Пад старшынствам Казіміра Лапіча прайшло пасяджэнне райвыканкама

Паўшляху пройдзена. Як далей?
Вынікі выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна ў І паўгоддзі сталі ключавым пытаннем, якое разгледзелі на пасяджэнні. Выкананне асноўных прагнозаў забяспечана. Асабліва пастараліся сельгасвытворцы, якія дасягнулі 109% тэмпаў росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі пры заданні 103,5% . Ніжэй гадавых прагнозаў і заданняў склаліся паказчыкі па інвестыцыях у асноўны капітал па ўсіх прадпрыемствах раёна, экспарту тавараў, прамых замежных інвестыцыях, рэнтабельнасці продажу па прамысловых прадпрыемствах, сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі. За кошт усіх крыніц фінансавання ўведзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай плошчай больш за 8 тысяч кв. метраў, альбо 92% да гадавога задання. Суб’ектамі малога прадпрымальніцтва створана 90 новых рабочых месцаў, 9 новых малых арганізацый. Узровень беспрацоўя склаў 0,7% — ніжэй прагнознага ўзроўню. Аднак, як адзначыў у ходзе пасяджэння кіраўнік раёна, не ўсе забяспечвалі тэмпы росту. Працаваць так не ў стылі часу. Асоба ён адзначыў некаторыя гаспадаркі, якія спрацавалі ніжэй па прагнозах па вытворчасці і рэалізацыі малака, мяса.
— Таптанне на месцы цяпер проста недапушчальна, — гаварыў Казімір Лапіч. – Дзяржава ўкладвае ў развіццё вялікія сродкі, і не апраўдваць яе дапамогу нельга. На сяле ёсць вялікі рэзерв, і канчатковы вынік залежыць толькі ад нас саміх.
Былі заслуханы кіраўнікі, у чыіх калектывах дапушчана адставанне. Ад іх запатрабавана па выніках работы за 9 месяцаў забяспечыць безумоўнае выкананне даведзеных прагнозных паказчыкаў, бо менавіта вынік 9 месяцаў — гэта і ёсць арыенцір на гадавы вынік.

Пра п’янства, алкагалізм і карупцыю
На пасяджэнні разгледжаны ход выканання праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанні і пераадоленні п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гг. і меры па прафілактыцы крадзяжоў маёмасці ўсіх форм уласнасці. З інфармацыяй па гэтым пытанні пазнаёмілі галоўны ўрач райбальніцы Пётр Селівонік і начальнік РАУС Аляксандр Мельнік. Пракурор раёна Раман Гузюк далажыў пра стан барацьбы з карупцыяй. У абмяркоўванні пытання прымала ўдзел начальнік аддзела абласной пракуратуры Маргарыта Макарук, якая адзначыла, у прыватнасці, што па выніках І паўгоддзя наш раён у вобласці характарызуецца як найменш крымінагенны. Значыць, усе структуры, задзейнічаныя ў выкананні гэтай Праграмы, працуюць і дабіваюцца эфектыўнасці ў рабоце. Сёлета, як далажыў Пётр Селівонік, не было ў раёне фактаў смерцяў ад атручвання этылавым алкаголем. Знізілася колькасць алкагольных псіхозаў.
З 52 да 42 знізілася агульная колькасць крадзяжоў, хаця вырасла колькасць крадзяжоў маёмасці дзяржаўнай формы ўласнасці, асабліва на прадпрыемствах АПК. Паказаныя на пасяджэнні слайды па выніках праверак захавання дзяржаўнай маёмасці сведчылі, што некаторыя кіраўнікі халатна адносяцца да захавання гэтай уласнасці. Работа суб’ектаў прафілактыкі раёна па выкананню гэтай Дзяржаўнай праграмы прызнана здавальняючай з улікам ліквідацыі тых недахопаў, якія называлі ў ходзе абмеркавання пытання.

Рэзерв – у пашырэнні паслуг
Пра фінансава-эканамічную дзейнасць Маларыцкага РКБА расказала ў сваім выступленні яго дырэктар Раіса Тарабчук, якая адзначыла, што тэмп росту аказваемых бытавых паслуг насельніцтву пры заданні 108% выкананы амаль на 111%. Перавыкананы аб’ём рэалізацыі бытавых паслуг на аднаго сельскага жыхара, выручка ад рэалізацыі работ і паслуг атрымана ў 2 разы большая, чым у адпаведным перыядзе мінулага года. Аказваемыя паслугі запатрабаваныя. Аднак на прадпрыемстве адзначаецца нізкі ўзровень сярэднямесячнай зарплаты. Па выніках 5 месяцаў сярэдняя зарплата бытавікоў склала ледзь больш за 900 тыс. рублёў. Па прычыне адсутнасці спецыялістаў часова прыпынена работа двух КПП у вёсках Хаціслаў і Ляхаўцы. Асноўнымі відамі дзейнасці КБА з’яўляюцца паслугі пральні і дрэваапрацоўкі, якія ў асноўным аб’ёме выручкі складаюць 60%. Згодна з Дзяржаўнай праграмай устойлівага развіцця вёскі на 2011-2015 гг. прадпрыемству запланавана выдзеліць 78 мільёнаў рублёў для тэхнічнага пераўзбраення. Пакуль сродкі яшчэ не выкарыстаны. Хоць, як адзначалася, камбінат значна палепшыў сваю дзейнасць, але на стабільную работу яшчэ не выйшаў. І рэзервы ёсць. Скажам, у пашырэнні паслуг, у прыватнасці такіх, як рамонт пральных машын-аўтаматаў. У гэтай нішы камбінат мог бы заняць сваё месца. Таму кіраўніку даручана вывучыць гэтую праблему, накіраваць на падрыхтоўку спецыялістаў, якія маглі б аказваць такія паслугі.

Гісторыка-культурную спадчыну – пад кантроль
На пасяджэнні разгледжана пытанне “Аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прычын і ўмоў, якія ім садзейнічаюць. У час непасрэднага абследавання аб’ектаў, як адзначалася на пасяджэнні, не выяўлена фактаў разбурэння іх, незаконнай рэканструкцыі і інш. Аднак работа ў гэтым напрамку патрабуе большай актывізацыі. Яшчэ не зацверджана рэгіянальная праграма па ахове гісторыка-культурнай спадчыны на 2011-2015 гады. Не завершана работа па падпісанню ахоўных дошак у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Не распрацавана праектная дакументацыя зон аховы з рэжымамі ўтрымання і выкарыстання ні на адзін аб’ект. У прынятым рашэнні прапісаны пункты па ўхіленню недапрацовак.

Работа кожнага дня
З інфармацыяй аб рабоце грамадзян і юрыдычных асоб, заяўнаму прынцыпу “адно акно” ў І паўгоддзі 2012 г. выступіла на пасяджэнні загадчыца сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Людміла Габрыльчук. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, як адзначыла Людміла Уладзіміраўна, колькасць зваротаў зменшылася на 19,3% і склала 121. Колькасць прынятых у райвыканкаме грамадзян зменшылася на 25%, затое на 47% павялічылася колькасць грамадзян, прынятых на выязных прыёмах. Як звычайна, найбольш людзей хвалявалі пытанні камунальнага, жыллёвага характару, а таксама сельскай гаспадаркі, найбольш праблемнымі застаюцца пытанні добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, крэдытавання жылля, будаўніцтва водаправодных сетак, транспартных зносін. Аднак не ўсе звароты, якія паступілі ў райвыканкам, разглядаюцца якасна і своечасова, не на ўсе пастаўленыя пытанні даюцца адказы, не заўжды да адказаў прыкладаюцца ўсе матэрыялы па разгляду зваротаў.
У час вывучэння захавання заканадаўства па зваротах грамадзян па заяўнаму прынцыпу “адно акно” ў ПМК-20, Маларыцкай ЖКГ было ўстаноўлена, што недахопы, выяўленыя раней, ліквідаваны не былі.
Работа са зваротамі грамадзян – гэта работа кожнага дня, яна не церпіць фармалізму, бо за кожным зваротам стаіць чалавек. На пасяджэнні звернута ўвага кіраўнікоў на яе пастаяннае ўдасканаленне.
Ніна СВІЦЮК.

Добавить комментарий


error: Незаконное копирование материалов сайта запрещено!