ПАДСТАЎ ДЛЯ ПАНІКІ НЯМА

Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Уладзімір Пузырэўскі ў райвыканкаме правёў асабісты прыём грамадзян
Можна было загадзя меркаваць, што тыя, хто запісаўся на прыём да Уладзіміра Пузырэўскага, не абмінуць такія пытанні, як выдача льготных крэдытаў на індывідуальнае будаўніцтва. І сапраўды, 60% грамадзян, якія прыйшлі на прыём (усяго было запісана 19 чалавек), хацелі пачуць ад адказнай службовай асобы самага высокага рангу кампетэнтныя тлумачэнні наконт выдачы льготных крэдытаў на індывідуальнае будаўніцтва. А права на атрыманне іх згодна з адпаведным Указам Прэзідэнта нашай краіны маюць маладыя і шматдзетныя сем’і.
Уладзімір Іванавіч кожнаму, каго цікавіла гэтае пытанне, тлумачыў, што сёння банкі нашай рэспублікі не маюць магчымасці забяспечыць крэдытнымі рэсурсамі ўсіх жадаючых. Брэсцкая вобласць атрымала толькі 60% грашовых сродкаў, якія могуць быць выкарыстаны на крэдыты, таму губернатар вобласці Канстанцін Сумар, улічваючы патрэбы многіх, звярнуўся з пісьмовай просьбай да прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча выдзеліць вобласці дадаткова крэдытныя рэсурсы ў суме 848 мільярдаў рублёў. Хутчэй за ўсё гэтая просьба кіраўніка вобласці будзе задаволена, бо ў 10-х чыслах жніўня Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка плануе правесці нараду па гэтым набалелым пытанні і абнародуе прыярытэты ў жыллёвым будаўніцтве, у тым ліку тут будуць закрануты і пытанні выдачы льготных крэдытаў.
Уладзімір Іванавіч супакойваў усіх заяўляль­нікаў і пераконваў, што панікаваць не трэба, сітуацыя абавязкова зменіцца ў лепшы бок. Банкі абавязкова выканаюць свае дагаворныя абавязацельствы перад індывідуальнымі забудоўшчыкамі. Словам, усім, хто мае права на атрыманне льготнага крэдыту, заключыў з банкам дагавор і цяпер з-за адсутнасці грошай не можа дабудаваць дом, дзяржава абавязкова дапаможа.
Не толькі гэтае пытанне патрабавала тлумачэння памочнікам Прэзідэнта краіны. А вось, скажам, і такое, што цікавіла пенсіянерку В. з Маларыты, якая пыталася, чаму б не павялічваць пенсію пенсіянерам не ў працэнтных адносінах, а ўсім аднолькава ў рублях.
Уладзімір Іванавіч тлумачыў жанчыне, што ў рэспубліцы распрацавана сістэма назначэння пенсій, пенсія кожнага пенсіянера вызначаецца згодна з індывідуальным каэфіцыентам, у кожнага яна свая па памеру, таму і сума пры павышэнні ў кожнага атрымліваецца таксама свая.
Некаторыя з пытанняў патрабавалі дакладнага вывучэння, таму Уладзімір Іванавіч браў іх на кантроль з агаворкай, што даручыць адпаведным службам і органам у названых недахопах разабрацца і даць кампетэнтныя адказы заяўляльнікам. Да прыкладу, такога вывучэння патрабуе пытанне Міхаіла Дрываля, які цікавіўся, ці мае ён права прыватызаваць сваю кватэру са статусам службовай. Альбо пытанне Міхаіла Хатынюка, які ў 1994 г. уклаў свае чэкі “Маёмасць” у прыватнае прадпрыемства “Брэстаблінвест” і нават адзін раз атрымаў дывідэнды. Але ў апошні час іх плаціць перасталі, сказалі, што рух акцый прыпынены. Вось і цікавіўся Міхаіл Андрэевіч, чаму.
Дадаткова будуць вывучаны і пытанні іншых грама­дзян, якія прасілі дапамогі ў іх вырашэнні ва Уладзіміра Іванавіча.
А пенсіянерам з Замшан, якія, на іх думку, пераплацілі грошы МВУ “Кобрынміжрайгаз”, калі праводзілі да ўласнага жылля газ, рэкамендавана звярнуцца ў суд, бо вырашэнне такіх пытанняў непасрэдна ў яго кампетэнцыі.
Па асобных зваротах, як, скажам, калектыўным з Олтуша, па праблеме ўстройства ліўневай каналізацыі, райвыканкаму даручана стварыць спецыяльную камісію і ва ўсім разабрацца, каб дапамагчы вырашыць набалелае пытанне.
Усе заяўляльнікі, хто не атрымаў адказ адразу, змогуць атрымаць яго праз месяц з кампетэнтных органаў.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: у час прыёму грамадзян па асабістых пытаннях, які быў наладжаны ў райвыканкаме памочнікам Прэзідэнта Уладзімірам ПУЗЫРЭЎСКІМ.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 21.07.2012 г.

Добавить комментарий


ここで読みます

чиста вода

https://best-cooler.reviews
error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!