962 г. Недзе праз 10 месяцаў пайшла працаваць у калгас на ферму. Да выхаду на пенсію так і засталася даіць кароў.
— Мне далі 16 першацёлак. Раздойвала іх уручную, — успамінае Ганна Іванаўна. – Мне, маладой дзяўчыне, было цяжкавата, але паступова ўцягнулася. Усё стала неяк само па сабе атрымлівацца.
Ганна была надзвычай працавітая. Гэтую яе рысу характару ўпадабаў мясцовы жыхар Сяргей. У мужчыны быў сын Іван, які стаў хадзіць да маладой удавы з дзіцём. Бацька і маці хлопца не віталі такі ход падзей. Ім больш хацелася, каб Іван звярнуў увагу на Ганну. Трошкі пазней дзяўчыну сталі зводзіць з Іванам яго сябры. Неяк адзін з іх, Пеця, сказаў, што сёння Іван Ганну будзе чакаць вечарам ля клуба.
— Я ніколі на танцы не хадзіла, — гаворыць Ганна Іванаўна. – А тут вырашыла выбрацца. Прыгожа апранулася. Выйшла з хаты. Якраз ехаў старшыня калгаса. З ім на матацыкле і прыехала ў Ляхаўцы. Здалёк угле­дзела, што Іван ужо чакаў ля клуба. Але мы накіраваліся на хутар, дзе я жыла. А гэта некалькі кіламетраў.
Ганна ўжо і не памятае, пра што яна гаварыла з Іванам у той вечар. Можна толькі здагадвацца. Аднак на развітанне хлопец зусім сур’ёзна бабулі Варвары сказаў: “Рыхтуйцеся, заўтра прыйду ў сваты”.
— Я і верыла, і не верыла. Аднак пачалі варыць, пячы і смажыць.
Іван не падмануў. Хлопец меў сур’ёзныя намеры. На наступны дзень з бацькамі прыйшоў сватацца. Усё зрабілі так, як было прынята. Шлюб маладыя зарэгістравалі ў канцы лістапада 1965 г., а вяселле згулялі тады, як закончыўся Калядны пост. Хутка ў маладой сям’і з’явіўся сын Віця, а пасля – дачка Люба.
— Свой дом самі будавалі?
— Мама, па словах бабулі, калі памірала, мне завяшчала цялушачку на пасаг. На вяселлі я яе і атрымала ў час перапою. А пазней карову прадала і купіла цэглы на хату. Яе будавала разам са свёкрам.
— Перадавой даяркай як сталі?
— Да гэтага ў кожнага свой шлях. Але ён заўжды нялёгкі. Павага, пашана – гэта толькі бачная частачка таго, што хаваецца за паўсядзённымі клопатамі. Як стала перадавой? А хто яго ведае. Проста працавала. Можа, трошкі лепш, чым іншыя (смяецца). Прывяду такі факт. Праз месяц пасля нараджэння сына ўжо зноў даіла кароў. Не сядзела доўга дома і тады, калі з’явілася дачка. Абставіны так склаліся. Неяк прыходзіць калгасны заатэхнік і кажа, што на ферму прывезлі племянных кароў. А даіць няма каму. Папрасіў выйсці на працу. Падумаўшы, згадзілася. Пасаджу, бывала, дзяцей у каляску, і з імі лячу на ферму. Цяпер такое цяжка ўявіць: у калідоры разасланая коўдра, на ёй – дзеці, якія гуляюць з цацкамі. А я ў гэты час даю кароў.
Сваю групу Ганна Іванаўна даглядала са стараннем, працавала адказна, укладваючы ўсю душу. Здаралася, што ў час масавых расцёлаў прыбягала на ферму і ноччу. Цельных кароў заўсёды карміла лепш, пасля расцёлу імкнулася правільна раздаіць.
— Сваім кароўкам я і бакі пачухаю, і за вухам пагладжу, і ласкава да іх адазвуся. І заўсёды старалася, каб каровы былі чыстымі. Таму, можа, яны і давалі больш малака.
Ганна Гапанюк адна з першых ў калгасе надаіла 3 тысячы кг малака ад каровы. У 1983 г. быў пераадолены рубеж ужо ў 3420 кг, а пасля – і 4-тысячны.
На заслужаны адпачынак жанчына пайшла ў 1993 годзе. Але сувязей з роднай гаспадаркай не парывала. Кіраўніцтва прасіла – выходзіла на працу. Нават яшчэ 3 гады таму дапамагала СВК перабіраць бульбу.
— Працавала б і яшчэ, — зазначае Ганна Іванаўна, — аднак падводзіць здароўе. -Хочацца быць карыснай для гаспадаркі, ды гады бяруць сваё. Без справы ў хаце ўседзець цяжка. Рукі просяць занятку. На сэрцы становіцца спакайней, калі выйду на свой агарод.
Я пераглядаю яшчэ раз дамашні архіў Ганны Гапанюк. У ім застыла праўдзівая гісторыя жыцця жанчыны, якая сваёй самаадданай працай стварала дабрабыт кожнага з нас. Можна сёння Ганну Іванаўну назваць і стаханаўкай, і першапраходцам… Да яе асобы падыдуць і многія іншыя характарыстыкі. Аднак за ўсім гэтым на першае месца ўсё роўна выйдуць яе галоўныя якасці – чалавечнасць і неймаверная працавітасць. Дык ці не з-за гэтага неабходна паважаць і шанаваць чалавека?
Мікалай НАВУМЧЫК.
в. Ляхаўцы.
На здымку: Ганна Гапанюк, ардэнаносец, адна з перадавых даярак Маларытчыны мінулага стагоддзя.
Фота аўтара.

Опубликовано в «ГЧ» 21.07.2012 г.

Добавить комментарий


Материалы для гидроизоляции фундамента www.unc-mps.com.ua
http://medicaments-24.com/

В интеренете нашел полезный блог на тематику кухонный стол www.dekorde.com
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!