Птушыны стан Надзеі Назараўны

1. Пан касы і сахі
Беларус-селянін заўсёды сам сябе карміў, бо быў панам сахі і касы. Любоў да зямлі, якая і напоіць, і накорміць, да працы перадавалася з пакалення ў пакаленне. Лічылася ганьбай, калі селянін не апрацоўваў агарод, не трымаў уласную гаспадарку. Таму кожны стараўся мець зямельны ўчастак, шматлікую жыўнасць на падворку. Прычым, у кожнай мясцовасці была звычка заводзіць сваю жыўнасць. Скажам, у нашай вёсцы, што на Бярозаўшчыне, кожны з гаспадароў, як правіла, трымаў на ўласным жывёльным і птушыным стане адну, а то і дзве ці тры каровы, адну, дзве, а то і тры свінні, па тры дзясяткі гусей, індыкоў, столькі ж курэй.
Задзейнічаны ў працэсе гадоўлі жыўнасці былі і дзеці. Дапамагалі садзіць і палоць агарод, па чарзе пасвілі кароў, дбалі пра корм для свіней, калі ў склепе заканчвалася бульба, пільнавалі гусей, індыкоў, каб іх раптам не забраў каршун, паілі, заганялі ў хлеў. Малочных прадуктаў, яек і мяса хапала амаль на цэлы год, прычым не толькі самім. Лішкі іх былі іншы раз дадатковым рэсурсам у пераадольванні матэрыяльных цяжкасцей.
Таму ўсе, хто выхоўваўся вясковай працай і застаўся жыць у вёсцы, і самі, як правіла, заводзілі ўласную гаспадарку, ведаючы, якая ад яе вялікая карысць. З сям’і працавітых і Надзея Назараўна Дзям’янка. Бацькі яе, якія жылі на Камянеччыне, як і ўсе ў іх вёсцы, з году ў год гадавалі розную жыўнасць, у тым ліку шмат гусей, індыкоў, качак, курэй. Таму і Надзея Назараўна, прыехаўшы ў Дарапеевічы, калі выйшла замуж і стала гаспадыняй, завяла сабе свой жывёльны і птушыны стан. З тых часоў ён не змяняецца і не змяншаецца, хаця Надзея Назараўна, як і яе муж, добры памочнік, ужо даўно на пенсіі.

2. Мець сваё — не ганьба
Трэба сказаць, што не ўсе правільна разумелі і падтрымлівалі такую звычку мясцовай інтэлігенткі (На­дзея Назараўна працавала настаўніцай у школе). Але яна была глыбока пераканана, што мець усё сваё – гэта не ганьба. Ганьба яго не мець, калі Бог не абдзяліў здароўем і спраўнымі рукамі.
Трусы, кароўка, свінні, парасяты, куры, гусі, індыкі – вось такая жыўнасць утрымліваецца цяпер у гаспадарцы Дзям’янкаў.
Дачка Ларыса, якая жыве на Навагрудчыне і якая цяпер разам са сваёй сям’ёй пры­ехала на адпачынак да бацькоў у Дарапеевічы, адзначыла, што яны, дзеці і ўнукі Анатоля Ігнатавіча і Надзеі Назараўны Дзям’янкаў, вельмі рады і задаволены, што і самі бацькі забяспечваюць сябе натуральнымі прадуктамі і ім дапамагаюць. Але ў той жа час вельмі шкадуюць іх, бо добра разумеюць і ведаюць, якой цяжкай і карпатлівай працай усё гэта дастаецца.
— Ніяк не можам пераканаць ні тату, ні маму, што ўжо сілы не тыя, ды і ўзрост, каб трымаць такую гаспадарку. Але іх любоў да працы непераможная.

3. Сцвярджаюць сацыёлагі
Як паказалі даследаванні, большасць жыхароў сучаснай вёскі лічыць неабходным мець уласны падворак. А вось больш паловы кіраўнікоў і спецыялістаў сельгаспрадпрыемстваў, наадварот, мяркуюць, што наяўнасць падсобнай гаспадаркі неабавязковая для жыхароў аграгарадкоў. На іх думку, жыхары аграгарадкоў усё неабходнае могуць купіць у магазінах, а вольны час траціць на адпачынак, выхаванне дзяцей і г.д.
— Будаўніцтва аграгарадкоў, змяненне сацыяльна-бытавых умоў, безумоўна, выклікае змены ў ладзе жыцця сяльчан. Аднак трэба памятаць, што на шляху да гэтых перамен існуе небяспека ператварэння селяніна ў простага наёмнага работніка, які страчвае пачуццё гаспадара на сваёй зямлі, — лічыць Таццяна Кузьменка, кандыдат сацыялагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік сектара сацыялогіі сяла Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. – Гэта можа прывесці да разсяляньвання сельскага насельніцтва, страты матывацыі працы і г.д.
Ірына КАСЦЕВІЧ.
НА ЗДЫМКУ: птушыны стан Надзеі Назараўны ДЗЯМ’ЯНКА.
Фота Алега КРЭМЯНЕЎСКАГА.

Опубликовано в «ГЧ» 25.07.2012 г.

Поделиться:
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Добавить комментарий


www.steroid-pharm.com

https://progressive.ua

http://www.eurobud.com.ua/